Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы зробім усё для таго, каб кожны чалавек захаваў сваё жыццё”

- 11:14Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае людзей у бальніцах не апускаць рукі нават пры станоўчым тэсце на каранавірус. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенку, Старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлю Качанаву, дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова і міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

“Упершыню я хачу звярнуцца (шмат гаварылі пра ўрачоў, дзякуй ім, хто там начуе і днюе ў бальніцах, лечыць нашых людзей у гэты няпросты перыяд) да людзей, якія знаходзяцца ў стацыянарах і не проста хварэюць з органамі дыхання. Не, да ўсіх звярнуцца. Таму што апошнім часам мне паступае інфармацыя, што вось гэты псіхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусцілі рукі. І ў бальніцах перасталі змагацца за сваё жыццё. Міністр ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыццё”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Людзі баяцца. Таму я ім хачу сказаць наступнае: у нас у краіне не памёр ні адзін чалавек ад каранавіруса. Ні адзін! Яны памерлі ад букета хранічных захворванняў, якія ў іх былі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Спецыялісты СААЗ, яны гэта бачылі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасць, дыхальная лёгачная недастатковасць. У камплекце. І цукровы дыябет. А потым яшчэ там такія дыягназы, што я прачытаць нават не магу. І дабаўляецца каранавірус”.

“Каранавірус — гэта нават не штуршок. Гэта тая атмасфера, у якой развіваюцца іх хранічныя захворванні. Вось у чым прычына. Таму я гавару, што ў нас толькі ад каранавіруса ні адзін чалавек не памёр. Мы змагаемся за ­кожнага чалавека, як я абяцаў. Вось за гэта я ­ўдзячны і Міністэрству аховы здароўя, і ўрачам. Мы ўзварухнулі ўсю сістэму аховы здароўя. Калі б мы вось так за кожнага не змагаліся, смярцей было б больш”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе былі абмеркаваны пытанні амбулаторнага лячэння і адпаведных тэрмінаў у рамках процідзеяння распаўсюджванню каранавіруса.

“Апошнім часам мы гаворым: самаізаляцыя, самаізаляцыя… Шчыра скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі. Гэта фактычна амбулаторнае лячэнне. Мы ж на гэтую самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэннем урача. Гэта было маё жалезнае патрабаванне — выпрацуйце дакументы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі раней шпіталізавалі ўсіх сотнямі, уключаючы асоб, прызнаных кантактамі першага і другога ўзроўняў, то цяпер зразумелі, што ў гэтым не заўсёды ёсць неабходнасць. Асабліва размова аб працяглых тэрмінах шпіталізацыі. “Мы бачым, што чалавек нармальны, ён у нас пабыў 3—5 дзён. Урач бачыць (ужо з вопыту), што яго там трымаць не трэба, але трэба паберагчы. Мы яму, груба кажучы, па-народнаму, у зубы дакумент, ён распісваецца, а ўрач яму прапісвае 3, 5, 7 дзён на гэтую самаізаляцыю (гэта значыць, фактычна амбулаторнае лячэнне). Ён у нас на кант­ролі. Калі трэба, мы яго лечым, урач прыходзіць. Міліцыя кантралюе, каб ён гэтыя 3 або 5 прапісаных у дакуменце дзён сядзеў дома”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён заклікаў урачоў, каб яны не накіроўвалі на доўгае амбулаторнае лячэнне ў дамашніх умовах толькі зыходзячы з нейкай перастрахоўкі.

