Англійская для малышоў — у вершах, песнях і гульнях

- 12:03Дашкольная адукацыя

Сем гадоў назад па запытах бацькоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Калінкавіч з’явілася дадатковая адукацыйная паслуга па навучанні малышоў англійскай мове. Яе пачала выкладаць выхавальнік-метадыст установы Людміла Анатольеўна Дручкова, спецыяльнасць якой, згодна з першай адукацыяй, “Выкладчык англійскай мовы”. Заняткі праходзяць 1 раз на тыдзень па падгрупах (у іх не больш за 12 дзяцей 5—6 гадоў). Навучанне ажыццяўляецца па ВМК С.Х.Гомза “Англійская мова для дашкольнікаў”.

“Сучасных бацькоў не трэба ўгаворваць, каб іх дзеці хадзілі ў гурток англійскай мовы, — гаворыць Людміла Анатольеўна. — Некаторым нават даводзіцца адмаўляць у гэтым, калі, напрыклад, дзіця мае маўленчыя праблемы і займаецца з настаўнікам-дэфектолагам. Тлумачым у такіх выпадках, што спачатку неабходна паставіць вымаўленне на роднай мове, а пасля пачынаць асвойваць замежную. З 4 гадоў найбольш актыўна развіваецца маўленне малышоў, узбагачаецца іх слоўнікавы запас, дзіця хуткімі тэмпамі авалодвае граматычнымі правіламі мовы, развіваецца фанематычны слых малыша, дзіця ўсведамляе багаты слоўнікавы склад мовы. Устаноўлена, што ў маленстве дзіця здольна правільна вымаўляць гукі любой мовы. Калі яно чуе маўленне толькі на адной мове, то яго маўленчы апарат настройваецца менавіта на гэтую мову. Авалоданню аўтэнтычным вымаўленнем спрыяе ранняе вывучэнне незнаёмай мовы. Мала з тых, хто прыступае да вывучэння замежнай мовы пасля 12 гадоў, можа гаварыць без акцэнту. На пачатковым этапе навучанне замежнай мове патрабуе вялікай колькасці дробных, але важных дзеянняў, якія лёгка і з цікавасцю выконваюць дашкольнікі ў гульнявых сітуацыях і на якія цяжка настроіць дзіця 11—12 гадоў. Моўная база, набытая ў дзіцячым садзе, дапамагае пасля пераадолець страх перад замежнай мовай, які прысутнічае ў некаторых школьнікаў”.

Дзіця дашкольнага ўзросту не ўсведамляе, навошта яму трэба ведаць замежную мову. Мэты, якія перад ім ставяць дарослыя, для яго занадта абстрактныя. Матывацыя дашкольніка падпарадкоўваецца прынцыпу “тут і цяпер”, таму ўвесь працэс спасціжэння мовы неабходна выбудоўваць як працэс задавальнення патрэб дзіцяці ў гульні, у пазнанні новага, у цікавых зносінах з дарослымі і іншымі выхаванцамі.

Людміла Анатольеўна ўпэўнена, што самае галоўнае — вучыць без прымусу і максімальна зацікавіць дзіця навучаннем, у першую чаргу з дапамогай гульнявога метаду. Педагог прапаноўвае гульні, якія садзейнічаюць замацаванню новага лексічнага матэрыялу. Напрыклад, гульня Snowball (“Снежны камяк”). Першы гулец называе адно слова згодна з тэмай. Другі паўтарае слова першага гульца і дадае сваё. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль ланцужок са слоў не перапыніцца. Яшчэ прыклад гульні — What is missing? (“Што прапала?”). На стале раскладваюцца карткі з выявамі прадметаў па пэўнай тэме. Вядучы прапаноўвае разгледзець карткі, называе пры гэтым намаляваныя прадметы і дае каманду: “Close your eyes!”, хаваючы адну картку. Затым запрашае расплюшчыць вочы: “Open your eyes!” — і задае пытанне: “What is missing?” Гэтая гульня развівае памяць, увагу і дазваляе замацаваць новыя словы. Гульня I like it too. Вядучы кідае мяч і называе тое, што ён любіць. Напрыклад: “I like apples”. Другі гулец, злавіўшы мяч, гаворыць, што яму гэта таксама падабаецца. Вяртаючы мяч, кажа: “I like apples too”.

Лёгка дапамагаюць запомніць словы дагаворкі — невялікія вершы на рускай мове з ключавымі англійскімі словамі. Напрыклад, па тэме “Колеры”: “Рыбы в море наловлю // В море синем, синем blue”; “Лягушонок, посмотри, // Весь такой зеленый green”; “Я бы съел кило конфет // В упаковке красной red”. Дагаворкі па тэме “Жывёлы”: “Умываться не привык // Поросенок грязный pig”; “Трудный вам задам вопрос: // “Назовите лошадь horse”; “Кот мой съел вчера омлет, // Ох, воришка этот cat”.

Вельмі эфектыўны праектны метад, адаптаваны менавіта да дашкольнікаў. Распрацоўцы праекта па пэўнай тэме прысвячаецца цэлая серыя заняткаў. Дзецям згодна з тэмай даюцца самастойныя творчыя заданні, выконваць якія могуць дапамагаць і бацькі. Людміла Анатольеўна рыхтуе з выхаванцамі непрацяглыя тыднёвыя тэматычныя праекты. Іх вынікі дзеці занатоўваюць з дапамогай малюнкаў у сшытках. Методыка прапаноўвае выкарыстоўваць карткі Глена Домана, а таксама кубікі Зайцава — іх не так даўно пачалі выпускаць з англійскімі літарамі. А лепш за ўсё камбінаваць пры навучанні розныя методыкі.

