Метадычны квест дазваляе арганізаваць навучанне маладых і нявопытных педагогаў, абмен вопытам паміж педагогамі, якія маюць аўтарскія напрацоўкі, прэзентацыю лепшых дасягненняў самых дасведчаных, а галоўнае — дае магчымасць зрабіць гэта ўсё ў камфортным рэжыме, у зручны час, падчас зносін з калегамі. Такую форму метадычнай работы ў нашай гімназіі выкарыстоўваю два гады.
Квест (ад англ. Quest — “пошук”) — гэта інтэрактыўная гульня з сюжэтнай лініяй, якая заключаецца ў рашэнні розных галаваломак і лагічных заданняў. Доўгі час папулярнай забавай моладзі былі анлайн-квесты, зараз усё большую цікавасць выклікаюць так званыя жывыя квесты ў рэальнасці, а на дапамогу педагогам прыходзіць метадычны квест.
Мэта метадычнага квеста — актуалізацыя наяўных ведаў па тэме, набыццё новых ведаў і ўменняў, іх сістэматызацыя, абмен вопытам паміж педагогамі, прэзентацыя лепшых напрацовак.
Для таго каб праходжанне квеста было цікавым, неабходна прадумаць некаторыя моманты.
- Час.
Метадычны квест можна праводзіць на працягу аднаго дня (калі не прадугледжваюцца аб’ёмныя заданні) або на працягу некалькіх дзён (звычайна — тыдзень), што дазваляе ўдзельнікам вывучаць прапанаваныя матэрыялы і выконваць заданні ў зручны для іх час.
- Маршрутны ліст.
Маршрутны ліст можа выдавацца кожнаму ўдзельніку квеста ці адзін на групу. У ім зазначаюцца прыпынкі (станцыі), заданні і тэрміны для іх выканання. Маршрутны ліст дапамагае вызначыць удзельнікам квеста неабходныя рэсурсы для яго праходжання, атрымаць уяўленне аб складанасці заданняў і падрыхтаваць аўтарскія матэрыялы для дэманстрацыі.
Паважаныя калегі!
Мы адпраўляемся з вамі ў чарговае займальнае метадычнае падарожжа ў свет адораных і высокаматываваных навучэнцаў. Каб падарожжа прайшло з карысцю, выконвайце заданні, збірайце словы-падказкі, атрымлівайце бонусы!
Дэвізам нашага падарожжа стануць словы Аўгуста Бебеля
…
Працуйце дружна сваёй прадметнай суполкай, вучэбна-метадычным аб’яднаннем, збярыце словы-падказкі і даведайцеся гэтыя словы! Словы-падказкі запісвайце ў канцы маршрутнага ліста.
Што б вам хацелася сабраць у сваю метадычную скарбонку за час вашага падарожжа па тэме “Адоранае дзіця: ад выяўлення да рэалізацыі”? Запішыце.
Збярыце матэрыялы па тэме.
Вызначыце, што вам ужо вядома па тэме. Для гэтага сумесна дайце адказ на пытанне “Хто яно, адоранае дзіця?”. Запішыце некалькі прыкладаў.
Прыпынак № 1. Што азначае паняцце “адоранае дзіця”? Каб даць адказ на гэтае пытанне, вывучыце інфармацыю па спасылцы на QR-код.
Прыпынак № 2. А як выявіць адоранае дзіця? Правядзіце даследчую работу. Знайдзіце ў інтэрнэце дыягностыкі, тэсты, методыкі і іншыя сродкі, якія дазваляюць выявіць адоранае дзіця. Падрыхтуйце электронны буклет са знодзенымі матэрыяламі, падзяліцеся буклетам у суполцы “Настаўніцкая”. Па выніках выкананай работы кожная прадметная суполка, вучэбна-метадычнае аб’яднанне атрымаюць слова-падказку.
Атрыманыя словы-падказкі запішыце ў канцы маршрутнага ліста.
- Бонусы.
Кожны чалавек, выконваючы заданне, хоча атрымаць нейкую ўзнагароду. Бонусам у метадычным квесце могуць стаць спасылкі на цікавыя матэрыялы па тэме (у выглядзе QR-кода), раздатачны матэрыял, групавыя фота, выкананыя пры праходжанні заданняў, распрацоўкі ўдзельнікаў квеста і інш.
- Тэма квеста.
Тэма квеста павінна быць актуальнай для ўсяго педагагічнага калектыву (напрыклад, квест можна правесці пры падрыхтоўцы да педагагічнага савета). Гэта дазволіць кожнаму педагогу актыўна ўключыцца ў праходжанне заданняў і адначасова ўсвядоміць, на якія пытанні атрыманы адказы, а якія патрабуюць дапрацоўкі. Напрыклад, метадычны квест “Адоранае дзіця: ад выяўлення да рэалізацыі” ці “Наш лепшы метапрадметны ўрок, або Як фарміраваць функцыянальную дасведчанасць навучэнцаў”.
- Заданні.
Заданні квеста павінны быць разнастайнымі, але не вельмі складанымі. Лепш за ўсё прапаноўваць заданні па ступені ўскладнення:
- тэорыя (каб выканаць заданне, азнаёмцеся з прапанаванымі матэрыяламі і адкажыце на пытанні…);
- пошук і апрацоўка (правядзіце даследчую работу, знайдзіце ў інтэрнэце інфармацыю, якая дазволіць… Падрыхтуйце электронны буклет (друкаваны буклет, прэзентацыю, зборнік і г.д.) са знойдзенымі матэрыяламі, падзяліцеся ў…);
- а што ў нас ужо ёсць? (ці задумваліся вы над тым, што ў нашай установе ёсць… дзе можна атрымаць… Наведайце гэты кабінет (чалавека, групу людзей і г.д.). Выканайце заданні, якія вам будуць прапанаваны, зрабіце фота, вынік работы размясціце, адпраўце, раздрукуйце і г.д.);
- вопыт (падзяліцеся вопытам работы па тэме… Стварыце плакат ці інфаграфіку, дзе адлюструйце… што дазваляе вам дасягаць поспеху. Вынік работы прадастаўце ў метадычны кабінет (размясціце…; падзяліцеся… і г.д.).
- Матывацыя.
Для таго каб квест быў пройдзены ад пачатку і да канца, неабходна прыдумаць матыватар. Я выкарыстоўваю цытату, якую неабходна збіраць на працягу квеста. За кожнае выкананае заданне можна атрымаць частку цытаты і размясціць яе ў маршрутны ліст. Бонусы ўдзельнікі атрымліваюць пры прад’яўленні ўсёй цытаты.
Метадычны квест, спланаваны і праведзены такім чынам, дазваляе вырашаць метадычныя задачы, рацыянальна расходуе час удзельнікаў, забяспечвае дыферэнцыраваны падыход у рабоце з педагогамі і дазваляе правесці час цікава.
Алена АСКІРКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”