Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба скарыстаць момант і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва”

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэ­сліў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза эканамічныя сувязі дзвюх краін былі вельмі моцнымі, аднак многае страчана за апошнія гады. “Мне сапраўды прыемна ба­чыць вас з вашымі калегамі ў Мінску. Вельмі спадзяюся, што для вас гэта не чужы горад, гэтак жа, як для мяне сталіца нашай дружалюбнай Латвіі. Як бы там ні было, што б мы ні гаварылі або нехта, усё ж такі мы былі часткай некалі вялікай краіны. У нас былі не проста дружалюбныя, а блізкія адносіны. Нашы эканамічныя сувязі былі вельмі моцныя, — адзначыў ён. — Многае мы страцілі за апошнія гады. Але важна не столькі глядзець назад, колькі звяртаць сваю ўвагу і погляд наперад. І ў гэтым плане намецілася шмат напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй”.

“У адрозненне ад іншых балтыйскіх дзяржаў фон супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі добры. Я лічу, што нам трэба скарыстаць момант і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва. Тым больш што ад яго пашырэння мы бачым вялікую выгаду (калі гаварыць пра экан­оміку) як для Латвіі, так і для Беларусі”, — падкрэсліў Аляксандр
Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі бок сур’ёзна рыхтуецца да свайго візіту ў Латвію. “Дзякуй усім вам і вашым калегам за запрашэнне наведаць гэтую дружалюбную нам краіну. Ваш візіт у Мінск я разглядаю як сур’ёзны этап падрыхтоўкі дамоўленасцей, якія мо­гуць быць канчаткова зацверджаны ў час майго прыезду ў Рыгу”, — адзначыў беларускі лідар.

У цэлым прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці адказаць на любыя пытанні і прапанаваў прэм’ер-міністру адкрыта абмеркаваць усе тэмы, якія цікавяць. “Трэба абмерка­ваць усе пытанні, каб мы зладжана, шчыра, адкрыта ішлі на супрацоўніцтва. Каб потым не папракаць адно аднаго і не пераадольваць бар’еры, якія мы можам стварыць у выпадку, калі мы не дамовімся, не абмяркуем тыя ці іншыя праблемы сёння”, — сказаў беларускі лідар.

Слова ў адказ на перагаворах Крыш’яніс Карыньш пачаў на рускай мове. Ён пажартаваў, што разумее яе лепш, чым размаўляе на ёй, таму вымушаны перайсці на англійскую, каб “не сказаць нешта не так”. “Вы думаеце, я на англій­скай мове лепш вас зразумею, чым на рускай? — пажартаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка. — Каб вам лепш гаварыць на рускай, на нашай мове, вы да нас часцей прыязджайце”.

Крыш’яніс Карыньш адзначыў, што Латвія зацікаўлена разві­ваць добрыя адносіны з Беларуссю. “Для нас важна бачыць незалежную, стабільную і квітнеючую Беларусь”, — сказаў прэм’ер-міністр. Ён закрануў пытанні падрыхтоўкі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію, дадаўшы, што ў Рызе яго будуць ча­каць 3 красавіка, калі гэтая дата зручная для беларускага боку.

Прэм’ер-міністр дадаў, што ў Латвіі нядаўна змяніліся рэгламенты кіравання партамі і цяпер яны поўнасцю падкантрольныя ўраду. “Мы адкрытыя для бізнесу”, — адзна­чыў ён.

У час сустрэчы была закранута тэматыка падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе пройдзе ў Мінску і Рызе. Крыш’яніс Карыньш заявіў, што з латвійскага боку ўсё ідзе па плане. “Мы вельмі рады магчымасці праводзіць у наступным годзе чэмпіянат па хакеі разам з вамі, — падкрэсліў ён. — І што асабліва прыемна: беларуская і латвійская каманды ў розных дывізіёнах, таму, можа, у канцы чэмпіянату мы сустрэнемся ў Мінску”.

