Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Няхай прэміі і ўзнагароды стануць стымулам для новых дасягненняў на карысць Беларусі”

- 10:13Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя прэміі і ўзнагароды работнікам розных сфер. Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.

“Сёння знамянальны дзень для ўсіх вас і для краіны ў цэлым. Ва ўрачыстай абстаноўцы напярэдадні майскіх свят мы ўшаноўваем лепшых людзей Беларусі, чые працоўныя і творчыя дасягненні прыносяць славу і павагу нашай маладой і суверэннай дзяржаве”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пачуццё гонару, адзначыў прэзідэнт, выклікаюць прысутныя на ўзнагароджанні лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі, мастацтва, літаратуры і архітэктуры за 2016 год. У першым радзе навуковых дасягненняў ідуць прадстаўнікі беларускай медыцыны, якімі выкананы і ўкаранёны ў шырокую практыку найскладанейшыя аперацыі па трансплантацыі комплексаў органаў.

“Стварэнне новага напрамку і прымяненне высокіх тэхналогій даюць моцны імпульс дынамічнаму развіццю айчыннай аховы здароўя, упэўненаму вывядзенню яго на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, дасягнуць гэтай мэты нам пад сілу з такімі адоранымі людзьмі, як нашы лаўрэаты з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”. Гэта маякі, на якія павінны арыентавацца і іншыя ўстановы галіны”.

У навукова-прамысловай сферы Дзяржаўная прэмія прысуджана вучоным і спецыялістам Нацыянальнай акадэміі навук, адкрытых акцыянерных таварыстваў “Інтэграл” і “Планар” за стварэнне новага класа вырабаў мікраэлектронікі. Сферы іх прымянення розныя — ад касмічных апаратаў і сістэм узбраенняў да абсталявання прадпрыемстваў электроннай галіны. Навуковыя распрацоўкі ўкаранёны ў вытворчасць — серыйна асвоена 137 тыпаў вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння.

“Атрыманы нядрэнны эканамічны эфект — аб’ём экспартных паставак склаў амаль $350 млн. Важна і тое, што зроблены рэальны крок у стварэнні высокатэхналагічнай вытворчай базы, якая адпавядае V і VI укладам”, — дадаў прэзідэнт.

У галіне мастацтва прысуджаны дзве дзяржаўныя прэміі. Адна — творчаму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета за пастаноўку спектакля “Сівая легенда”. “Гэты маштабны музычна-сцэнічны праект, які адлюстроўвае гісторыю нашай дзяржавы, увайшоў у залаты фонд тэатра і стаў важнай вяхой у развіцці нацыянальнага мастацтва”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Другая прэмія прысуджана кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу за шэраг створаных музычных твораў.

“Аб працоўных дасягненнях і ўкладзе ва ўмацаванне нашай краіны наглядна сведчыць прысутнасць у гэтай зале вялікай групы людзей, удастоеных высокіх дзяржаўных узнагарод”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Ордэнам Пашаны адзначаны поспехі ў рабоце прадстаўнікоў Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова — электразваршчыка ручной зваркі Васіля Жыгімонта і кіраўніка праекта ўпраўлення перспектыўнага развіцця Ленгіна Стаброўскага.

Гэтай узнагароды таксама ўдастоены генеральны дырэктар ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 3” Рыгор Цімафееў. Кіраўнік ААТ “Гроднапрамбуд” Абдулвагаб Вагабаў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені. У актыве гэтых прадпрыемстваў важныя для краіны аб’екты: рэканструкцыя аўтадарог Мінск — Магілёў і Мінск — Гомель, узвядзенне другой кальцавой вакол Мінска, а таксама будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, авіярамонтнага завода, жылых дамоў і школ.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў поспехі беларускіх спартсменаў. Ордэны Пашаны былі ўручаны спартсменам-інструктарам нацыянальных каманд Беларусі Уладзіміру Самсонаву і Вікторыі Азаранка.

Сярод узнагароджаных таксама нямала людзей з багатым вопытам паспяховай арганізатарскай і творчай дзейнасці. “Такіх людзей мы асабліва цэнім, таму што за іх плячамі — прафесійнае майстэрства, шматгадовая работа з людзьмі, уменне вырашаць адказныя задачы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Як прызнанне іх заслуг — прысваенне ганаровых званняў. Тут прадстаўлены найважнейшыя сферы: прамысловасць, транспарт, сельская гаспадарка, навука, медыцына, мастацтва, спорт, сілавыя структуры”.

У іх ліку вядучы тэрапеўт 432-а галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Роберт Ермалкевіч — яму прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка — ён удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі, генеральны дырэктар асацыяцыі “Белсадгадавальнік” Анатоль Каранько, які стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі.

“Кожны з вас заслужыў пашану і павагу ў нашым грамадстве. Няхай прэміі і ўзнагароды стануць стымулам для новых дасягненняў на карысць Беларусі, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўсіх узнагароджаных. — Прыміце мае шчырыя віншаванні са знамянальнай падзеяй у вашым жыцці і словы глыбокай удзячнасці за вашу працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю”.

Акрамя ўручэння дзяржаўных прэмій і ўзнагарод, яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па Палацы Незалежнасці, а таксама наведванне выставы вядомага беларускага жывапісца Сямёна Дамарада, якая праводзіцца ў палацы.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА.