Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе”

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях работы эканомікі за мінулы перыяд 2019 года, ацэнкі вынікаў года і пяцігодкі, праектаў прагнозу, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год.

“Справа не толькі і не столькі ў паказчыках, якія мы цяпер будзем абмяркоўваць. Станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе — праз пастаяннае павышэнне свайго дабрабыту і ўзроўню якасці жыцця”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што без эканамічнага росту гэтага дабіцца немагчыма. “Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі невялікі, але і вельмі няў­стойлівы, мякка кажучы. Гэтую тэндэнцыю трэба мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і мяняйце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, што зроблена і што трэба зрабіць, каб эканоміка была трывалай, а фактары, якія могуць прыводзіць да эканамічных дыспрапорцый, былі канчаткова зняты.

“Мы не можам заняць пазіцыю пабочных наглядальнікаў і задавольвацца збалансаванасцю. Выдуманай, прапісанай на паперы. Людзі, аказваючы давер у час розных, у тым ліку палітычных, кампаній, не за гэта галасавалі і не гэтага ад нас патрабуюць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дакладчыкаў ён папрасіў сканцэнтравацца на тым, як будуць выконвацца ўсе абяцанні народу — ад рашэнняў мясцовых выканаўчых органаў базавага ўзроўню да мэт і задач пяцігадовай праграмы.

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы прэм’ер-міністр Сяргей Румас, з сямі зацверджаных на 2019 год прагнозных паказчыкаў выконваюцца чатыры. Пакуль не дасягнуты планы па экспарце, прадукцыйнасці працы і валавым унутраным прадукце. “У рэгіянальным разрэзе па росце ВУП толькі Мінская вобласць знаходзіцца ў прагнозе”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за экспарт тавараў і паслуг персанальная адказнасць ім была ўскладзена на віцэ-прэм’ераў. Гэты напрамак таксама замацаваны за Міністэрствам замежных спраў, якое мае шырокую сетку дыппрадстаўніцтваў за мяжой. Прэзідэнт запатрабаваў ад кожнага па сваёй сферы далажыць, чаму не выконваецца паказчык.

“Віцэ-прэм’еры не павінны бегаць за міністрамі, а міністры не павінны бе­гаць за губернатарамі, калі гэта, дапусцім, сельская гаспадарка, а займацца толькі тэхналогіямі. Міністр сельскай гаспадаркі — гэта тэхналогіі, нешта новае, перспектыўнае. Сеяць, убіраць, касіць, вазіць, кансерваваць — гэта справа губернатараў, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак. А віцэ-прэм’ер павінен заняцца ключавым пытаннем, калі гэта сельская гаспадарка — экспартам прадукцыі”, — расставіў акцэнты прэзідэнт.

У пачатку нарады кіраўнік дзяржавы прапанаваў кожнаму ўдзельніку выказацца наконт пытанняў, якія насцярожваюць. Далей былі прадметна абмеркаваны ўсе ўзнятыя тэмы.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ўзроўні аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Падрабязна пра тое, як выконваецца задача, каб зарплата ў бюджэтным сектары складала не менш за 80 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, дакладваў прэм’ер-міністр. Аднак прэзідэнт нагадаў аб важнасці павышэння даходаў найбольш нізкааплатных работнікаў.

Абмеркавана праблематыка ў сферы прыцягнення інвестыцый. Тут галоўнае, на што нацэльвае беларускі лідар, — інвестыцыі павінны быць эфектыўнымі і даваць вынік.

Звернута ўвага на работу прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. У першую чаргу гэта тычыцца якасці работы дырэктарскага корпуса.

У цэлым па выніках нарады кіраўнік дзяржавы палічыў планы ўрада на 2020 год недастаткова напружанымі і адправіў пакет прагнозных дакументаў на дапрацоўку. Цяпер у сціслыя тэрміны неабходна перагледзець падыходы, устараніць заўвагі і паўторна ўнесці пакет дакументаў на разгляд прэзідэнта. Гэта задача не толькі ўрада, але і Старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча на чале маніторынгавай групы, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі разам з цяперашнім складам дэпутацкага корпуса, Адміністрацыі прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Нацыянальнага банка, кіраўнікоў рэгіёнаў. Дапрацаваныя праекты дакументаў да таго, як паступяць кіраўніку дзяржавы, павінны быць узгоднены і завізаваны ўсімі адпаведнымі кіраўнікамі.

У час нарады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на пытанні, хто з чыноўнікаў захавае сваю пасаду пасля выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі.

“Я ведаю, што ў многіх з вас і ў асобных іншых чыноўнікаў у галаве думка: выбары і іншае, як будзе, хто будзе працаваць. Публічна вам адказваю на гэтае пытанне: той, хто сёння працуе і выконвае прагнозы, планы, прыносіць краіне карысць, працаваць будзе, зразумела. У мяне няма палітыкі асабліва прыбліжаных, аддаленых”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Або як пішуць у інтэрнэце: “Лукашэнка, транзіт улады, хто будзе ва ўла­дзе…” Дзяцей пачынаюць перабіраць. Дык вось паслухайце, ніякіх дзяцей не перабірайце. Ніякія дзеці ў мяне не рыхтуюцца ні да якога транзіту ўлады. Працаваць са мной, як і раней, будуць толькі тыя, хто хоча працаваць. І хто ўмее мяне слухаць і выконваць мае даручэнні”, — заявіў беларускі лідар.

“Калі Румас і Качанава, віцэ-прэм’еры і міністры мяне не чуюць, то вы лепш збірайце партфелі і ідзіце адразу”, — дадаў беларускі лідар.