Аляксандра Герасіменя на Ваўкавышчыне

- 8:52Спартыўныя падзеі

Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане і ўладальніца бронзавай узнагароды Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандра Герасіменя сустрэлася са школьнікамі Ваўкавыскага раёна. Адбылося гэта дзякуючы таму, што трэнер Ваўкавыскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў Раман Ваўчок са сваімі выхаванцамі адгукнуліся на аб’яву Аляксандры ў Facebook аб правядзенні майстар-класаў і запрасілі яе прыехаць на Ваўкавышчыну.

На сустрэчы прысутнічалі навучэнцы абедзвюх школ пасёлка Рось і школьнікі Ваўкавыска, якія займаюцца плаваннем, а таксама педагогі, бацькі навучэнцаў і нават выпускнікі школ. Падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі і дзеці, і дарослыя літаральна засыпалі Аляксандру пытаннямі: пра першыя крокі ў спартыўнай кар’еры, пра асаблівасці харчавання спартсменкі, пра трэніроўкі, пра пачуцці на старце і на п’едэстале, пра адпачынак, пра мары і многае іншае. Адказвала славутая плыўчыха на пытанні шчыра, па-простаму, з гумарам.

— Я стараюся ўсім дзецям, — сказала Аляксандра Герасіменя, — дзе б яны ні жылі, сваім аповедам даць своеасаблівы штуршок, магчымасць кожнаму з іх пачаць нешта сваё, адчуць магчымасці. Калі хаця б адно дзіця пасля майстар-класа пачне займацца спортам, для мяне гэта будзе выдатна.

Ад кіраўніцтва раёна Аляксандру Герасіменю павіталі намеснік старшыні Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кашкевіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Газізава.

— Няхай працавітасць, мэтанакіраванасць і дасягнутыя вынікі Аляксандры стануць для вас, сябры, прыкладам і доказам таго, што любой мэты можна дасягнуць, калі над гэтым доўга і старанна працаваць, — сказаў Ігар Аляксеевіч.

Таццяна Аляксандраўна падарыла Аляксандры ад ваўкавычан саламяную залатую рыбку з пажаданнем алімпійскага “золата” ў 2020 годзе.

Аляксандра прывезла з сабой і алімпійскія ўзнагароды. Прыхільнікі чэмпіёнкі атрымалі аўтографы і фота на памяць. У басейне школы спартсменка правяла майстар-клас па плаванні з выхаванцамі Ваўкавыскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў.

Мы, настаўнікі фізічнай культуры, разумеем важнасць гэтай падзеі. Дзеці, якія жывуць у правінцыі, не часта маюць магчымасць сустракацца з тытулаванымі спартсменамі. Існуе меркаванне, што дасягнуць вынікаў, дабіцца чагосьці ў жыцці прасцей тым, хто жыве ў вялікім горадзе. Дазвольце не пагадзіцца. Мы працуем на месцах і імкнёмся своечасова накіроўваць фізічна моцных і здольных дзяцей у спартыўныя школы. Для гэтага патрабуецца разуменне і падтрымка сям’і, цяжкая, паслядоўная і нацэленая на вынік праца трэнера і спартсмена-пачаткоўца. У Ваўкавыскім раёне ёсць шмат прыкладаў, калі нашы землякі дасягнулі значных спартыўных вынікаў.

Ванда ЯНУШКА,
настаўніца фізічнай культуры сярэдняй школы № 1 Росі.