Аляксандр Васількоў: «Маркі шмат могуць расказаць пра розныя падзеі. Трэба толькі ўмець іх чытаць»

- 15:12Увлечения

Філатэліст, баніст і нумізмат — усё гэта пра заўзятага калекцыянера Аляксандра Васількова, дырэктара Караваціцкай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Машына часу

— У савецкія часы збіраць маркі было вельмі папулярнай справай. Далучыўся я да тысяч апантаных філатэліяй школьнікаў дзякуючы падарунку старэйшага брата. Ён уручыў мне прыгожы клясер, а ў ім быў блок марак з фантанамі Пецяргофа. Канечне, захацелася запоўніць альбом. Напісаў аб сваім жаданні ў газету, і на паштовае аддзяленне маёй роднай вёскі Каравацічы пасыпаліся лісты з усіх рэспублік Саюза. Здаралася, адразу па 50 штук. Хтосьці прысылаў маркі, каб дапамагчы сабраць калекцыю, хтосьці для абмену. Прыемна было нават проста атрымаць ліст з маркай на канверце — такая гашаная марка называецца жывой, і ў тыя часы яна мела вялікую каштоўнасць, — расказвае калекцыянер.

Ён таксама адпраўляў беларускія маркі юным філатэлістам. Купляў іх на грошы, якія штомесяц выдзяляў бацька. Праўда, атрымлівалася не так шмат — 5—10 лістоў у месяц. За школьныя гады Аляксандр Уладзіміравіч не толькі запоўніў свой першы альбом, але і яшчэ чатыры. Амаль ўсе тыя маркі пазней пайшлі на абмен. Акрамя першых — яны для яго самыя значныя.

Пасля распаду Саюза захап­ленне спынілася на некаторы час, каб потым нечакана зноў уварвацца ў жыццё настаўніка. Ён паехаў у Італію, там зайшоў у паштовае аддзяленне і ўбачыў маркі на гістарычную тэму. Стрымацца не змог! Якраз з’явіліся сацыяльныя сеткі, і Аляксандр Уладзіміравіч напісаў пра сябе і сваё хобі. Так кола абмену і збору зноў завярцелася.

— Зараз у мяне ўсяго 40 клясераў. У кожным больш за тысячу марак. Але мне ўсё роўна мала. (Усміхаецца.) Раней рваўся ў сталіцу, каб наведаць магазін філатэліста на вуліцы Маскоўскай. Мяне там ведалі, чакалі. Цяпер пастаянны кліент паштовага аддзялення ў Рэчыцы. Купляю не толькі для сябе, але і для калег-калекцыянераў. Падтрымліваю сувязі з беларускімі і замежнымі аматарамі філатэліі, — дзеліцца суразмоўнік.

Ён пільна сочыць за тым, калі будуць надрукаваны новыя маркі. Бывае, выпускаюцца дзве-тры ў месяц. Калі падабаецца, купляе адразу. Ці вяртаецца праз год-другі, калі цана знізіцца.

— Здорава, калі філатэлісту ўдаецца сабраць ці набыць камп­лект марак. Для гэтага неабходна купіць адразу блок і асобна маркі, якія ў яго уваходзяць. Атрымліваецца нятанна, калі ўлічваць, што кошт адной нашай маркі можа быць рублёў пяць, а то і больш, а блок складацца з 5—6. Напрыклад, апошні блок, які выйшаў у Беларусі, быў прысвечаны 35-годдзю вываду войск з Афганістана. Ён маленькі — з адной маркай коштам пяць рублёў. Не так даўно калекцыю папоўніла расійская марка з партрэтам Уладзіміра Жырыноўскага, — расказвае дырэктар.

