Рэспубліканскі фэст сабраў у сталіцы пераможцаў і прызёраў конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Разам з педагогамі 46 навучэнцаў правялі частку гэтых па-зімоваму вясновых канікул у Мінску. Для лепшых экскурсаводаў школьных музеяў паездка ў сталіцу стала своеасаблівай узнагародай. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі творчыя майстэрні, насычаная экскурсійная праграма. Асабліва запомнілася сустрэча з міністрам адукацыі. Дарэчы, па ініцыятыве Андрэя Іванца і праводзіўся рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў.
Міністэрства адукацыі нездарма ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю музейнай справы. Школьныя музеі з’яўляюцца захавальнікамі гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа, садзейнічаюць паглыбленню ведаў навучэнцаў, дапамагаюць выхоўваць сапраўдных грамадзян.
– Гэта своеасаблівыя скарбніцы, дзе захоўваюцца рэчы мінулых эпох, рэчы, якія дыхаюць гісторыяй малой радзімы. Паняцці «сувязь часоў», «пераемнасць», «спадчына» ў музеі набываюць тую рэальнасць і значнасць, якіх немагчыма дасягнуць ні ў якой іншай сферы жыцця, – адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч.
Цікавую думку наконт «прадметаў мінулых эпох» выказаў загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры філіяла «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука:
– Музейныя прадметы маўклівыя, яны маўчаць аб тым, што бачылі за сваю гісторыю, аб тым, які лёс напаткаў іх. А загавораць яны толькі тады, калі да іх дакрануцца вашы рукі, калі вы будзеце расказваць пра гісторыю экспаната, якая ўвасобілася ў лёсе нашага народа, краіны.
На фэсце музейныя прадметы сапраўды гаварылі. Дакладней, пра іх лёс расказвалі юныя экскурсаводы падчас выставы «Музей у чамадане», прэзентацыі экскурсій «Музейнымі сцежкамі» і творчых майстэрань «Ад ідэі да ўвасаблення». Азнаёміўся з музеямі ў чамаданах і міністр адукацыі. Пасля ён абмеркаваў з вучнямі развіццё краязнаўчай і музейнай справы, адказаў на пытанні, якія тычацца розных аспектаў школьнага жыцця.
– Нават невялікія экспазіцыі, якія вы сёння прадставілі на выставе, паказалі, наколькі школьныя музеі разнапланавыя. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць. Мне хацелася б, каб ваша захапленне абавязкова спатрэбілася вам у жыцці. Калі вы выйдзеце за сцены школы, паедзеце ў летнія лагеры, будзеце сустракацца з равеснікамі, сябрамі, абавязкова расказвайце ім тое, чым дзеліцеся з наведвальнікамі вашых музеяў, – адзначыў А. Іванец.
На думку міністра адукацыі, кожнаму школьніку варта паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Тут галоўная задача – не завучыць нейкі тэкст і прыгожа яго расказаць, а пасеяць у сэрцах дзяцей зерне цікавасці да мінулага роднага краю, з вывучэння якога і пачынаецца патрыятычнае выхаванне. Важна, каб кожная школа стала музейнай прасторай, а да пошуку экспанатаў далучыліся ўсе вучні.
Дзеці пацікавіліся ў ганаровага госця, ці даводзілася яму ў школьныя гады быць экскурсаводам.
– На жаль, не, – шчыра прызнаўся ён. – У мае школьныя гады гэты рух не быў настолькі развіты. Але ў вашага пакалення ёсць цудоўная магчымасць адчуць сябе экскурсаводамі і расказваць пра гісторыю нашай краіны. Таму сёння Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры ўдзяляюць вялікую ўвагу менавіта экскурсійнай дзейнасці. Мы запусцілі пілотны праект, у рамках якога кожную апошнюю сераду месяца нашы навучэнцы могуць бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі сістэмы культуры. І гэтай магчымасцю вам трэба максімальна карыстацца.
Кожнаму школьніку варта паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Тут галоўная задача – не завучыць нейкі тэкст і прыгожа яго расказаць, а пасеяць у сэрцах дзяцей зерне цікавасці да мінулага роднага краю, з вывучэння якога і пачынаецца патрыятычнае выхаванне.
На пытанне «Якія мясціны Беларусі вы параілі б наведаць у першую чаргу?» міністр адзначыў, што калыскай нашай дзяржаўнасці з’яўляецца Полацкае княства, таму ў Полацку трэба пабываць кожнаму маладому жыхару нашай краіны. Як і ў Хатыні, 80-годдзе трагедыі якой нядаўна ўшаноўвалі. І, безумоўна, спазнанне Беларусі варта пачаць са спазнання сваёй малой радзімы.
Як вывучаць родны край цікава, з карысцю, якраз і ведаюць удзельнікі рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. Прыемным момантам фэсту стала ўрачыстае ўзнагароджанне яго пераможцаў і прызёраў. З іх імёнамі можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА