Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Не збаўляць скорасць і не адхіляцца ад выбранага намі шляху”

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Беларускаму народу пад сілу пераадолець усе цяжкасці. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі напярэдадні старога Новага года.

“Галоўнае — не збаўляць скорасць і не адхіляцца ад выбранага намі шляху, — сказаў прэзідэнт. — Нас шмат, але Беларусь у нас адна. І гэтая простая ісціна ляжыць у аснове дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці краіны”.

“Сёння мы параўноўваем свет вакол нас з акіянам, які бясконца апошнім часам штарміць. Беларусь у ім хоць і не самы вялікі, можа, і невялікі, але даволі моцны карабель, які мы павінны заха­ваць”, — адзначыў ён.

Яшчэ літаральна ўчора беларусы падводзілі вынікі адыходзячага года, а сёння ўжо 2020 год пачынае разбег, акунаючы ў водаварот падзей, спраў, фактаў і меркаванняў. “Ён будзе па-свойму асаблівым і стане такім, абсалютна такім, якім мы яго з вамі зробім. Трэба толькі, як і раней, шанаваць і берагчы тое, што маем, захоўваць і развіваць лепшае, распрацоўваць і ствараць самае перадавое. У адваротным выпадку адстанем. А з’яднанасць, наша любоў да Радзімы шматразова прымножаць нашы сілы для новых дасягненняў”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прыём напярэдадні старога Новага года стаў добрай традыцыяй, у яе ёсць свая гісторыя. “Мы заўсёды ўспамінаем, што першапачаткова гэта была сустрэча з журналістамі. Але з часам кола гасцей нашага святочнага вечара станавілася большым. Нязменным заставалася адно: запрашэнне на навагодні прыём — гэта своеасаблівы падарунак для тых, хто ў мінулым годзе быў на вышыні прафесійнага поспеху, хто шчыра адданы краіне і нашаму народу”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

11 студзеня сабраліся настаўнікі і ўрачы, дзеячы культуры і мастацтва, вучоныя і дзяржаўныя служачыя, прадстаўнікі сілавога блока і грамадскіх арганізацый, журналісты, спартсмены. “Прыемна бачыць знаёмыя твары. Хачу прывітаць і тых, хто ўпершыню запрошаны на гэта свята. Рады ў цёплай і нефармальнай атмасферы яшчэ раз павіншаваць усіх з Новым годам, з Калядамі, падзякаваць за асабістыя дасягненні, якія ўжо сталі нашай агульнай гісто­рыяй”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У час прыёму прайшла цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву, кіраўніку Брэсцкага аблвыканкама Анатолю Лісу і мэру Мінска Анатолю Сіваку. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджана артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” уручаны артыстцы Купалаўскага тэатра Юліі Шпілеўскай.

Дзяржузнагароды прысуджаны за шматгадовую плённую працу ў дзяржаўных органах, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё і папуля­рызацыю беларускага тэатральнага мастацтва.

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі ўдастоены Падзякі прэзідэн­та за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі.

Звяртаючыся да запрошаных на прыём, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што іх аўтарытэт і высокія вынікі з’яўляюцца яркім прыкладам для ўсяго грамадства. “Менавіта вам, аднадумцам з цвёрдай дзяржаўнай пазі­цыяй і разуменнем глабальных працэсаў развіцця сучаснага свету, давядзецца стаць сапраўднымі лідарамі меркаванняў”, — перакананы прэзідэнт.

“Кожны з вас павінен адстойваць нацыянальныя інтарэсы, у тым ліку ў інфармацыйнай прасторы. Гэта задача дзяржаўнага маштабу. І вам яе вырашаць, проціпастаўляючы свае глыбокія веды, мудрасць, аналітычны розум прымітыўным меркаванням і часам адкрытым спекуляцыям”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы шчыра пажадаў тым, хто сабраўся, заўсёды быць акружанымі цеплынёй і любоўю, каб выдатны настрой і душэўны ўздым суправаджалі ва ўсіх справах і пачынаннях. Прэзідэнт таксама выказаў упэўненасць, што дасягненні калег, якія ўдастоены заслужаных узнагарод, натхняць усіх на новыя здзяйс­ненні ў імя міру і росквіту Беларусі.

“Упэўнены, што ўсе прысутныя ў гэтай зале заслугоўваюць высокіх дзяржаўных узнагарод. Прадстаўляйце іх да ўзнагароджання, я не пярэчу. Але гэта сімвал, гэта знак. Трэба, каб такіх узнагароджаных людзей тут было больш”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.