“Не дай бог!” — жартам адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што латвійцы апошнім часам прынеслі беларусам шмат непрыемнасцей на лёдзе, таму ў Мінску гэтай сустрэчы асцерагаюцца.

Прэм’ер-міністр Латвіі Кры­ш’я­ніс Карыньш пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падарыў яму хакейны світар латвійскай зборнай. На белым джэрсі вышыты першы нумар і прозвішча кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт у сваю чаргу падарыў Прэм’ер-міністру Латвіі статуэтку аднаго з сімвалаў Беларусі — зубра.

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам
Лукашэн­кам Прэм’ер-міністр Лат­віі Крыш’яніс Карыньш заявіў журналістам, што для латвійскага ўрада вельмі важна працаваць над паляпшэннем адносін з Беларуссю і рабіць іх больш трывалымі. “Мы лічым, што існуе вельмі вялікі патэнцыял для таго, каб гэтыя адносіны зрабіць яшчэ лепшымі як на палітычным, так і на эканамічным узроўні”, — адзначыў ён.

Крыш’яніс Карыньш таксама пацвердзіў магчымасць паставак нафты ў Беларусь праз латвійскія парты. “Гаворачы аб эканамічных адносінах, транспарт, лагістыка — самы лагічны шлях (для іх развіцця. — Заўвага БелТА.), дзе ў нас ужо ёсць адносіны”, — падкрэсліў кіраўнік урада Латвіі.

Паводле яго слоў, латвійскі бок бачыць вялікую прастору для развіцця супрацоўніцтва. “З аднаго боку, можна экспартаваць з Беларусі праз латвійскія парты нафтапрадукты. Але можна абмеркаваць і іншую магчымасць — імпарт нафты з усяго свету праз Латвію ў Беларусь. Мы абмяркоўваем ужо такія магчымасці. Вядома, кампаніям трэба даследаваць гэтае пытанне, таму што бізнес павінен быць узаемавыгадным. Тут мы бачым вялікія магчымасці для Латвіі і Беларусі”, — заявіў Крыш’яніс Карыньш.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне пра тое, калі магчыма дасягненне такіх дамоўленасцей, прэм’ер-міністр сказаў: “Гэтае пытанне трэба задаваць кампаніям. Што тычыцца ўрада, ён у найвышэйшай ступені зацікаўлены ў развіцці бізнес-магчымасцей. Тут пытанне практычнае. Трэба ўзаемадзейнічаць з тэрміналамі, чыгуначнымі кампаніямі, якія будуць забяспечваць гэтыя пастаўкі”.

“Што тычыцца пазіцыі Латвіі, мы зацікаўлены ў больш доўгатэрміновых адносінах. У такім выпадку магчыма планаваць бізнес, і гэта дазваляе паніжаць цэны, што добра для ўсіх бакоў”, — дадаў Крыш’яніс Карыньш.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй у 2018 го­дзе склаў $582,7 млн, што амаль на 33 пра­цэнты больш у параўнанні з узроў­нем 2017 года. Экспарт — $485,6 млн, імпарт — $97,1 млн. У студзені — лістападзе 2019 года тавараабарот склаў больш за $460 млн пры экспарце $377,5 млн.

Экспарт паслуг у 2018 го­дзе склаў $188,2 млн, а па выніках студзеня — кастрычніка мінулага года — $136,6 млн.

За 2018 год у эканоміку Бе­ла­ру­сі прыцягнута інвестыцый з Латвіі ў аб’ёме $107,5 млн, у тым ліку прамых — $82,1 млн. У сту­дзені — верасні 2019 года — $68 млн, уклю­чаючы $53,6 млн прамых.

На тэрыторыі Беларусі працу­юць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу: у сферах гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі. Дзейнічае двухбаковая міжурадавая камісія па эканамічным і навукова-тэхнічным су­працоўніцтве, савет дзелавога супрацоўніцтва, змешаная камісія па міжнародных аўтамабільных зносінах, рабочая група па транспарце.