Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У аснову заўсёды павінна быць пастаўлена дысцыпліна, дакладнае і своечасовае выкананне ўсіх задач і даручэнняў прэзідэнта”

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта актуалізаваў задачы, якія стаяць перад гэтым дзяржаўным органам.

Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным у рабоце сумленнае і справядлівае стаўленне да людзей. Акрамя таго, на парадку дня работы Адміністрацыі прэзідэнта — пастаяннае ўдасканаленне кадравай палітыкі на ўсіх узроўнях, падтрыманне выканальніцкай дысцыпліны і кантроль за выкананнем рашэнняў і даручэнняў кіраўніка дзяржавы, экспертна-прававая работа.

Аб размежаванні паўнамоцтваў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што задача Адміністрацыі прэзідэнта — быць маналітным экспертным цэнтрам. Разам з тым ён звярнуў увагу на размежаванне кампетэнцыі і паўнамоцтваў, каб не дапускаць неразбярыхі ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі. “Вы павінны займацца сваёй справай. Я раблю на гэтым акцэнт, таму што з былым складам урада, ды і з цяперашнім, у вас пачынаецца ўжо нейкая, як у наро­дзе кажуць, неразбярыха. Вось гэтага быць не павінна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А найважнейшыя эканамічныя праблемы будуць разглядацца ва ўрадзе, і найважнейшыя рашэнні будуць выпрацоўвацца там”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Адміністрацыя павінна выконваць ролю своеасаблівага фільтра па многіх пытаннях: “Вы не можаце змяніць рашэнне, напрыклад, урада. Вы проста павінны звярнуць увагу прэзідэнта на тое, што тыя ці іншыя рашэнні разыходзяцца з яго патрабаваннямі і ўказаннямі. Гэтак жа, калі пытанне тычыцца сілавога блока краіны, у нас для гэтага ёсць Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі”.

“Размежаванне паўнамоцтваў — гэта важнае пытанне. Але тое, што ўсе пытанні павінны праходзіць праз Адміністрацыю прэзідэнта, — гэта факт. Нікому не забараняецца звярнуць маю ўвагу нават на ваен­ныя пытанні, калі, з вашага пункту гле­джання, там нешта не так. Але ў аснову заўсёды павінна быць пастаўлена дысцыпліна, дакладнае і своечасовае выкананне ўсіх задач і даручэнняў прэзідэнта”, — сказаў беларускі лідар.

Аб кадравай палітыцы

Гэты напрамак Аляксандр Лукашэнка назваў адной з ключавых функцый Адмі­ністрацыі прэзідэнта, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць удасканалення і паляпшэння кадравай палітыкі на ўсіх узроўнях. “Гэта маё нязменнае патрабаванне. Асабліва ў адносінах да асоб, уключаных у кадравы р­эестр прэзідэнта. Гэта ўжо ваш хлеб — кадравыя пытанні”, — адзначыў беларускі лідар.

“Як мы тут працуем — абмяркуем. Але ўзро­вень вашай работы па кадрах мяне не радуе, калі ўжо гаварыць шчыра. Працуеце вы пакуль слаба”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб ідэалогіі

“Вы тыя, хто павінен неадкладна рэага­ваць на любыя змяненні сітуацыі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах. Выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, неабходныя для развіцця краіны. Людзей абыякавых тут быць не можа. Вы ведаеце, як імкліва і часам непрадказальна мяняецца сітуацыя ў свеце, услед за ёй — і свядомасць лю­дзей. Першымі гэта павінны адчуваць людзі, якія працуюць у ідэалагічнай вертыкалі. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ідэолагі павінны ўмець працаваць з насельніцтвам, разумець праблемы людзей, дакладна і дзейсна адказваць на ўсе выклікі.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў пажаданне, каб работа ў сферы ідэалогіі ажыццяўлялася больш сістэмна. “Не ў захапленні я і ў гэтым плане. Сістэмы ў гэтай справе пакуль няма”, — дадаў прэзідэнт.

Аб сумленнасці і справядлівасці

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сумленнае і справядлівае стаўленне да лю­дзей павінна быць вызначальным у рабоце. У якасці ілюстрацыі ён прывёў даныя аднаго з нядаўніх сацыялагічных апытанняў у Расіі, у час якога расіяне ў першую чаргу звярталі ўвагу на пытанне справядлівасці.

“Мы з вамі даўно ўдзяляем увагу менавіта гэтаму пытанню. І ў аснову нашай палітыкі, я заўсёды гэта гаварыў і патрабаваў, трэба пакласці пытанні справядлівасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб памочніках прэзідэнта ў рэгіёнах

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асаблівая роля ў рэалізацыі агучаных падыходаў адводзіцца памочнікам прэзідэн­та. Акцэнт у іх рабоце — грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў рэгіёнах, абстаноўка ў кожным канкрэтным калектыве. “Як працуе мясцовая ўлада? Якія праблемы хвалююць жыхароў рэгіёна? Вы павінны вало­даць сітуацыя­й і своечасова рэагаваць на тое, што адбываецца”, — вызначыў Аляксандр Лукашэнка кола актуальных пытанняў.

“Яшчэ больш, ажыццяўляючы кадравую палітыку (вы яшчэ і інспектары па кадрах у кожным рэгіёне), кадры трэба ацэньваць менавіта з гэтых пазіцый: як развіваецца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў тым ці іншым рэгіёне і якая тут роля кадраў”, — заявіў беларускі лідар.

Аб выканальніцкай дысцыпліне

“Асаблівая ўвага — выканальніцкай дысцыпліне. Усе рашэнні прэзідэнта павінны быць на кантролі і выконвацца няўхільна. Толькі так мы зможам заха­ваць кіруемасць у дзяржаве”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што кантраля­ваць вынікі выканання тых ці іншых даручэнняў неабходна непасрэдна ў вышэйшых дзяржаўных органах, Адміністрацыя прэзідэнта гэта, Камітэт дзяржкантролю, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ці Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі. “І знімаць з кантролю павінны вы. Каб даклады, не апрацаваныя вамі, ад выканаўцаў з месцаў не клаліся на стол прэзідэнту. Каб вы не былі тут простымі паштальёнамі: узяў у міністра даклад, што нейкі ўчастак дарогі прэзідэнт даручыў пабудаваць (пабудавалі ці не пабудавалі, па якіх прычынах…), і прынеслі мне, па­клалі на стол. Мне такая пошта не патрэбна. Вы павінны аналізаваць тую ці іншую справаздачу або даклад і прадстаўляць на адной старонцы даклад прэзідэнту: зроблена — не зроблена, чаму”, — запатрабаваў беларускі лідар.

“У сферы эканомікі, як і раней, ваша задача — глыбокі аналіз усіх прапануемых рашэнняў, ацэнка іх адпаведнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы, аналіз іх уплыву перш за ўсё на чалавека, развіццё галін, рэгіёнаў і краіны ў цэлым”, — сказаў прэзідэнт.

Аб экспертна-прававой рабоце

Яшчэ адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці Адміністрацыі прэзідэнта кіраўнік дзяржавы назваў экспертна-прававую работу і каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы права. “Тут добра зарэкамендавала сябе практыка прыцягнення грамадскасці і экспертных саветаў да абмеркавання праектаў прававых актаў, — лічыць прэзідэнт. — Калі распрацоўшчыкі таго ці іншага нарматыўнага прававога акта нешта ўпусцілі, не ўбачылі, то слабыя месцы ў дакуменце ім заўсёды падкажа народ”.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў канцэпцыю Закона “Аб проці­дзеянні дамашняму насіллю”, якая раней не толькі была раскрытыкавана кіраўніком дзяржавы, але і выклікала абурэнне шырокіх слаёў насельніцтва.

“Трэба і далей выносіць найбольш значныя дакументы на суд грамадскасці”, — сказаў прэзідэнт.

“Але не так, як нядаўна мне даклад­ваюць: Канстытуцыйнаму Суду няма чым больш заняцца — яны пачалі абараняц­ь адвакатаў. Бяру дакументы, гляджу, як праходзіла пасяджэнне Канстытуцыйнага Суда. Аказваецца, аж цэлы намеснік ваш (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэн­та. — Заўвага БелТА.) там быў. Тым не менш працэс запушчаны. Ужо за двое сутак літаральна ўнеслі праект закона на ўзроўні Міністэрства юстыцыі. У мяне адразу пытанне: вам што, больш няма чым займацца разам з Канстытуцыйным Судом? — выказаў меркаванне беларускі лідар. — Чым адрозніваюцца, дапусцім, адвакаты, якіх вы там узяліся асобна вывесці як касту і абараняць, зрабіць іх у нейкай ступені недатыкальнымі? Чым яны адрозніваюцца ад вас, ад іншых дзяржаўных служачых? Чым яны адрозніваюцца ад суддзяў, прадстаўнікоў пракуратуры, следчых органаў? Вы хочаце запусціць гэты махавік? Каб потым прыйшлі пракуроры і сказалі: “Ведаеце, нам таксама патрэбны якія-небудзь умовы, калі мы недзе пракалоліся ці праколемся”. Усе ў краіне перад законам роўныя!”

Ён звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння аднастайнага прымянення заканадаўчых актаў. “Галоўнае, каб мы дакладна разумелі, што ўсе блокі ўлады ў краіне павінны працаваць зладжана, павінна быць поўнае ўзаемадзеянне. Я ад вас чакаю перш за ўсё эфектыўнай работы”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.