Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды лепшым работнікам сістэмы адукацыі

- 11:52Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым работнікам сістэмы адукацыі. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, арганізацыю аздараўлення дзяцей, падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў і высокакваліфікаваных спецыялістаў высокіх узнагарод і ганаровых званняў удастоены 37 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння запрошаны лепшыя работнікі сістэмы адукацыі, якія фарміруюць маральную і духоўную аснову маладога пакалення беларусаў. Многія былі ўдзельнікамі Рэспубліканскага педагагічнага савета. “Прывіваючы з дзяцінства любоў да сапраўдных каштоўнасцей, перадаючы свае веды, вы садзейнічаеце станаўленню адукаванай, культурнай і працавітай беларускай нацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Уручэнне дзяржаўных узнагарод напярэдадні Дня ведаў — гэта не толькі прызнанне вашых асабістых заслуг, але і знак глыбокай павагі да высакароднай прафесіі настаўніка”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць добрага выхавання дзяцей з першых гадоў жыцця. Менавіта таму вялікае значэнне набывае якас ць работы дашкольных устаноў. “Яна ў першую чаргу залежыць ад выхавальнікаў, ад іх душэўнай цеплыні і ўмення падабраць ключык да кожнага дзіцяці. Такія людзі заслугоўваюць усялякай падтрымкі і заахвочвання”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана выхавальніца ясляў-сада № 78 Гродна Таццяна Літвінчык. Падзяка прэзідэнта аб’яўлена выхавальніцы санаторнага ясляў-сада № 72 Віцебска Святлане Крэпскай. Лепшыя кіраўнікі і настаўнікі сталічных, абласных і раённых школ і гімназій за працоўныя поспехі, высокі прафесіяналізм і адданасць прызванню педагога ўдастоены дзяржузнагарод. Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны настаўніца матэматыкі Ельскай раённай гімназіі Валянціна Трошка, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна Ірына Пічугіна, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 11 Слуцка Уладзімір Жук. “Упэўнены, што яны стануць для вас добрым стымулам у далейшай, яшчэ больш паспяховай рабоце”, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да педагогаў.

Важную ролю адыгрывае прафесійна-тэхнічная адукацыя, у развіцці якой Беларусь дасягнула немалых поспехаў. Запатрабаванасць яе ў краіне і ў замежных партнёраў з’яўляецца своеасаблівым знакам якасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ўзнагародамі адзначаны лепшыя прадстаўнікі ліцэяў і каледжаў з Віцебска, Івацэвіч, Крычава, Мінска, Магілёва і Пінска. Сярод іх — дырэктар Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Дымовіч, настаўніца матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ала Рошаль, старшы майстар Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Генадзь Раманоўскі. Ім сёння ўручаны медаль “За працоўныя заслугі”.

“За падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для галін эканомікі адказвае перш за ўсё вышэйшая школа. Многія УВА паспяхова ўкараняюць інавацыйныя метады навучання і становяцца сапраўднымі цэнтрамі развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу як у рэгіёнах, так і ў сталіцы Беларусі”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі знаходзяцца на аднолькавай ступені развіцця і падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.

Ганаровае званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” прысвоена рэктару Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыю Лазоўскаму і рэктару Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Пятру Пойту, прафесару кафедры электрычных станцый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Фёдару Раманюку і іншым прадстаўнікам устаноў вышэйшай адукацыі. Першаму намесніку начальніка Акадэміі МУС Аляксею Башану і начальніку кафедры філасофіі і ідэалагічнай работы Акадэміі МУС Сяргею Масленчанку прысвоена ганаровае званне “Заслужаны супрацоўнік органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”. Падзяка прэзідэнта аб’яўлена рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіміру Шымаву.

“Педагогі не толькі прыўносяць у жыццё нашых дзяцей мноства новых і важных ведаў. Яны дбайна клапоцяцца пра падрастаючае пакаленне краіны, выхоўваючы ў ім павагу, дружбу і патрыятызм”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён павіншаваў педагогаў з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і дасягненняў у нялёгкай, але пачэснай працы.
Па існуючай традыцыі яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па адным з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту — Палацы Незалежнасці. Педагогі наведалі найбольш знакавыя месцы, дзе прымаюцца важныя для краіны рашэнні, праводзяцца міжнародныя сустрэчы і саміты.

Па матэрыялах БелТА.
 Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА.