Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ні ў каго не павінна ўзнікаць сумненняў у тым, што ЕАЭС — гэта эфектыўны сумесны праект, нацэлены на павышэнне ўзроўню эканамічнага дабрабыту ўсіх дзяржаў-членаў”

- 10:48Інфармацыйная гадзіна

Для Еўразійскага эканамічнага саюза 2018 год стаў неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу.

“Сёння мы падводзім вынікі агульнай работы ў фармаце саюза за гэты год і вызначаем арыенціры ўзаемадзеяння на наступны. Што тычыцца перыяду, які завяршаецца, то ён з’яўляецца даволі неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод пазітыўных дасягненняў прэзідэнт адзначыў уступленне ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, надзяленне Малдовы статусам наглядальніка. Дзяржавы — члены саюза таксама падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.

“Беларусь разлічвае, што нормы, замацаваныя ў гэтых дакументах, будуць рэалізаваны ў поўнай меры. Кожны з іх прымаўся з задзелам на будучыню і з разлікам на значны эканамічны эфект”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што існуюць важныя пытанні, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі. Яны тычацца ўстаранення бар’ераў у гандлі, фарміравання агульных рынкаў газу і нафты, лічбавізацыі эканомік краін ЕАЭС, развіцця кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг.

Выступаючы на саміце, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што існуе некалькі важных пытанняў, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі ў ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка спыніўся на кожным з іх і прадставіў пазіцыю беларускага боку па іх вырашэнні.

“Я вымушаны пра гэта гаварыць, але буду гаварыць не з пункту гледжання стагнання і рыдання, а з пункту гледжання таго, пра што мы дамовіліся, але не зрабілі. І з пункту гледжання таго, што наш саюз (на шчасце, я быў ля вытокаў яго стварэння) утвараўся на пэўных свабодах перамяшчэння рабочай сілы, капіталаў, паслуг, тавараў. І самае галоўнае, аб чым мы дамаўляліся, ствараючы нашу адзіную эканоміку, што ўсе суб’екты гаспадарання і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюза”, — адзначыў беларускі лідар.

Устараненне бар’ераў і выключэнняў на рынку ЕАЭС

Прэзідэнт канстатаваў, што ў пачатку 2018 года Расія ў якасці старшыні ў органах ЕАЭС прадоўжыла работу па ўстараненні бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджаюць фарміраванню агульнага рынку ЕАЭС. “Гэта сапраўды адна з самых вострых праблем нашага саюза, якая яшчэ некалькі гадоў назад была абазначана беларускім бокам. Аднак гэтае пытанне вырашаецца недапушчальна марудна. Яшчэ больш, на змену бар’ерам, якія ўстараняюцца, уводзяцца новыя. І гэта стала практыкай”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта зусім недапушчальная сітуацыя, якая парушае дасягнутыя дамоўленасці. “Як паказала практыка, важна не толькі ўстараняць перашкоды, але і паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення. У сувязі з гэтым прапаную прадаставіць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзель­ніцай абмежаванняў або прадаўжэння ўжо дзеючых”, — сказаў ён.

На думку беларускага боку, гэта не закране нацыянальныя інтарэсы дзяржаў, пры гэтым дасць магчымасць выключыць пратэкцыянізм, які наносіць сур’ёзны ўрон інтэграцыйным працэсам. “Усе прысутныя за гэтым сталом на сусветны пратэкцыянізм у гандлі адрэагавалі, абазваўшы яго груба — эканамічныя войны. Дык навошта ў сябе ствараем іх? — спытаў прэзідэнт. — Трэба таксама павысіць адказнасць прадстаўнікоў выканаўчай улады нашых краін за прыняцце рашэнняў, якія ідуць уразрэз з прынцыпамі, замацаванымі ў нашым дагаворы аб саюзе”.

Фарміраванне агульных рынкаў

Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бакі дамовіліся да 2025 года стварыць агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў.

“Мы абавязаны выканаць усё ў намечаныя тэрміны і забяспечыць работу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма — Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся”.

Прэзідэнт выказаў салідарнасць з меркаваннем расійскага боку аб важнасці развіцця новых сфер супрацоўніцтва, у тым ліку атамнай энергетыкі і аднаўляльных энергакрыніц. Аднак, заўважыў ён, адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дазваляе ЕАЭС прагрэсіраваць больш хуткімі тэмпамі, лічыць беларускі лідар. Вырашэнне гэтага ключавога пытання дасць магчымасць краінам пачаць асваенне і іншых напрамкаў.

Лічбавізацыя эканомікі ў краінах ЕАЭС

Гэтая тэма прадметна абмяркоўвалася кіраўнікамі дзяржаў на сустрэчы ў вузкім фармаце. Перад краінамі стаяць амбіцыйныя задачы па пераходзе на сучасныя тэхналогіі і мадэлі вытворчасці. “Ад таго, наколькі зладжана мы зможам аб’ядноўваць патэнцыял нашых дзяржаў праз лічбавыя рашэнні, будзе зале­жаць эфектыўнасць інтэграцыі і ў цэлым будучыня саюза, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь гатова да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі праектных ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС”.

У першую чаргу размова ідзе пра лічбавы гандаль і кааперацыю, электронную лагістыку, фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, развіццё дакладных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

“Мы ў Беларусі займаемся лічбавізацыяй вельмі даўно. Зыходзячы з нашага вопыту, павінен сказаць: цяпер модна гаварыць пра лічбавізацыю, развіццё ІТ. Гэта вельмі важны напрамак, гэта значна актывізуе вытворчасць, скарачае сабекошт. Але гэта, напэўна, 20—25 працэнтаў сённяшняга дня. І, напэўна, доўга так будзе. А 70—75 працэнтаў — тая традыцыйная эканоміка, якая нас сёння корміць. Таму не трэба забываць і пра гэта”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Развіццё касмічных і геаінфармацыйных паслуг

На парадак дня саміту ЕАЭС таксама было ўнесена пытанне аб развіцці кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

“Рэалізацыя гэтай ініцыятывы з улікам яе высокага мультыплікатыўнага эфекту на развіццё сумежных галін і сектараў надасць магутны імпульс нашаму інавацыйнаму і прамысловаму супрацоўніцтву”, — перакананы прэзідэнт.

Гаворачы пра перспектывы далейшага развіцця ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што еўразійскае будаўніцтва павінна ахопліваць усё новыя сферы супрацоўніцтва.

“У сувязі з гэтым асабліва важна, каб праз год, а гэта будзе пяць гадоў з дня падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, мы змаглі ўбачыць канкрэтныя і адчувальныя вынікі нашай работы. Ні ў каго не павінна ўзнікаць сумненняў у тым, што ЕАЭС — гэта эфектыўны сумесны праект, нацэлены на павышэнне ўзроўню эканамічнага дабрабыту ўсіх дзяржаў-членаў”, — рэзюмаваў беларускі лідар.