Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Задача адна — якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ”

- 9:49Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае значэнне Мінскага трактарнага завода, які з’яўляецца брэндам краіны. Аб гэтым ён заявіў у час наведвання прадпрыемства.

“Я перш за ўсё хачу вас усіх павіншаваць з днём нара­джэння (прадпрыемства. — Заўвага БелТА.). Гэта цудоўны завод, твар нашай краіны, гэта брэнд”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што галоўнае ў вытворчасці — забеспячэнне высокай якасці прадукцыі. І ў гэтым — залог далейшага развіцця і дабрабыту як самога завода, так і яго работнікаў. “Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна — якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і жорсткае патрабаванне да вас усіх”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды лепш у сябе на радзіме, менавіта тут грамадзяне і іх праца заўсёды будуць запатрабаваныя. “Беражыце сваё прадпрыемства. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы працавалі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка ў час наведвання Мінскага трактарнага завода падкрэсліў правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць у цяперашняй сітуацыі вытворчасці.

“На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі грымяць. Дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі, не закрыліся”, — сказаў беларускі лідар.

Было адзначана, што цяпер МТЗ працуе ўстойліва, ёсць нават вакансіі. “Тое, што я гаварыў. Нам не трэба спяшацца, з верталёта грошы раскідваць. Ёсць рабочыя месцы”, — заўважыў прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ра­боце як галаўнога прадпрыемства, так і іншых, што ўваходзяць у холдынг, планах па развіцці вытворчасці, распрацоўках, якія вядуцца, у тым ліку ў сферы дакладнага земляробства. Як расказаў генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, на прадпрыемстве вядуцца распрацоўкі, якія дадуц­ь магчымасць выйсці на асваенне беспілотнага трактара да 2030 года.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і рабіць гэта якасна — тады не ўзнікне праблем і са збытам. Размова ішла і аб развіцці вытворчасцей за мяжой.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры вырабленай тэхнікі. У прыватнасці, былі прадстаўлены новыя рухавікі з сістэмай ачысткі адпрацаваных газаў, вырабленыя для МТЗ на Мінскім маторным заводзе, энерганасычаныя і звышмагутныя трактары. Асобую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на снега­ўшчыльняльную і лёдазалівачную машыны. “Настане зіма, пакажаце, паглядзім”, — сказаў ён.

Прэзідэнт наведаў таксама корпус зборкі трактароў, дзе яму далажылі аб вытворчасці розных камплектуючых, якія вырабляюцца для МТЗ на іншых прад­прыемствах па праграме імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць максімальна сканцэнтраваць на тэрыторыі краіны вытворчасць камплектуючых для МТЗ і скараціць пастаўкі па імпарце. Пры гэтым абавязкова забяспечыць высокую якасць прадукцыі.

Хвароба ў пандэміі каранавіруса займае палову, астатняе — палітыка. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з калектывам Мінскага трактарнага завода.

“Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш, чым хвароба. Хвароба ў гэтай пандэміі займае, можа, палову, а тое і менш. Усё астатняе — гэта палітыка. І вы хутка ў гэтым пераканаецеся”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што пазіцыю Беларусі, якая не стала спыняць вытворчасці ў гэты перыяд, прынялі не ўсе краіны. А некаторыя нават падштур­хоўвалі да гэтага. “Мы спынімся. Потым, для таго каб раскруціцца, разгарнуцца, па­трэбны грошы. А ў каго грошы? У Амерыкі, Кітая, крыху ў Расіі і ў іншых. Яны разгорнуцца, прынясуць вам рубель і скажуць: даём рубель, але заводзік — туды. Вось у чым быў палітычны сэнс усяго гэтага. І мы яшчэ многага не бачым з таго, што адбываецца ў свеце, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Хай сабе вытворчасці, але што адбудзецца з пункту гледжання існавання той ці іншай дзяржавы? І я не дарэмна сказаў: калі табе дадуць рубель, то запатрабуюць адпаведнай аддачы”.

Гаворачы пра бягучую сітуацыю з каранавірусам у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што некаторыя бальніцы пачынаюць ужо вяртацца да звычайнага рэжыму работы па сваёй спецыялізацыі.

Паводле яго слоў, метады барацьбы з пандэміяй у Беларусі крытыкавалі замежныя дыпламаты, нехта з іх, магчыма, і цяпер не згодны з беларускімі падыходамі. “Пытаюся ў міністра замежных спраў: а яны вывезлі свае сем’і? Кажа, што не. Калі іх клікалі дадому, адмаўляліся вяртацца і гаварылі: калі раптам давядзецца паехаць, то дзяцей і жонак пакінем тут. Гэта шмат аб чым сведчыць, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер год вялікай палітыкі, усё палітызавана, людзі адурманены. І вельмі цяжка звычайным людзям, а часам нават слугам урада разабрацца, што адбываецца. У гэтым — асаблівасць і складанасць цяперашняга моманту”.

