Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Менавіта з моладдзю мы звязваем надзеі на дынамічны ўздым усіх сфер жыцця грамадства”

- 10:22Актуально, Апошнія запісы

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.

“Я хачу звярнуцца з добрымі словамі да ўсіх выпускнікоў. Дзейнічайце, стварайце, працуйце — і абавязкова зможаце дабіцца поспеху. Не забывайце, што дасягнуць вяршыні прафесійнага майстэрства можна, толькі пастаянна папаўняючы свой багаж ведаў і вопыту. Дастойна апраўдвайце давер вашых настаўнікаў і бацькоў. Усё, што ў вас сёння ёсць, — гэта, вядома ж, ваша заслуга, але больш — вашых бацькоў, настаўнікаў. Вы для сваіх бацькоў, настаўнікаў — самае дарагое ў жыцці, увасабленне задум, планаў на будучыню. Менавіта з вамі, адукаванымі і энергічнымі, мы звязваем надзеі на дынамічнае развіццё ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтае цудоўнае свята — урачысты акорд на заканчэнне студэнцкага перыяду. “Пахвальна, што вы прайшлі яго паспяхова. Атрымалі добрыя веды і навыкі. Набылі прафесію і вопыт грамадскай работы. Словам, стартавая пляцоўка для руху наперад у вас ёсць, і яна надзейная, — канстатаваў ён. — Цяпер вы ўжо дыпламаваныя спецыялісты. Перад вамі адкрыты новыя гарызонты. Першае рабочае месца, сацыяльны статус вам гарантаваны дзяржавай. Але далёка не ўсюды такое стаўленне да маладых спецыялістаў”.

Разам з тым прэзідэнт заўважыў, што сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца важнай падзеяй не толькі ў асабістым лёсе выпускнікоў, але і ўсёй Беларусі. Невыпадкова яна праходзіць у Палацы Незалежнасці — храме беларускай дзяржаўнасці. “Гэта знак павагі да моладзі, да новага пакалення спецыялістаў”, — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да выпускнікоў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Не бойцеся складаных задач, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты і ўвасабляйце іх у жыццё. Пастаноўка правільнай мэты — гэта палова поспеху. І помніце — вы патрэбны Беларусі, таму што тут ваш дом. Мы чакаем ад вас актыўнага прыкладання сіл і старанняў. Заўсёды дапаможам і падтрымаем. Але калі хтосьці рызыкне паехаць за мяжу, за граніцу, мы не перашкаджаем гэтаму. Аднак вы павінны ведаць: лепш, чым дома, вам не будзе. Так, вам могуць даць больш грошай, аб якіх чамусьці ўсе апошнім часам толькі і гавораць. Але помніце: вам не дадуць самага галоўнага — у вас не будзе пад нагамі свайго кавалка зямлі. Гэта дарагога каштуе. І, ступіўшы ў сапраўднае жыццё, вы хутка гэта адчуеце”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо заўтра сённяшнія выпускнікі прыйдуць на прадпрыемствы прамысловасці і сельскай гаспадаркі, у школы і медыцынскія цэнтры, у канструктарскія бюро і навуковыя лабараторыі, праявяць свае таленты ў мастацтве, культуры. Магчыма, нехта адкрые сваю справу, стане паспяховым прадпрымальнікам. “Створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны змог рэалізаваць свае здольнасці. Не сумнявайцеся — так і будзе. Але помніце: у асноўным усё будзе залежаць толькі ад вас”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму асабліва прыемна сустракацца з выпускнікамі беларускіх УВА напярэдадні Дня моладзі. “Вы ўвасабляеце лепшыя якасці маладога пакалення краіны. Калі бачыш вашы ажыўленыя твары, іскрыстыя вочы, сэрца напаўняецца верай у дастойную будучыню суверэннай Беларусі. Упэўнены, вы заўсёды зможаце адстаяць нашу незалежнасць, умацаваць эканоміку і аўтарытэт дзяржавы на міжнароднай арэне, захаваць мір і згоду на роднай зямлі”, — сказаў ён.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і аб’явіў падзякі прэзідэнта выкладчыкам і выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі. Пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі гасцей свята чакала насычаная канцэртная і забаўляльная праграма.

Усяго на мерапрыемства было запрошана больш за 270 гасцей, у іх ліку службовыя асобы, кіраўнікі беларускіх дзяржаўных і прыватных УВА, выкладчыкі і выпускнікі з усіх абласцей рэспублікі.

Па матэрыялах БелТА.