Маё захапленне заклікае зноў і зноў вывучаць новае. Папаўняючы калекцыю чарговым эксклюзівам, імкнуся падзяліцца радасцю з дзецьмі. І калі бачу, як свецяцца цікавасцю іх вочы, хочацца і далей гэтым займацца

У яго няма любімай тэмы ў свеце марак, бо цікава ўсё: і мастацтва, і жывёлы, і расліны, і архітэктура, і спорт, і гістарычныя асобы… Кожны экспанат, які трапляе ў калекцыю, дае яму штуршок да пошуку інфармацыі пра яго і пра тое, што на ім адлюстравана. Гартаючы альбомы, нібыта на машыне часу, Аляксандр Уладзіміравіч пераносіцца ў розныя эпохі, становіцца сведкам цікавых падзей. Такі занятак дапамагае супакоіцца, і можа незаўважна прайсці некалькі гадзін.

— Марка — гэта выдатны аб’ект мастацтва, маленькі плакат, на якім адлюстроўваецца гістарычная падзея, вядомая асоба або вобраз. Мне падабаецца глядзець на маркі і разумець: вось гэта класная рэч — я хацеў бы яе павялічыць у 50 разоў і павесіць на сцяну ў якасці дэкору. Для мяне паштовыя маркі — гэта скан чалавечага жыцця на маленькім папяровым лісточку самаклейнай паперы. Палітычныя, культурныя, спартыўныя падзеі пакідаюць свой след на гэтых знаках аплаты. Трэба толькі ўмець іх чытаць, — разважае Аляксандр Уладзіміравіч.

На сённяшні дзень прынята лічыць, што першая марка з’явілася ў Вялікабрытаніі ў 1840 годзе. Каштавала яна адзін пені, і на ёй быў профіль каралевы Вікторыі. Праз стагоддзе кошт маркі дасягнуў 9 мільёнаў долараў. У калекцыі Аляксандра Уладзіміравіча такіх рарытэтаў пакуль няма. Але гэта яго не засмучае.

— Сапсаваць марку вельмі лёгка, нават калі зазубінка на ёй бу­дзе пашкоджана, марка страчвае сваю каштоўнасць. Ад такіх не адмаўляюся, перакананы, што гісторыю філатэліі можна вывучаць на любым матэрыяле. Маркі савецкіх часоў на сёння не дарагія — кошт самых рэдкіх можа даходзіць да 10—15 долараў. Шануюцца бракаваныя маркі, якія выйшлі ў свет з незаўважанымі памылкамі, — малюнак перавернуты, не тая лічба або літара. Такая ў мяне адна ёсць. Наша — беларуская. На польскія маркі вымяняў амерыканскі альбом для марак 1932 года выпуску. Выявы марак у ім надрукаваны, заставалася знайсці рэальныя і наклеіць, — дзеліцца Аляксандр Уладзіміравіч.

Захапленне дырэктара не засталося без увагі караваціцкіх школьнікаў. Для ўсіх зацікаўленых Аляксандр Уладзіміравіч арганізаваў клуб юных філатэлістаў, які існаваў восем гадоў.

— Перапіску вялі практычна з усім светам. Нам дасылалі маркі з Перу, Танзаніі, шмат з Расіі, нашы суайчыннікі дзяліліся. Белпошта прадаставіла дапаможнікі, па якіх дзеці вывучалі маркі. Ім вельмі падабалася. Аднак такое захапленне патрабуе матэрыяльных выдаткаў. На цяперашнім этапе ёсць вучні, якія збіраюцца і проста разглядаюць маркі, спрабуюць адшукаць інфармацыю ў інтэрнэце, — расказвае калекцыянер.

А яшчэ Аляксандр Васількоў сабраў калекцыю савецкіх паштовак. У ёй каля 800 экзэмпляраў. Захоўваюцца яны ў школьным музеі. І на адпаведныя святы — Новы год, Дзень ведаў, Восьмае сакавіка — іх дастаюць і робяць святочныя стэнды.

На ўрокі мастацтва і грамадазнаўства, якія вядзе ў школе Аляксандр Уладзіміравіч, ён часта прыходзіць не з пустымі рукамі, а з маркамі. Акадэмічная гадзіна тады пралятае вельмі хутка, дзякуючы незвычайнаму нагляднаму матэрыялу.

Педагог прызнаецца, што яму так і не ўдалося прыняць удзел у выставах філатэлістаў краіны. Наведваў іх некалькі разоў як госць і быў прыемна здзіўлены тым, што большая частка марак, прадстаўленых у экспазіцыі, у яго таксама ёсць. Аднак гэта не перашкаджае яму ісці да сваёй мары: сабраць годную калекцыю, у якой будзе шмат рарытэтаў, і знаёміць навучэнцаў з гісторыяй знакаў паштовай аплаты.

Адзін мільярд — адной купюрай!

Калі Аляксандр Уладзіміравіч стаў студэнтам гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, да захаплення маркамі дадалася нумізматыка. А потым яшчэ і баністыка. Сёння ў яго калекцыі больш за тысячу манет і некалькі тысяч папяровых грашовых купюр. І таксама спыняцца на дасягнутым калек­цыянер не збіраецца.

Дзякуючы такому цікаваму хобі дырэктара, школьнікі маюць магчымасць патрымаць у руках грошы самых розных краін свету і розных часоў: еменскія і іранскія рэалы, грэчаскія драхмы, сербскія дынары, славенскія толары, македонскія дынары, дацкія кроны, тайландскія баты, ізраільскія шэкелі. Дзяржаўны крэдытны білет банка Расійскай імперыі 1909 года на 10 і 25 рублёў з партрэтам Аляксандра ІІІ. Савецкія банкноты сучасныя школьнікі ў вочы ніколі не бачылі. Чырвонцы 1937 года і рубель 1947-га. Ганконгскія долары, незвычайнасць якіх у тым, што іх выпускалі адразу некалькі друкарань, таму білеты наміналам, напрыклад, у 20 долараў, могуць выглядаць зусім па-рознаму, але спакойна прымацца да аплаты.

— Вельмі прыгожыя венгерскія грошы — пэнгё. Дарэчы, з імі звязана цікавая гісторыя, якую расказваю школьнікам, калі яны разглядаюць тэму “Грошы і іх функцыя” на ўроку грамадазнаўства. У 1946 годзе інфляцыя ў Венгрыі складала каля 400 працэнтаў у дзень. Цэннікі перабіваліся праз кожныя 15 гадзін. Адзін долар каштаваў, уявіце сабе, 59 мільярдаў пэнгё. Друкарні не паспявалі друкаваць грошы і знайшлі выхад — на купюру наклейвалася марка, каб павялічыць яе кошт. Так з’явіліся маркі на грашах. Банкнота ў адзін мільярд пэнгё таксама ёсць у маёй калекцыі, — з задавальненнем гаворыць педагог.

На маю думку, яшчэ адным захапленнем Аляксандра Уладзіміравіча можна смела лічыць родную школу. Тут ён пайшоў у 1 клас, тут атрымаў атэстат. А калі стаў студэнтам-завочнікам гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, вярнуўся ў родныя пенаты працаваць. У 26 гадоў Аляксандр Уладзіміравіч стаў дырэктарам установы. Узначальвае яе і зараз. Нават калі пераехаў жыць разам з сям’ёй у Рэчыцу, не пакінуў школу. Праўда, адзін год пагадзіўся змя­ніць месца працы, але ж вярнуўся — без роднай школы ніяк. Ра­зам з дзецьмі кожную працоўную раніцу ён едзе на школьным аўтобусе з горада ў Каравацічы. Па дарозе заязджаюць яшчэ за дзецьмі ў восем вёсак. Разам вяртаюцца дамоў. І ва ўсім гэтым дырэктар бачыць вялікі плюс — ён выдатна ведае, чым жыве кожны вучань.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара і з архіва суразмоўніка