У той жа час прэзідэнт канстатаваў, што цяпер у свеце ўжо ўсё больш гавораць пра другую хвалю каранавіруса: успышка прагназуецца на восень. Аднак, лічыць кіраўнік дзяржавы, да гэтага часу многія ў Беларусі перанясуць гэтую інфекцыю і выпрацуюць да яе імунітэт. 90 працэнтаў тых, хто захварэў, пераносяць гэтае захворванне бессімптомна, адзначыў ён. “Калі мы перахварэлі, нам не трэба баяцца другой хвалі. Але, тым не менш, мы рыхтуемся да ўсяго. Цяпер трацім немалыя грошы. Банк рэканструкцыі, або Сусветны банк, нам ужо выдзеліў $90 млн. Мы іх накіруем на ахову здароўя, каб яшчэ вышэй падцягнуць сістэму і лячыць людзей. Але ўсё толькі дзякуючы таму, што мы з вамі апошнія гады ўкладвалі немалыя грошы ў сістэму аховы здароўя і падрыхтоўку ўрачоў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З іншага боку, дадаў прэзідэнт, пандэмія выявіла і недахопы ў беларускай ахове здароўя. “Мы пра іх пагаворым, калі гэта ўсё скончыцца. Але гэтыя недахопы мы бачым і будзем прымаць адпаведныя меры: пачынаючы ад кадраў і заканчваючы аснашчэннем бальніцы”, — падагульніў ён.

Прэзідэнт, сустракаючыся з работнікамі завода, расказаў аб сваёй пазіцыі адносна продажу дзяржаўнай уласнасці.

Прэзідэнт адзначыў, што некаторыя людзі цяпер прапануюць распрадац­ь дзяржаўныя прадпрыемствы, а атрыманыя грошы накіраваць на рэформы. “Прыгожа гучыць. Але вы разумееце, што я сказаў? Не ўсе. Гэта значыць, што дзяржуласнасць, якая ў нас ёсць, у тым ліку гэты завод (ён жа дзяржаўны), заў­тра прададуць і гэтыя грошы накіруюць на нейкія рэформы. Думаю (я ж не першы год прэзідэнт ужо): напэўна, прададуць, але грошы не пойдуць на рэформы. Мы гэта ўжо бачылі ў Расіі. Грошы раскладуц­ь па кішэнях, будзьце ўпэўнены”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што павальная прыватызацыя — не яго палітыка, хоць сам ён і не супраць продажу дзяржаўнай уласнасці. “Але спачатку скажыце, колькі вы заплаціце. А я падумаю, ці варта і ці трэба прадаваць гэтае прадпрыемст­ва”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Я часта ўспамінаю сваю маці, якая мяне з дзяцінства вучыла. Я прэзідэнтам ужо стаў, а яна мяне ўсё вучыць. Яна мне заўсёды з дзяцінства гаварыла: не чапай чужое. Гэта закон майго жыцця: усё павінна быць справядліва, і чужое чапаць нельга”, — дадаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што не можа проста так распрадаваць дзяржаўную ўласнасць: заводы ж ствараліся калектывамі людзей, папярэднімі пакаленнямі.

“Тут укладзена праца тых, каго з намі ўжо няма. Як мы можам узяць гэта і прадаваць? У імя чаго, навошта? — спытаў прэзідэнт. — Давайце паспрабуем самі папрацаваць, каб той тавар, які вы вырабляеце, быў патрэбны людзям. Адзінае да вас патрабаванне: будзеце працавац­ь няякасна — будзеце хадзіць бедныя. Таму што канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная, вы гэта ведаеце”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне аб сваіх магчымых сімпатыях да патэнцыяльных кандыдатаў на выбарах.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым пакуль мала ведае людзей, якія вылучыліся. “За выключэннем свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітры. Не кажа, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце, чаму я яго звольніў. Няхай сумленна раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён сумленна не скажа. Трэба — скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў тое, як арганізаваны працэс збору подпісаў у патэнцыяльных кандыдатаў — жанчын: “Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся — гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца”.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на артыкул у расійскім выданні “Коммерсант”. “Гэта, здаецца, незалежная газета ў Расіі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрв’ю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае… Мы ўсё гэта ведаем. Ды я ўжо гляджу, мне даюць інфармацыю, ужо нашы лю­дзі ўбачылі”, — адзначыў прэзідэнт.

“Гляджу на гэты артыкул. І ўжо вушы тарчаць у гэтага чалавека. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там стараецца. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта гавару: Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Заўвага БелТА.), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты ўжо гатовы прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не гатова да таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт мае вялікую ўладу, — сказаў Аляксандр
Лукашэнка. — У нас прэзідэнт — не Літва. Там прэзідэнт — была Даля Грыбаўскайтэ — прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнтам будзе мужчына, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены”.