У Беларусі не забаранялі і не будуць нікому забараняць наведваць храмы ў велікодныя святы, адзначыў на нарадзе кіраўнік дзяржавы. Аднак прэзідэнт лічыць, што меры засцярогі з улікам эпідсітуацыі прыняць трэба.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прайшоў ужо каталіцкі Вялікдзень, і хоць не шмат, але лю­дзі прыходзілі ў храмы, збіраліся каля іх. “Гэта справа кожнага чалавека. Але мы не забаранялі ніводнаму чалавеку. Калі вы хочаце схадзіць, калі ласка, ідзіце. Але людзі паберагліся. Гэта іх права”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На гэтым тыдні Вялікдзень бу­дуць адзначаць праваслаўныя вернікі, якіх у Беларусі большасць. “Яшчэ раз падкрэсліваю: мы дарогу да храма нікому не закрываем. Гэта маё строгае патрабаванне. Мы нікому нічога не забараняем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфесій, у тым ліку і Праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у храм. Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Нараджэнне Хрыстова і на Вялікдзень я заўсёды ў царкве. Звычайна ў раёны выязджаю, бываю ў гэтых маленькіх цэркаўках”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуўся з заклікам да свяшчэннаслужыцеляў з улікам сітуацыі, якая складваецца, не трымаць людзей доўга ў храмах. “Свечку паставіў, выйшаў і пайшоў. Усе пропаведзі лепш каля храма”, — сказаў беларускі лідар.

Ён таксама заявіў аб неабходнасці прадугледзець спецыяльныя месцы для традыцыйнага асвячэння яек і кулічоў, каб сталы былі не ў памяшканнях, а на адкрытым паветры.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракнуў расійскія СМІ ў прадузятым асвятленні мер па барацьбе з каранавірусам, што прымаюцца ў Беларусі.

“Хацеў бы яшчэ раз закрануць пытанне СМІ. Нядрэнна пачалі праца­ваць нарэшце і беларускія СМІ, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мне шмат гавораць, што мы там прайграём Telegram-каналам і іншае. Так, напэўна, там бруду больш, чым нашых галасоў — афіцыйных улад. Хаця інфармацыі не скажаш, што не хапае. Але я так падумаў, ну што нам, піярыцца і пачынаць ствараць нейкія Telegram-каналы і там якую-небудзь паўжоўтую інфармацыю ўкідваць, каб там прысутні­чаць… Напэўна, гэта не наш шлях”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для тых, хто хоча пачуць прафесійны пункт гледжання, інфармацыі дастаткова: “Кожны дзень мы, нічога не ўтойваючы, выдаём у эфір. Выступаюць медыкі, спецыялісты, прафесіяналы. Дайшлі да таго, што ўжо ўрачы-пульманолагі выступаюць”.

Разам з гэтым прэзідэнт у негатыўным ключы выказаўся аб тым, як асвятляюць падзеі ў Беларусі ў расійскіх медыя, прытым не толькі ў ананімных Telegram-каналах, але і ў агульнарасійскіх СМІ. “Даюць такую гадкую інфармацыю. А, бацька там лечыць сваіх трактарам, гарэлкай, лазняй… Ведаеце, некалі я пажартаваў. Але ў кожным жарце ёсць доля жарту”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“Расіянам хацеў бы сказаць — гэтым, якія “плявузгаюць”: не чапайце нас! Мы ж у іх нічога не просім. Мы ратуемся, абараняемся самі. Прыяз­джайце да нас, паглядзіце самі” — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ёсць у свеце СМІ і палітыкі, якія хайпуюць на гэтай тэме, і папярэдзіў, што ў Беларусі так не робяць. “Мы гэтага не рабілі. І я вас заўсёды папярэджваў, што не трэба гэтага рабіць. Таму што потым сорамна будзе сваім людзям гля­дзець у вочы. Палітыка, якая зыходзіць ад зямлі, ад людзей, і мы гэтай палітыкі павінны прытрымлівацца, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы выпрацавалі сваю тактыку барацьбы з гэтымі інфекцыйнымі захворваннямі. Мы, не разваліўшы сістэму, маем інфекцыйныя бальніцы ад раёнаў да Мінска, навукова-практычныя цэнтры. Яны аснашчаны. Гэта нас сёння выратоўвае”.

“Давайце будзем спакойна жыць, займацца сваёй справай, гадаваць дзяцей і думаць пра будучыню. А мы зробім усё для таго, каб кожны чалавек захаваў сваё жыццё. Асабліва цяпер, каб даказаць, што мы можам змагацца за чалавека і перамагаць гэтую заразу. Як я сказаў, прыгожа перамагаць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.