Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрамі замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ і Фінляндыі Пека Хаавіста.
Кіраўнік дзяржавы ў якасці станоўчага моманту адзначыў тое, што візіт праходзіць менавіта цяпер — пасля заканчэння ў Беларусі парламенцкіх выбараў.
“Беларусь вельмі зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых, добрасуседскіх адносін не толькі з Еўрапейскім саюзам, але і з вашымі дзяржавамі — Швецыяй і Фінляндыяй. Я аб гэтым шмат разоў гаварыў на працягу многіх гадоў. Для нас вы з’яўляецеся ў некаторым сэнсе ўзорам гаспадарання. Мы вельмі падобныя на вашы краіны. У нас падобная эканоміка і, самае галоўнае, працавітыя, моцныя людзі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас многае атрымліваецца. У вас больш, у нас, можа, пакуль крыху менш. Але я спадзяюся, што вы нам падкажаце, у якім напрамку рухацца, перш за ўсё ў эканоміцы”.
Прэзідэнт заявіў, што Беларусі цікавы перадавы вопыт Еўрасаюза ў многіх сферах, але спачатку трэба завяршыць працэс фарміравання дагаворна-прававой базы і падпісаць падрыхтаваныя дагаворы. “Пажадана не ставіць ніякіх папярэдніх умоў. Трэба рухацца ў гэтым напрамку. Вядома, перагаворы, дагаворы — гэта доўгі шлях, кампрамісы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы ўжо выпрацавалі адпаведныя дагаворы, прыйшлі да разумення таго, што нам трэба іх падпісваць і рухацца ў гэтым напрамку, то марудзіць з гэтым не трэба”.
“Вы бачыце, што вакол нас робіцца. І малыя, і сярэднія дзяржавы павінны неяк бліжэй быць адна да адной. Аб’ядноўвацца, калі гэта магчыма, каб устаяць у гэтым цяжкім бурным свеце”, — упэўнены прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў агульных інтарэсах, каб рэгіён стаў аазісам міру, спакою і росквіту. “Гэта галоўнае. Будзе гэта — будзем багатыя, будуць жыць нармальна нашы народы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Менавіта да гэтага мы імкнёмся, фармулюючы свае мірныя ініцыятывы і пашыраючы ідэі, накіраваныя на зніжэнне напружанасці і ўмацаванне добрасуседства. Відавочна, што такія падыходы блізкія і вам. Нездарма так званая разрадка ў сямідзясятыя гады атрымала назву “Хельсінкі”.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вельмі шмат агульнага з дзяржавамі Паўночнай Еўропы, краіны звязвае працяглая гісторыя гандлёвых адносін і кантактаў у розных сферах. “Нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора, наша краіна, тым не менш, з’яўляецца неад’емнай часткай Балтыйскага рэгіёна. У скарбонку дабрабыту краін Балтыі Беларусь уносіць свой істотны ўклад, пастаўляючы свае грузы, абслугоўваючы транзітныя патокі ў паўночным і паўднёвым напрамках”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Пры гэтым вельмі важны экалагічны складнік. Я думаю, у вас да нас прэтэнзій быць не можа ў гэтым плане”, — дадаў беларускі лідар.
Ён запрасіў шведскія і фінскія кампаніі да рэалізацыі ў Беларусі праектаў у галіне транспарту і лагістыкі, адзначыў наяўнасць агульных інтарэсаў у сферах аднаўляльнай энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя і энергаэфектыўнасці. “Экалагічная сітуацыя ў Балтыйскім рэгіёне шмат у чым залежыць ад Беларусі, таму запрашаю вас падтрымаць праекты па перапрацоўцы адходаў, развіцці альтэрнатыўных крыніц энергіі. Мы гэтым вельмі сур’ёзна займаемся”, — заявіў прэзідэнт.
Сур’ёзныя перспектывы ён таксама бачыць у супрацоўніцтве ў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці: “Прымяненне вашых тэхналогій і прыцягненне інвестыцый у беларускія вытворчасці будзе выгадна для ўсіх удзельнікаў. Дзякуючы зручным транспартным зносінам, ёсць магчымасць пастаўляць вырабленую ў Беларусі прадукцыю на рынкі Еўропы і Азіі”.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, па яго даручэнні, ужо на працягу шэрага гадоў вывучаецца вопыт Швецыі і Фінляндыі ў частцы вядзення лясной гаспадаркі, арганізацыі дрэваперапрацоўкі.
Што тычыцца двухбаковага фармату, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Фінляндыя, як і Беларусь, не мае значных прыродных рэсурсаў, але самастойна, упартасцю і працавітасцю, дабілася прыкметнага прагрэсу. “Фіны па менталітэце вельмі падобныя да беларусаў, менавіта таму вы добра разумееце працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў падтрымцы Фінляндыяй суверэнітэту і незалежнасці Беларусі ў рамках ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
З улікам маючага адбыцца запуску Беларускай АЭС у 2020 годзе Беларусі цікавы вопыт фінляндскага боку па захаванні бяспекі атамнай электрастанцыі “Ханхіківі-1”. “Тым больш што ваша станцыя ўзводзіцца па аналагічным праекце і тым жа расійскім падрадчыкам”, — заўважыў прэзідэнт.
Звяртаючыся да Ан Ліндэ, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ёй за ініцыятыву правядзення такога сумеснага візіту, асабліва ўлічваючы, што гэта першы візіт кіраўніка шведскага знешнепалітычнага ведамства ў Беларусь. “У нашай найноўшай гісторыі былі няпростыя эпізоды, але мы змаглі іх пераадолець і адкрылі новую старонку ў адносінах. Думаю, што ў гэтым напрамку мы будзем развіваць нашы адносіны. Вітаем актыўнасць кампаній са Швецыі на беларускім напрамку”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што канцэрн IKEA прыняў стратэгію “Наперад у Беларусь” па нарошчванні закупак прадукцыі да 300 млн еўра, супрацоўніцтва Scania і БелАЗа па пастаўках рухавікоў дапамагае беларускай тэхніцы выходзіць на рынак Еўрасаюза, газавыя турбіны са Швецыі забяспечаць стабільнасць беларускай энергасістэмы пасля ўводу АЭС, а брэнд адзення H&M пачаў ствараць у Беларусі гандлёвую сетку.
“Наша партнёрства садзейнічае мадэрнізацыі эканомікі, замацаванню на новых рынках. Бізнес працуе ў правільным напрамку. Давайце падтрымліваць гэты рух”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама прапанаваў разам падумаць, што можна зрабіць, каб візіт у такім фармаце надаў імпульс развіццю адносін Беларусі з усёй Паўночнай Еўропай. “Будзем рады бачыць у Мінску вас з калегамі з Нарвегіі, Даніі, Ісландыі. Гатовы абмеркаваць усе пытанні, якія цікавяць. Я вас запрашаю да адкрытай, шчырай размовы. Калі хочаце, то без усялякіх дыпламатычных канонаў”, — сказаў прэзідэнт.