Антаніна Голуб: «Дзяцінства — вельмі важны перыяд у жыцці чалавека, калі закладваецца падмурак асобы»

- 15:03Учитель года

Фіналістка конкурсу “Настаўнік года — 2023” выхавальніца дзіцячага сада № 372 Мінска Антаніна Голуб стараецца, каб кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі новыя адкрыцці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Усе мы родам з дзяцінства

У працоўнай кніжцы Антаніны Міхайлаўны пазначана адзінае месца працы — дзіцячы сад № 372 Мінска. Сюды яна прыйшла на апошнім курсе педагагічнага каледжа, які неўзабаве скончыла на выдатна.

З самага дзяцінства вакол мяне заўсёды былі дзеці, — расказвае Антаніна Голуб. — У двары я была адной са старэйшых, таму прыглядала за меншымі. Потым неяк павялося, што суседзі, знаёмыя прасілі то пагуляць з малымі, то прыгледзець за імі. У старшых класах, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, я не сумнявалася, што буду педагогам. Адзінае, што абдумвала, — з дзецьмі якога ўзросту хачу працаваць: з дашкалятамі або малодшымі школьнікамі.

Вызначыўшыся, пасля 11 класа ў 2000 годзе Антаніна падала дакументы ў Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж № 2 імя Максіма Танка на спецыяль­насць “Педагогіка і псіхалогія дашкольная” са спецыялізацыяй “Лагапедыя” (кваліфікацыя “выхавальнік дашкольнай установы”). Уладкаваўшыся працаваць, выхавальніца працягнула навучанне і паступіла на вячэрняе аддзяленне БДПУ, каб асвоіць спе­цыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія”.

Дарэчы, калі ў дзіцячым садзе вызвалілася вакансія педагога-псіхолага, Антаніне Голуб як дыпламаванаму спецыялісту з кваліфікацыяй “педагог, педагог-псіхолаг” прапанавалі паспрабаваць сябе на гэтай пасадзе. Але праз некалькі гадоў яна вырашыла для сябе, што яе месца з дзецьмі ў групе.

Працуючы псіхолагам, я толькі некалькі гадзін у дзень мела зносіны з малымі, калі праводзіла дыягностыку ці групавыя і індывідуальныя карэкцыйныя заняткі для развіцця эмацыянальна-валявой, інтэлектуальна-пазнавальнай, камунікатыўнай сферы. Шмат займалася важнай, але руціннай работай, у тым ліку запаўненнем дакументацыі, справаздачамі, — успамінае Антаніна Голуб. — Частка часу прысвячалася рабоце з сем’ямі, якія апынуліся або рызыкавалі апынуцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З усім гэтым я спраўлялася, аднак адчувала катастрафічны недахоп зносін з дзецьмі.

Шчырая любоў і клопат

Прыходзячы ў дзіцячы сад упершыню, маленькі чалавек раз-пораз сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі. Асноўныя праблемы, характэрныя для дашкольнага ўзросту, — цяжкасці з камунікацыяй і паводзінскія расстройствы, калі дзіця праяўляе агрэсію, празмерную запальчывасць, пасіў­насць або гіперрухомасць.

— У малодшай групе, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ дрэнна гавораць і многае не ўмеюць рабіць самастойна, паўтараеш ім адно і тое ж некалькі разоў, дапамагаеш апрануцца, паесці, выйсці на вуліцу. Падчас адаптацыі да дзіцячага сада першыя “нягоды дарослага жыцця” дзеці пражываюць па-рознаму, — усміхаецца Антаніна Міхайлаўна. — Традыцыйна большасць цяжкасцей узнікае падчас дзённага сну: хтосьці прывык засынаць у цішыні, хтосьці з любімым мішкам або зайкам, а хтосьці толькі побач з мамай. Быў хлопчык, які ў слязах паўтараў: “Я не магу заснуць без маміных броваў!” Аказалася, дзіця днём засынае, утыкаючыся ў матулін твар, гладзячы яго. Таму з некаторымі малымі даводзіцца ся­дзець побач, трымаць іх за руку, абдымаць. Шчырую любоў і клопат яны заўсёды адчуваюць і супакойваюцца.

Замкнёных выхаванцаў, на думку педагога, важна ў адаптацыйны перыяд вылучаць, хваліць, каб яны апынуліся ў сітуацыі поспеху. Тады малыя вельмі хутка, паверыўшы ў свае сілы, пазбаўляюцца страхаў, сарамлівасці і добра кантактуюць з аднагодкамі.

Сталенне сямімільнымі крокамі

З году ў год дзеці даведваюцца з выхавальнікам шмат цікавага, вучацца разважаць, перажываюць розныя эмоцыі падчас гульняў, выконваючы розныя заданні.

— Дзяцінства — вельмі важны перыяд у жыцці чалавека, калі закладваецца падмурак асобы, яго характар, самаацэнка, таму гэты час павінен быць яркім, напоўненым цікавымі заняткамі і падзеямі, — упэўнена мая суразмоўніца. — Стараюся, каб кожны дзень мае выхаванцы рабілі новыя адкрыцці. Кожнаму малому трэба адчуваць, што яго любяць, усведамляць, што ён лепшы. Кожнаму важна даць магчы­масць праявіць сваю індывідуальнасць. Тады атрымаецца выхаваць упэўненых у сваіх сілах людзей.

