Арыенцір — на эфектыўнасць

На важнасці павышэння якасці адукацыі і эканоміі бюджэтных сродкаў была галоўным чынам акцэнтавана ўвага ўдзельнікаў пасяджэння выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У ім прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, а таксама намеснікі старшынь, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання.

Пасяджэнне калегіі адкрыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, які ў сваім выступленні падвёў вынікі работы па сацыяльна-эканамічным развіцці сферы адукацыі Магілёўшчыны за мінулы год і абазначыў задачы на год бягучы.

— У мінулым годзе суб’екты адукацыйнага працэсу паслядоўна ажыццяўлялі работу па павышэнні якасці адукацыі. Для максімальнага дасягнення гэтага паказчыка сістэма адукацыі развівалася ў кантэксце рацыянальнага выкарыстання кадравага патэнцыялу і матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. За год планавай работы было зроблена нямала. Забяспечана выкананне ўсіх устаноўленых нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, — адзначыў Уладзімір Рыжкоў.

Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці летась спрацавалі сапраўды дастаткова плённа. Напрыклад, функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі было скіравана не толькі на якасць, але і на эканамічную эфектыўнасць. Былі прыняты розныя меры, накіраваныя на павелічэнне напаўняльнасці класаў і памяншэнне выдаткаў на аднаго вучня. Праведзена паслядоўная работа па аптымізацыі і рацыяналізацыі сеткі ўстаноў адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця раёнаў. Вялікую работу правялі па ўдасканаленні якасці і даступнасці навучання, забеспячэнні яго арыентаванасці на запыты дзяцей і бацькоў. Працягвалася развіццё профільнага навучання. Зараз яно арганізавана ў 160 установах адукацыі з ахопам у 50% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Гэта прынесла пэўныя станоўчыя вынікі. Летась амаль трэць выпускнікоў сярэдняй школы мела сярэдні бал атэстатаў больш за 8,5, што вышэй за ранейшыя паказчыкі.

— Павялічылася колькасць вучняў, узнагароджаных за выдатную вучобу залатымі ці сярэбранымі медалямі. Больш стала і прадстаўнікоў вобласці, якія дасягнулі максімальных балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. У выніку ва ўмоўны рэйтынг лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі ўвайшло 14 магілёўскіх навучальных устаноў, — паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама.

Але ёсць і моманты, над якімі варта задумацца. Так, па шэрагу вучэбных прадметаў на ЦТ выпускнікі рэгіёна знізілі свае паказчыкі. Прычына ў тым, што не ўсюды эфектыўна наладжана прафарыентацыйная работа. Патрэбна скаардынавана працаваць над тым, каб кожны старшакласнік змог правільна вызначыцца з прафесійнай будучыняй. Менавіта так робяць на Клімаўшчыне. Прафарыентацыя ў раёне пабудавана на цесным узаемадзеянні з установамі адукацыі рознага профілю, сацыяльнымі службамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, бацькамі. Кожны школьнік вучыцца па індывідуальным прафесійна-адукацыйным маршруце. Мясцовыя педагогі робяць таксама стаўку на шосты школьны дзень, у які перыядычна ладзяцца прафесійныя суботы.

— Не менш важным лічым і развіццё крэатыўнага мыслення вучняў. Работа, накіраваная на гэта, у асноўным ажыццяўляецца праз арганізацыю даследчай дзейнасці дзяцей. Захапленне даследаваннямі спрыяе павышэнню іх сацыяльнай актыўнасці. Школьнікі распрацоўваюць слушныя бізнес-ідэі, стартапы на карысць грамадства і роднага краю, — расказала намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Кацярына Музычэнка.

Як было адзначана падчас абмеркавання, развіццё інтэлектуальна-творчага патэнцыялу дзяцей павінна быць прыярытэтным. І хоць у гэтым кірунку ўжо склалася досыць выніковая сістэма работы, аб чым найлепш гавораць перамогі магілёўскіх школьнікаў у алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях, неабходна працягваць усебаковае раскрыццё дзіцячых талентаў.

Адметна, што ў вобласці захоўваецца даступнасць якаснай дашкольнай адукацыі, якая забяспечваецца за кошт будаўніцтва дашкольных устаноў, аптымізацыі іх сеткі, укаранення новых форм. Працягваецца работа па развіцці прыватных дзіцячых садоў, павелічэнні колькасці гасразліковых і кароткачасовых груп у дзяржаўных установах. Як вынік, на сённяшні дзень дашкольнай адукацыяй ахоплена звыш 95% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. Для максімальнага ахопу адукацыяй дзяцей з асаблівасцямі паэтапна ажыццяўляецца пераход да інклюзіўнага навучання. Зараз большая частка з іх наведвае інтэграваныя класы. Астатнія дзеці вучацца ва ўстановах спецыяльнай адукацыі.

Планамернае развіццё паказваюць таксама ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яно скіравана на поўнае забеспячэнне эканомікі рэгіёна кваліфікаванымі кадрамі. Навучанне ва ўстановах вядзецца з улікам патрэб рынку працы, яго тэхнічных і тэхналагічных змяненняў. Ажыццяўляецца перападрыхтоўка дарослага насельніцтва, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Набыццё прафесіі становіцца папулярным у моладзі. За мінулы год выпуск з устаноў прафтэхадукацыі склаў 6,5 тысячы чалавек. Большасці з іх, нягледзячы на пэўныя праблемы з размеркаваннем, прадастаўлена першае рабочае месца.