“Як будуюцца нашы заняткі? У самым пачатку мы вітаемся па-англійску. Затым, як правіла, ідзе сюрпрызны момант, калі да нас “прыходзяць госці”, — лялька Маша з рускай казкі, Аліса з Краіны цудаў, Віні-Пух і нават Язычок, які размаўляе з малышамі па-англійску, паведамляе пра краіну, з якой прыйшоў, — расказвае Людміла Анатольеўна. — Пры гэтым ідзе актыўны працэс увядзення новых слоў і фраз, а пасля — іх замацаванне. Пасля фізкультхвілінкі дзеці малююць у спецыяльных пропісях, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі. Наступны этап — рэфлексія, падвядзенне вынікаў і развітанне. Чым глыбей выхаванцы спасцігаюць замежную мову, тым менш слоў на рускай я выкарыстоўваю на занятках, таму што многія фразы паўтараюцца дзень пры дні і хутка запамінаюцца. На нашых занятках дзеці засвойваюць англійскую мову праз паўтарэнне рыфмовак, простых песенек, вершаў, фраз у гульнях. Па ўсіх тэмах курса я распрацавала прэзентацыі, у якія ўключыла відэафрагменты, урыўкі з мультфільмаў, музычныя ўстаўкі. Любімыя тэмы ў дзяцей — пра жывёл, пра сваю сям’ю і ўсё, што тычыцца вывучэння колераў. Мы разбіраем пераклады казак “Церамок”, “Калабок” і іншых — тых, якія дзеці добра ведаюць. Выхаванцы вучацца пераказваць іх на англійскай мове, удзельнічаюць у драматызацыях з касцюмамі і маскамі”.

Галоўная мэта выкладання замежнай мовы ў дашкольнай установе — развіццё і падтрымка цікавасці да яе. Нармальна, калі спачатку дзіця адказвае на пытанні педагога жэстамі або асобнымі словамі. У гэты час яно ўсё роўна непрыкметна ўбірае інфармацыю, якую чуе. Менавіта так адбываецца і з роднай мовай. Спачатку дзіця толькі слухае дарослых, потым пачынае жэстыкуляваць у адказ і, нарэшце, дае адказ асобнымі словамі і фразамі.

У многіх малышоў у пачатку вывучэння англійскай мовы могуць узнікаць праблемы з вымаўленнем. Пастаноўка правільнага вымаўлення — доўгі працэс, які патрабуе вялікай колькасці практыкаванняў на развіццё слыху, умення адрозніваць гукі замежнай мовы ад роднай і правільна вымаўляць іх. Слухаючы педагога і дыск з запісамі дыялогаў, гісторый, песень, рыфмовак і паўтараючы праслуханае, дзіця паступова авалодвае належным вымаўленнем.

Выхаванцам не абавязкова запамінаць усе словы, пачутыя на занятках. Яны атрымліваюць карткі-заданні з пералікам слоў і фраз, якія павінны вывучыць да канца года. Мяркуецца, што аб значэнні слоў з песень, вершаў, якія не ўключаны ў гэты пералік, дзіця здагадаецца. Людміла Анатольеўна не патрабуе, каб дзеці перакладалі кожнае слова ў фразах ці сказах. Просіць, каб яны перадалі іх агульны сэнс: “Аб чым гэтая рыфмоўка?”; “Пра каго гэтая песенька?”; “Што просіць сабачка?”. Зразумела, што для дашкольнікаў не тлумачацца правілы граматыкі. Дзеці засвойваюць іх перш за ўсё праз непасрэдныя зносіны, праз узоры размоў, якія яны пастаянна чуюць.

Лексічны запас, які выхаванцы павінны атрымаць за год па праграме, складае 150 слоў і фраз. У канцы года праводзяцца выніковыя комплексныя заняткі, на якіх дзеці дэманструюць бацькам свае веды.

“Пажадана, каб дома ў дзіцяці быў англійска-рускі слоўнік з малюнкамі і бацькі разам з дзіцем праглядалі яго, — падкрэслівае Людміла Анатольеўна. — А таксама на вуліцы або дома ўказвалі на прадметы і задавалі малышу пытанне: “А як гучыць назва па-англійску?” (спіс слоў могуць узяць у мяне). Бацькі могуць зрабіць карткі па тэмах “Колеры”, “Жывёлы”, “Лічбы”, “Цацкі”, “Мая сям’я”, “Поры года” і г.д., на адным баку якіх малюнак — на другім — пераклад. Можна браць карткі з сабой на прагулку, на дачу. Карткі з пройдзенымі словамі можна размясціць у асобную скрыню — скарбонку слоў. Пажадана весці сшытак або альбом, куды ўклейваць заданні і карцінкі. Бацькі могуць прапанаваць дзіцяці вучыць англійскім словам каго-небудзь з членаў сям’і. І рабіць гэта ў форме гульні. Некаторыя дзеці расказваюць дома пра правілы гульняў, якія выкарыстоўвае педагог, такіх як “Разумны папугай”, “Што прапала?” і іншых. І, зразумела, бацькі могуць глядзець разам з дзецьмі вучэбныя мультфільмы, спецыяльныя дзіцячыя сайты па вывучэнні англійскай мовы, асвойваць камп’ютарныя праграмы. Пры любым зручным выпадку трэба дэманстраваць дзіцяці магчымасці выкарыстання англійскай мовы як сродку камунікацыі і атрымання неабходнай інфармацыі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.