Каб лепш падрыхтаваць малышоў да школы, Антаніна Міхайлаўна таксама запрашае іх у гурток па вывучэнні граматы і матэматыкі “Знайка”. А з 2019 года, прыняўшы удзел у адукацыйным праекце Парка высокіх тэхналогій і прайшоўшы анлайн спецыялізаванае навучанне, педагог стала весці заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Інфарматыка без разеткі”. Пазней — гурток па робататэхніцы “РобаАлгарытміка”. Дзякуючы гэтым ведам, у дзяцей развіваюцца асновы алгарытмічнага мыслення і логікі. Яны вучацца думаць нестандартна, без шаблонаў.

Яшчэ адно даўняе захапленне педагога — стварэнне дыдактычных гульняў для дзяцей пра Мінск.

— Аднойчы, размаўляючы з малымі пра вуліцы, паркі горада, наш мікрараён, высветліла, што ім складана самастойна расказваць пра сталіцу, — дзеліцца Антаніна Голуб. — А вось пры выкарыстанні дыдактычнай гульні выхаванцы больш ахвотна адказвалі на пытанні, хутчэй засвойвалі новую інфармацыю, з цікавасцю выконвалі заданні. Тады я вырашыла стварыць свае настольныя гульні, кожная з якіх будзе знаёміць з вуліцамі, мікрараёнамі, памятнымі месцамі, прамысловымі прадпрыемствамі, зонамі адпачынку, спартыўнымі аб’ектамі горада. Пазней задума ўвасобілася ў больш маштабны праект, і на аснове назапашанага матэрыялу з’явіўся шматфункцыянальны дыдактычны дапаможнік “Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь”. Ён ўключае ў сябе комплекс з 54 (!) дыдактычных гульняў.

Свае заняткі Антаніна Міхайлаўна з дапамогай эфекту нечаканасці часта напаўняе “цудамі” і “чараўніцтвам”, што дапамагае педагогу далучыць дзяцей да творчасці або пераключыць на новы від дзейнасці. Гэта можа быць абмеркаванне важных тэм, чытанне ўголас казак. Дзеці разважаюць пра дабро і зло, вучацца сябраваць, праяў­ляць клопат адно пра аднаго. Адна з традыцый педагога — правядзенне пятнічных пікнікоў, на якіх за чаяваннем, частуючы адно аднаго выпечкай, малыя абмяркоўваюць усё на свеце.

З дашкалят у першакласнікі

У 5—6 гадоў дашкаляты рыхтуюцца да новага этапу свайго жыцця — пераходу ў школу.

— У старшых групах мы праводзім псіхалагічную дыягностыку гатоўнасці дзіцяці да школы, — заўважае Антаніна Міхайлаўна. — Аднак, на жаль, часта бацькі паступаюць па-свойму, не заўсёды зыходзячы з інтарэсаў сына ці дачкі. Адны выраша­юць аддаць у 1 клас малога ў няпоўныя 6 гадоў, іншыя адпраўляюць туды дзіця, калі яму ўжо амаль 8. Бывае, інтэлектуальна малое гатова да школы, а вось псіхалагічна (на камунікатыўным і эмацыянальным узроўні) — не: яно вельмі замкнёнае, сарамлівае, марудлівае. Вялікая верагод­насць, што ў школьным калектыве такі першакласнік будзе пастаянна ў сітуацыі няўдачы толькі таму, што не зможа паспяваць выконваць заданні, пасаромеецца падняць руку і адказаць. Так дзіця рызыкуе яшчэ больш замкнуцца, стаць ізгоем. Калі ж і фізічна, і псіхалагічна, і інтэлектуальна дзіця гатова да школы, не варта яго трымаць у садку проста таму, што так зручна бацькам.

Вам сумна развітвацца са сваімі выхаванцамі? — цікаўлюся напрыканцы размовы.

Я не сумую, бо ўпэўнена, што наперадзе іх чакае займальнае, шчаслівае жыццё, поўнае адкрыццяў. Зрэшты, многія дзеці падчас навучання ў школе яшчэ доўга забягаюць да мяне, каб павітацца, расказаць пра свае поспехі. Заўсёды вельмі радуюся за іх!

Бліцапытанне:

— За што вы любіце сваю работу?

З ёй не засумуеш. У мяне ёсць магчымасць кожны дзень здзяйсняць займальнае падарожжа ў бесклапотны свет дзяцінства. Штодзень я чую сотні “чаму”, бачу радасныя вочы дзяцей, якія шчыра мяне чакаюць. Зносіны з выхаванцамі зараджаюць энергіяй, дораць адчуванне веры ў цуд і мару, дапамагаюць пазітыўна гля­дзець на свет, дазваляюць рабіць тое, што прыносіць задавальненне.

— Чаму вучыцеся ў сваіх выхаванцаў?

Мэтанакіраванасці і ўпартасці, шчырасці і адкрытасці. Вучуся радавацца дробязям, не баяцца памыліцца, прасіць аб дапамозе, берагчы сяброўства, імправізаваць, здзіўляць і здзіўляцца, верыць у мару!

Сваімі пытаннямі і развагамі дзеці часта падкідваюць тэмы для нашых будучых заняткаў. У апошні час, напрыклад, яны часта цікавяцца, чаму людзі становяцца злымі. Вось прыйшлося задумацца над вечнай тэмай дабра і зла. Неўзабаве абавязкова паразважаем пра гэта з імі разам.

— Ці ёсць у вас хобі?

— Мае дзіцячыя прыхільнасці выраслі ў мае захапленні: чытанне, калекцыянаванне мікракніг (шэдэўраў сусветнай літаратуры) і складанне пазлаў. З 1000 пазлаў збіраю карціны і ўпрыгожваю імі сцены.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота з архіва ўстановы адукацыі