Андрэй Іванец: «Для навучання будучых медыкаў створаны ідэальныя ўмовы»

- 10:05Актуально, Образование

Міністр адукацыі Андрэй Іванец азнаёміўся з навучальным працэсам у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.  Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Разам з рэктарам БДМУ Сяргеем Рубніковічам кіраўнік Міністэрства адукацыі пабываў у розных аўдыторыях сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра, які абсталяваны робатамі і трэнажорамі апошняга пакалення, убачыў, як студэнты-медыкі на практычных занятках вывучаюць і адпрацоўваюць складаныя клінічныя выпадкі.

Міністр адзначыў, што пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы, якая ў першую чаргу тычылася павышэння якасці вышэйшай адукацыі і ў цэлым правядзення поўнай рэвізіі стану нацыянальнай вышэйшай школы, вельмі важна прыйсці ва ўніверсітэты, да калектываў і яшчэ раз свежым вокам паглядзець на тыя праблемныя пытанні, якія агучыў Прэзідэнт:

— Прыйшоўшы ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, было вельмі важна не проста азнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай, а пагутарыць з выкладчыкамі, студэнтамі, даведацца іх меркаванне аб новых адукацыйных тэхналогіях, якія актыўна ўкараняюцца ва ўніверсітэтах. У прыватнасці, для медыцынскай адукацыі гэта стварэнне сімуляцыйных цэнтраў, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры навучанні. Азнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, хочацца сказаць, што для будучых медыкаў створаны ідэальныя ўмовы, таму што навучанне праходзіць у малых групах, відаць, наколькі індывідуальна выкладчык можа працаваць з кожным студэнтам. Важна пры ўкараненні тэхналагічных навін захаваць і тыя лепшыя напрацоўкі, якія выкарыстоўваліся дзесяцігоддзямі савецкай сістэмай адукацыі. Пры гэтым трэба глядзець наперад, бачыць перспектыву і ацэнь­ваць, наколькі сістэма адукацыі сёння адпавядае тым патрабаванням па пад­рыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, якія вылучае заўтрашні дзень.

Размаўляючы з мі­ністрам, педагогі і студэнты высока ацанілі магчымасці сучасных адукацыйных тэхналогій, якія апошнія гады актыўна ўкараняюцца ў навучальны працэс. Студэнты 2—3 курсаў упэўнены, што, дзякуючы заняткам у цэнтры, увайсці ў прафесію ім будзе нашмат лягчэй. У медыцыне няма дробязей, а ўрачэбная памылка можа каштаваць жыцця. Каб іх не дапускаць, патрэбна добрая практыка, якую якраз забяспечвае сімуляцыйны цэнтр.

Студэнтам падабаецца займацца тут і асвойваць медыцынскія маніпуляцыі рознага ўзроўню складанасці. Кожны можа прапрацаваць на справе ўсё тое, што вывучаецца ў тэорыі на лекцыях.

Таксама Андрэй Іванец сустрэўся з рэктаратам, дэканамі, членамі студэнцкага прафсаюза, самакіравання і навуковай супольнасці, універсітэцкім актывам БРСМ.

— Калі мы гаворым аб прадастаўленні маладому спецыялісту першага працоўнага месца, то павінны разумець, якія ўмовы створаны для яго прафесійнага росту. Ён павінен мець такія ўмовы, каб, з аднаго боку, стаць прафесіяналам, а з другога — бесперапынна павышаць кваліфікацыю. Пасля гэтага прыйдзе ўсё астатняе — адпаведны кар’ерны рост і неабходныя матэрыяльныя даб­роты. Кожны малады чалавек павінен разумець, якія ўмовы для яго стварае дзяржава. Гэта трэба не толькі цаніць, але і ўсведамляць, што краіна чакае аддачы ад маладых спецыялістаў, якія прыйдуць і будуць працаваць у сваёй галіне для дзяржавы. Трэба станавіцца сапраўднымі прафесіяналамі і разумець, наколькі яны важныя для краіны, — падзяліўся Андрэй Іванец.

Гаворачы аб выкліках сучаснасці, якія патрабу­юць падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў на перспектыву, міністр заўважыў, што адукацыйнае ведамства на працягу апошніх гадоў праводзіць вялікую сістэмную работу, аптымізуючы структуру пад­рыхтоўкі спецыялістаў. На ўзроўні вышэйшай адукацыі, згодна з патрабаваннямі часу, на працягу апошніх трох гадоў павялічаны набор на медыцынскія і педагагічныя спецыяльнасці, на до­сыць высокім узроўні падтрымліваецца набор на інжынерныя спецыяльнасці, паколькі для прамысловасці патрабуюцца высокакваліфікаваныя інжынеры, тэхнолагі, канструктары. Ствараюцца неабходныя ўмовы і для ранняй прафарыентацыі старшакласнікаў. У прыярытэце — будучыя інжынеры і аграрыі.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара