Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Без падрыхтаваных кадраў вёска ніколі не дасць належнага выніку”

- 13:24Актуально, Навіны

Беларусь цалкам гарантавала сваю харчовую бяспеку, стварыўшы магчымасці для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 красавіка, наведваючы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (БДАТУ), паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Прэзідэнту далажылі аб стане і перспектывах развіцця БДАТУ, азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Кіраўнік дзяржавы наведаў павільён УВА, дзе праводзіліся практычныя заняткі са студэнтамі аграмеханічнага факультэта, азнаёміўся з абсталяваннем лабараторыі “Механіка глебы”.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі УВА, адказаў на ўсе пытанні, якія іх цікавілі. Кіраўнік дзяржавы зайшоў у аўдыторыю ў час лекцыі на тэму выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў сельскай гаспадарцы і прыняў актыўны ўдзел у дыскусіі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўсім свеце ідзе барацьба за доступ да энергарэсурсаў і, у першую чаргу, да вуглевадароднай сыравіны. Менавіта таму атрыманне энергіі з нетрадыцыйных крыніц і максімальнае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў становяцца ўсё больш актуальнымі. “Да канца гэтай пяцігодкі мы павінны выйсці на 30 працэнтаў электраэнергіі, якая выпрацоўваецца з уласных крыніц. І атамная электрастанцыя — гэта мінус 5 млрд куб.м прыроднага газу”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожная дзяржава, якая імкнецца да ўстойлівага развіцця, самастойнасці і дабрабыту ўдзяляе аграпрамысловаму комплексу асаблівую ўвагу: “Сельская гаспадарка — гэта і прадукты харчавання, якія ўсім патрэбны кожны дзень, і сыравіна для перапрацоўчай прамысловасці, і сфера дзейнасці значнай часткі насельніцтва. Ад стану спраў у гэтым сектары эканомікі залежыць дабрабыт народа і стабільнасць дзяржавы”.
Як адзначыў прэзідэнт, з усіх відаў бяспекі краіны харчовая мае асаблівае значэнне, а галодныя бунты — гэта вялікая небяспека для любой дзяржавы і трагедыя для грамадства. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра нялёгкія 90-я гады, калі часам нават у Мінску запасаў мукі для выпечкі хлеба заставалася ўсяго на 2-3 дні, а харчовыя тавары ў магазінах размяркоўваліся па талонах. “Таму перад аграрыямі была пастаўлена задача — адрадзіць сельскагаспадарчую вытворчасць, значна перавысіць аб’ёмы і тэмпы часоў СССР і тым самым забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны. Спатрэбіліся вялікія намаганні і мабілізацыя ўсіх унутраных рэсурсаў, каб пераадолець гэтыя цяжкасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Менавіта тады мы пераканаліся ў абсурднасці рэкамендацый тых замежных і мясцовых “экспертаў”, якія сцвярджалі, што не трэба развіваць сваю сельскую гаспадарку, маўляў, “закапаем грошы ў зямлю”, а лепш закупляць замежную прадукцыю. Але харчовая залежнасць — гэта кабала і беспрасветны тупік. Таму мы зрабілі стаўку на развіццё і падтрымку айчыннага аграрнага сектара”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, цяпер Беларусь цалкам задавольвае сваю патрэбу ў прадуктах харчавання і амаль палову пастаўляе на экспарт. Па выніках 2012 года яго аб’ём склаў больш як $5 млрд, а да канца 2015 года павінна быць $7 млрд. “Можна ганарыцца тым, што ў разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Па вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы пераўзыходзім асноўныя развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб рэалізацыі ў 2005—2010 гадах маштабнай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі. Калі тады асноўны ўпор рабіўся на развіццё сацыяльнай сферы, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы, то сёння, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сканцэнтравацца на развіцці вытворчай сферы. Цэнтрам сельскага жыцця ў перспектыве павінны стаць сучасныя аграгарадкі, а сельская гаспадарка ў цэлым павінна быць больш эфектыўнай. “Нам ні ў якім разе нельга рэзаць буйныя гаспадаркі на кавалкі. Мы не супраць фермераў, але за буйнатаварнай гаспадаркай будучае”, — упэўнены прэзідэнт.
Усяго ў Беларусі створана амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе забяспечаны сацыяльныя стандарты для пражывання.
Акрамя таго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню неабходнай базы для паспяховага развіцця аграпрамысловага комплексу. “Вы ведаеце, што аснова канкурэнтаздольнасці аграрнай вытворчасці — гэта сучасныя высокаэфектыўныя тэхналогіі як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі. Таму мы надаём першараднае значэнне пастаяннай тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Толькі за два апошнія гады на абнаўленне машынна-трактарнага парка выдаткавана Br7,5 трлн. Праводзіцца рэканструкцыя і будаўніцтва новых малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексаў, птушкафабрык”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі не менш важная і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Тут кіраўнік дзяржавы патрабуе ў першую чаргу рабіць упор на практычную падрыхтоўку студэнтаў у час навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Разам з тым прэзідэнт канстатаваў некаторае адставанне аграрнай адукацыі ад патрабаванняў сучаснай вытворчасці, што ў многім абумоўлена ўстарэлай навучальнай базай. У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для гэтага ёсць і аб’ектыўныя прычыны: “Хутка змяняюцца тэхналогіі і іх тэхнічнае забеспячэнне. Мы, ды і не толькі мы, ніколі не паспеем пад іх аснасціць навучальны працэс. Вось чаму пастаўлена пытанне аб пераглядзе праграм навучання такім чынам, каб будучы малады спецыяліст на апошніх курсах атрымаў максімум вытворчых навыкаў і ведаў, праходзячы навучанне большую частку часу не ў аўдыторыях, а непасрэдна на вытворчасці, у канкрэтных гаспадарках”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава вельмі зацікаўлена ў якаснай сістэме падрыхтоўкі сельскагаспадарчых кадраў, яе пастаянным развіцці і ўдасканаленні. “Толькі аснасціць вёску новай тэхнікай яшчэ недастаткова. Без падрыхтаваных кадраў яна ніколі не дасць належнага выніку, і ўсё гэта ператворыцца ў закопванне грошай”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што студэнтам, будучым інжынерам, трэба будзе наладзіць эксплуатацыю тэхнікі такім чынам, каб дарагія машыны і абсталяванне акупляліся за максімальна кароткія тэрміны. “Сумесна з вамі павінны працаваць высокакваліфікаваныя аграномы, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, эканамісты і іншыя спецыялісты, каб забяспечыць асваенне самых эфектыўных тэхналогій вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Тады ўся наша сельская гаспадарка выйдзе на ўзровень самаакупнасці і самафінансавання”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Студэнты задалі кіраўніку дзяржавы шэраг пытанняў, звязаных з іх непасрэднай спецыялізацыяй — сельскай гаспадаркай, а таксама шэраг асабістых пытанняў, пацікавіўшыся, як ён праводзіць вольны час, рэцэптам захавання добрай фізічнай формы.

На заканчэнне прэзідэнт параіў студэнтам у поўнай ступені выкарыстаць такую магчымасць для набыцця ведаў. “Ад вашай працавітасці і прафесіяналізму будзе залежаць дабрабыт, рух па службовай лесвіцы, маральнае задавальненне ад выбранай справы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Падрабязней чытайце ў “Настаўніцкай газеце”.

(Па матэрыялах БелТА.)