— Працягваецца работа па рэарганізацыі ўстаноў, дакладней, стварэнні сеткі шматузроўневых устаноў прафесійнай адукацыі інтэграванага тыпу. Дзякуючы ўзбуйненню, значна павышаецца практычнае прымяненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, больш правільна выкарыстоўваецца кадравы рэсурс аб’яднаных устаноў, выключаецца дубліраванне падобных спецыяльнасцей. Для навучэнцаў таксама ёсць свой плюс: з’яўляюцца дадатковыя магчымасці бесперапыннай адукацыі, — заўважыў Уладзімір Рыжкоў.

Па яго словах, станоўчая дынаміка назіраецца і ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўных праграм. Так, выкананне ўстаноўленых у галіне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў і паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця забяспечана ў поўным аб’ёме. Падчас пасяджэння асабліва дасканала была разгледжана тэма выхавання і пазаўрочнай занятасці навучэнцаў.

— У рэгіёне склалася цэласная сістэма работы ў гэтым кірунку. Да выхавання падрастаючага пакалення далучаны ўсе зацікаўленыя структуры. Агульная дзейнасць дазваляе дасягаць добрых вынікаў у напрамку выхавання сапраўдных грамадзян. Да таго ж высокі ахоп пазаўрочнай занятасцю прывёў да зніжэння падлеткавай злачыннасці. Але спыняцца на дасягнутым нельга. Трэба працягваць працаваць у гэтым ключы, — матываваў калег Уладзімір Уладзіміравіч.

Чарговы раз увага прысутных на пасяджэнні калегіі акцэнтавалася на тым, што ў сённяшняй няпростай эканамічнай сітуацыі кіраўнік установы адукацыі можа знаходзіць дадатковыя грашовыя сродкі праз развіццё пазабюджэтнай дзейнасці і платных адукацыйных паслуг. Адметна, што дырэктары гэта добра разумеюць, бо ўдзельная вага даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці летась склала звыш 3%.

Дадатковыя крыніцы матэрыяльных сродкаў магчыма знайсці і ў бюджэтным фінансаванні. Трэба толькі навучыцца рацыянальна іх выкарыстоўваць. На гэта скіраваны пілотны праект па нарматыўным фінансаванні ўстаноў адукацыі. У мінулым годзе праект рэалізоўваўся ў 44 установах адукацыі Магілёва, сярэдняй школе № 31 Бабруйска і сярэдняй школе № 1 Асіповіч. Паўсюдна эканомнае расходаванне бюджэту прынесла толькі станоўчыя зрухі. Павысілася самастойнасць устаноў у выкарыстанні бюджэтных сродкаў, і, як вынік, іх адказнасць за паказчыкі работы. Ва ўсіх навучальных установах палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу, павялічылі заработную плату педагагічных работнікаў. Напрыклад, ва ўстановах абласнога цэнтра пераход на нарматыўнае фінансаванне дапамог правядзенню неабходных рамонтных работ, значнаму матэрыяльнаму забеспячэнню. А ў сярэдняй школе № 1 Асіповіч нарматыўнае фінансаванне паспрыяла галіновым павышэнням акладаў педагогаў. Надбаўкі ўстанаўліваюцца на вучэбную чвэрць па выніках работы настаўнікаў. У выніку такога падыходу сярэдняя заработная плата педагогаў школы павысілася больш як на 7%.

— Укараненне нарматыўнага фінансавання сёлета працягнецца больш актыўна, бо сённяшнія рэаліі прымушаюць нас эфектыўна расходаваць кожны бюджэтны рубель. У той жа час педагогам неабходна аказваць усебаковую падтрымку, бо дзейснае функцыянаванне ўстаноў адукацыі і якаснае навучанне напрамую залежыць ад настаўнікаў. На бягучы год перад сферай адукацыі пастаўлены новыя мэты. Але, упэўнены, разам, агульнымі намаганнямі мы зможам вырашыць усе задачы, якія ставіць перад намі кіраўніцтва вобласці і краіны, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.

Завяршылася выніковае пасяджэнне калегіі на святочнай ноце. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі ўладальнікі звання “Лепшы па прафесіі” і пераможцы штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці. Па выніках гадавой работы сярод гарадскіх упраўленняў адукацыі пераможцам стала ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама. Пераможныя дыпломы сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых выканаўчых камітэтаў атрымалі прадстаўнікі Клімаўшчыны і Кругляншчыны. Па профілі дашкольнай адукацыі былі адзначаны дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і дзіцячы сад аграгарадка Старая Радча Круглянскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі папрацавалі сярэдняя школа № 3 Асіповіч, Міхееўская сярэдняя школа Дрыбінскага раёна, Магілёўская гарадская гімназія № 1, Магілёўскі абласны ліцэй № 3, Глуская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і абласны Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Лепшай у профілі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі была прызнана работа Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва і Магілёўскага політэхнічнага каледжа. Сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі перамог калектыў абласнога Цэнтра творчасці.

У намінацыі “Лепшыя па прафесіі” былі адзначаны настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Бабруйска Таццяна Вадап’янава, спецыяліст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Наталля Бірукова, педагог дадатковай адукацыі абласнога Цэнтра творчасці Святлана Букачова, майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 1 Марына Гамолка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *