Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Мінска Аляксандра Сакулевіч — філолаг, псіхолаг, кнігалюб, а яшчэ вытанчаная лэдзі з пачуццём гумару. Яна выдатна валодае мастацтвам слова і стараецца данесці яго да сваіх вучняў, якія ставяцца да яе, як да старэйшага сябра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Навігатар для вучняў
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ ў 2017 годзе Аляксандра Віктараўна прыйшла працаваць у родную сярэднюю школу № 141 Мінска, дзе вучылася 9 класаў. Дарэчы, у гэтай установе і зараз працуе яе маці — Антаніна Уладзіславаўна.
“У нас атрымалася педагагічная дынастыя, якую ніхто не планаваў. І мая бабуля, мама майго бацькі, і мая мама, і я — усе мы настаўніцы рускай мовы. Уявіце сабе здзіўленне майго бацькі”, — усміхаючыся, расказала малады педагог.
Рашэнне стаць настаўніцай яна прыняла спантанна, бо, калі ўсе прадметы даюцца аднолькава добра, цяжка вызначыцца з будучай прафесіяй.
“У пачатку 11 класа я не ведала, куды паступаць, бо мне падабаліся і матэматыка, і хімія, і гісторыя Беларусі. А потым я падрыхтавала паведамленне пра майго любімага паэта — Мікалая Гумілёва. Да таго ж трапіла на алімпіяду Саюзнай дзяржавы, дзе трэба было напісаць водгук на твор. І раптам зразумела, што ў мяне гэта добра атрымліваецца і матэматыку можна пакінуць у спакоі. Я цвёрда рашыла ісці на філфак па шляху мамы”, — прыгадала А.В.Сакулевіч.
Праўда, першыя месяцы вучобы ва ўніверсітэце яна думала, што будзе пісьменніцай, а не настаўніцай. Аднак потым у час практыкі ў сталічнай гімназіі № 25 прыйшло разуменне, што ёй падабаецца вучыць.
“Мой першы ўрок стаў для мяне нібы выхадам на сцэну: хвалююча, незвычайна, але вельмі цікава, і самым складаным было пачаць”, — дадала педагог.
Пасля двух гадоў адпрацоўкі па размеркаванні Аляксандра Віктараўна перайшла ў сталічны ліцэй № 2 па запрашэнні сваёй былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Міхайлаўны Чаркоўскай. Два апошнія школьныя гады Аляксандра вучылася ў профільным лінгвістычным класе гэтага ліцэя. Аднак праз год яна зразумела, што ёй больш цікава ўзаемадзейнічаць з вучнямі розных узростаў, а не толькі са старшакласнікамі. І з лістапада 2020 года пачала працаваць у сярэдняй школе № 4.
“У гэтай школе мяне сустрэлі вучні 5 і 9 класаў. І хоць мне падабаецца ўзроставая разнастайнасць вучняў, гэта няпроста, калі на адным уроку ў цябе казкі, а праз перамену, напрыклад, раман. Але заходзіш у клас да пяцікласнікаў, а яны з цікавасцю глядзяць на цябе. Увогуле, лічу, куды прасцей працаваць, калі настаўнік вучыць дзяцей з 5 класа і да выпуску. Тады ўстанаўліваюцца цёплыя і давяральныя адносіны, а ўзаемадзеянне становіцца больш асабістым, як у мяне зараз з маім 7 “А”, дзе я класны кіраўнік”, — прызналася А. Сакулевіч.
Яна пераканана, што настаўнік павінен быць навігатарам для вучняў, які толькі падказвае, куды ісці, але яны самі ідуць па сваёй дарозе.
“Безумоўна, на гэтым шляху мне можна задаваць пытанні, кансультавацца і раіцца, напрыклад, што падарыць матулі на дзень нараджэння. У такія моманты я разумею, што ўсё раблю правільна і вучні мне давяраюць. Але канчатковае рашэнне застаецца за навучэнцамі, па сваёй дарозе яны ідуць самастойна”, — падкрэсліла педагог.
Проста пра складанае
На ўроках А.В.Сакулевіч паказвае, што руская мова вельмі лагічная і зразумелая і, як тая ж матэматыка, мае свае алгарытмы. А літаратура як мастацтва слова дапамагае зразумець, навошта ўвогуле мастацтва ў нашым жыцці і як ім карыстацца.
“Я ніколі не даю гатовых адказаў, бо задача настаўніка — даць вучням набор інструментаў для пошуку адказаў. Сёння многія гавораць, што сучасныя дзеці мала чытаюць, але гэта не так. Яны чытаюць іншае, тыя ж фанфікі, і ствараюць свае творы. Гэта выдатна, калі літаратурная творчасць спускаецца з нейкага п’едэстала і становіцца даступнай і зразумелай”, — сказала А.В.Сакулевіч.
Яе план-канспект урока — тэхналагічная карта, якая дазваляе па-іншаму паглядзець на ўрок.
“Галоўнае на ўроку не тое, што робіць педагог, а што робяць вучні. Менавіта тэхналагічная карта мяняе акцэнты, галоўным становіцца дзейнасць навучэнцаў, і адразу відаць, якая яна: аднастайная або разнастайная, актыўная ці пасіўная, вучні — аб’екты альбо суб’екты. Таму цяпер мой план урока — гэта тры слупкі: этапы, што раблю я і што робяць навучэнцы. Да кожнага этапу абавязкова мэта, бо калі я нешта раблю на ўроку, то павінна дакладна разумець навошта”, — адзначыла педагог.
Увогуле, на сваіх уроках яна імкнецца даць вучням разуменне логікі, якая асабліва добра прасочваецца ў літаратурных творах. Бо каб зразумець персанаж, трэба выявіць яго ўнутраныя сэнсы.
“Я хацела б, каб мае вучні ўсвядомілі, што чытаць трэба, карысна і вельмі цікава. Менавіта чытаючы, мы можам бяспечна пражыць вельмі шмат сітуацый і выпрацаваць пэўныя механізмы рэагавання. Іх, дарэчы, пасля можна прымяняць і ў штодзённым жыцці, — акцэнтавала ўвагу Аляксандра Віктараўна. — Другі момант — навошта мы чытаем кнігі?.. Леў Сямёнавіч Выгоцкі пісаў, што мысленне чалавека складаецца з дзвюх частак: маўленчай і немаўленчай. Ад таго, наколькі развіта ў чалавека маўленчае мысленне, залежыць яго паспяховасць. Менавіта яго мы і развіваем на ўроках мовы і літаратуры. Яшчэ імкнуся паказаць вучням, што, па-першае, пісьменнікі — жывыя людзі, такія ж, як і мы, і калі яны змаглі, то і вы зможаце. А па-другое, мова — гэта нібы паветра, без якога мы нікуды. Калі ты можаш карыстацца ёй, то ўсе дарогі адкрыты”.
Каб зацікавіць старшакласнікаў вялізнымі класічнымі творамі, А.В.Сакулевіч выкарыстоўвае разнастайныя спосабы, часам нетрадыцыйныя. Так, пры вывучэнні рамана “Злачынства і пакаранне” яна прызнаецца вучням, што не любіць гэты твор:
“Калі вы яго прачытаеце, то зразумееце чаму. Хоць хутчэй за ўсё ў вас будзе свой пункт гледжання. Калі ж вучні разумеюць, што іх меркаванне каштоўнае, то ўключаюцца ў работу. Да таго ж я пераканана: навучэнцы маюць права не любіць аўтара і не хацець чытаць яго твор. У такім выпадку я стараюся пабудаваць урок так, каб ім было лёгка і хацелася ўдзельнічаць у дыскусіі”.
Аляксандра Віктараўна ніколі не павышае голас на сваіх навучэнцаў. А калі хтосьці з іх памыляецца, то гаворыць, што памылкі рабіць карысна, бо на іх вучацца, а ў школу яны якраз і прыйшлі вучыцца.
“Школьнікам важна ведаць, што яны ўсё могуць. Я часта прыбягаю да даволі складаных заданняў, але пры гэтым вучням заўсёды даю ўстаноўку: “Вы ўсе справіцеся, абсалютна ўсе”. А яшчэ я ніколі не абмяркоўваю дзяцей, ні з кім. Нават калі да мяне прыходзіць дзіця са скаргай на іншага, то я буду гаварыць з ім пра яго пачуцці, бо ў цэнтры свету кожнага чалавека ён сам”, — дадала яна.
Па прызнанні А.В.Сакулевіч, работа ў школе дала і ёй самой вельмі шмат у плане асобаснага развіцця. Так, яна змагла перамагчы сарамлівасць, стаць больш упэўненай і рашучай.
“Самае выдатнае ў дзейнасці настаўніка, канечне, дзеці, бо гэта жывыя асобы, з якімі ідзе пастаянны абмен энергіяй. А самае каштоўнае для мяне ў педагогіцы — момант азарэння, які прыходзіць да маіх вучняў”, — акрэсліла Аляксандра Віктараўна.
Акуляры цікавасці
Конкурс “Настаўнік года” стаў для А.В.Сакулевіч своеасаблівым квантавым скачком.
“Да конкурсу я ведала, што я настаўніца. Але калі ён пачаўся, то нібы ўзяла адказнасць за сваё рашэнне стаць настаўнікам. Нарэшце я пачала гаварыць пра сябе з гордасцю: “Я асаблівы чалавек — я школьны настаўнік, які ведае многае з таго, чаго не ведаюць нават бацькі пра сваіх дзяцей”, — патлумачыла педагог.
На конкурсе яе педагагічнае крэда гучыць так: “Вучань — гэта не ёмістасць, якую трэба напоўніць, а факел, які неабходна запаліць”. Бо лічыць, што ў дзецях ужо ўсё ёсць, проста трэба пачаць рэакцыю, і яны ўсяму навучацца і дасягнуць поспеху. Хоць па жыцці яе своеасаблівы дэвіз — гэта верш “Не забі!” Роберта Раждзественскага.
“Калі мне гавораць нешта непрыемнае, то я заўсёды пракручваю гэты верш у галаве, і сваім вучням раю рабіць тое ж самае”, — прызналася педагог.
Да таго ж на педагагічным спаборніцтве Аляксандра Віктараўна хацела б паказаць сябе як акмеістку ад літаратуры:
“Акмеісты хацелі вярнуць слова, яго першапачатковую свежасць і значэнне. Урокі рускай мовы і літаратуры раней называліся ўрокамі славеснасці. Мне вельмі хочацца паказаць вучням, як працуе мастацтва слова, як словы становяцца мастацтвам, каб яны маглі нейкія інструменты ўзяць для сябе і выкарыстоўваць іх. Акрамя таго, каб дзеці думалі, што яны гавораць, і гаварылі менавіта тое, што думаюць, бо словы маюць вялізную сілу”.
Усім канкурсантам А.В.Сакулевіч жадае знайсці акуляры цікавасці:
“Конкурс — гэта цудоўнае захапляльнае падарожжа. Магчыма, мы б ніколі не зрабілі таго, што мы робім зараз. Але гэтае спаборніцтва паскарае нас і дае стымул дзейнічаць. “Настаўнік года” — выклік самому сабе, і я вельмі шмат набыла, удзельнічаючы ў ім. Магчыма, калі б не ён, я ніколі б не сфармулявала для сябе так ясна, што менавіта я раблю ў школе і навошта я туды іду кожны дзень. Конкурс дазволіў паглядзець, што робяць мае калегі, а дасведчаныя метадысты дапамаглі паглядзець на маю працу з іншага пункту гледжання. Вось гэта і ёсць мае акуляры цікавасці”.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і з архіва А. Сакулевіч