Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Верце ў цуды і дарыце дабро”

- 10:34Актуально, Апошнія запісы

Лепшыя традыцыі беларусаў прадаўжаюцца ў добрых справах. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на дабрачынным свяце ў Палацы Рэспублікі ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.

“Для мяне як прэзідэнта вельмі важна зрабіць усё магчымае, каб у жыццё ўсіх вас, кожнага нашага дзіцяці прыйшло чараўніцтва ў выгля­дзе шчырага клопату і душэўнай цеплыні, нечаканых падарункаў, прыемных сустрэч з добрымі і спагадлівымі людзьмі. Менавіта такім павінна быць наша свята”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З такой мэтай вось ужо чвэр ць стагоддзя ў Беларусі право­дзяць дабрачынны марафон “Нашы дзеці”. Прэзідэнт падзякаваў усім, хто падтрымліваў  і падтрымлівае гэтую ініцыятыву. Асаблівую ўдзяч­насць ён выказаў тым, хто дорыць свята дзецям, якія сёння больш за ўсё маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы. “Менавіта так, у добрых справах, прадаўжаюцца лепшыя традыцыі беларусаў, у чыім жыцці ніколі не было, няма і не можа быць чужых дзяцей”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь заў­сёды гатова прыняць удзел у лёсах маленькіх грамадзян іншых дзяржаў. “Мы ўсё ж такі жывём пад мірным небам, у спакойнай, ціхай і прыгожай краіне. Але далёка не ўсюды так. І мы як сапраўдныя высакародныя людзі, як шчырыя беларусы дапамагаем гэтым дзеткам”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На аздараўленне ў Беларусь прыязджаюць дзеці з розных куткоў планеты, у тым ліку з Японіі, Кітая, Сірыі. У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” пабывалі хлопчыкі і дзяўчынкі з больш як 40 краін свету. “І ўсім ім не толькі мы, дарослыя, але перш за ўсё вы, дзеці, дарылі свае ўсмешкі і свае добрыя сэрцы. Гэта запомніцца назаўсёды. Гэта самае малое, што мы можам зрабіць для таго, каб усе дзеці Зямлі ведалі: яны патрэбныя. І мы, дарослыя, у большасці сваёй жывём і працуем дзеля шчаслівай будучыні гэтых дзяцей”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы верыць, што юныя беларусы стануць добрымі людзьмі — сумленнымі і працавітымі — і зробяць для сваёй краіны нешта вельмі важнае і карыснае. “Доказ — вашы шматлікія дыпломы прадметных алімпіяд, перамогі на музычных і мастацкіх конкурсах, медалі ў спорце. Я шчыра ганаруся ўсімі вашымі поспехамі. Думаю, што такіх поспехаў стане яшчэ больш, калі мы адкрыем Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк для самых таленавітых юных беларусаў. Туды будуць мець магчы­масць прыехаць нашы дзеці з усіх куткоў краіны. Пропуск адзін — вашы веды і таленты”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў дзяцей шанаваць і берагчы баць­коў, дзядуляў і бабуль, блізкіх лю­дзей, якія прымаюць удзел у іх лёсе. “Абавязкова паважайце сваіх настаўнікаў. Гэта яны сёння з вамі — выхавальнікі, настаўнікі. Яны выбралі гэтую высакародную прафесію, прысвяцілі сябе вам, каб дапамагчы засвоіць важныя веды, знайсці сваё месца ў жыцці, раскрыць і развіць вашы таленты. Няхай поспехі кожнага стануць лепшай удзячнасцю за іх працу”, — дадаў прэзідэнт.

Ён пажадаў дзецям дасягнуць самых высокіх вынікаў і запэўніў, што ў іх абавязкова ўсё атрымаецца, калі яны будуць моцнымі і настойлівымі. “Для гэтага больш рухайцеся, часцей праводзьце час на свежым паветры, асабліва ў гэтыя доўгачаканыя дні зімовых канікул. І нават калі станеце дарослымі, верце ў цуды і дарыце дабро”, — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэн­ка.

Усяго на навагодняе свята ў Палац Рэспублікі запрошаны больш за 2,3 тысячы дзяцей. У асноўным гэта сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама пераможцы алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, навучэнцы, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце. Акрамя таго, гасцямі свята сталі дзеці з сем’яў ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, навучэнцы Вільнюскай гімназіі імя Ф.Скарыны і Рыжскай беларускай асноўнай школы.

Пасля святочнага паказу дзеці ўручылі кіраўніку дзяржавы падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Керамічнае пано “Калядны анёл” падрыхтавала вучаніца віцебскай гімназіі № 4 Дар’я Петухова. Сваю работу прэзідэнту падарылі вучні віцебскай сярэдняй школы № 45 і наваполацкай гімназіі № 1.

Падарунак для Аляксандра Лукашэн­кі падрыхтавалі і вучні Курыціцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Аліна Картыннік і Ангеліна Яцук. Яны стварылі кампазіцыю “Музыка гучыць” у тэхніцы джутавай філіграні. Тэматыка работы пераклікаецца з сімвалам 2020 года па ўсходнім календары. У сюжэце кампазіцыі — казачны мышыны аркестр.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Андрэя Стасевіча і Сяргея  Шэлега, БелТА.