Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” ніколі не заканчваецца. З вялікіх сцэн актавых залаў універсітэцкіх будынкаў ён пераходзіць на крыху меншыя сцэны, у актавыя залы прафесійна-тэхнічных каледжаў, а потым зноў вяртаецца ва ўніверсітэты…
“АРТ-вакацыі” кожны раз вяртаюцца і кожны раз пачынаюцца. У гэтым і ёсць сэнс такой унікальнай падзеі ў жыцці беларускай моладзі: каб яна ўвесь час адчувала сябе запатрабаванай, таленавітай, здольнай не толькі вывесці прыгожую арыфметычную формулу на класнай дошцы перад аднакурснікамі, але і вывесці на сцэне прыгожы піруэт, прыгожа вывесці на сцэну аднакурсніцу ў дзівосным танцы на зайздрасць сваім жа аднакурснікам, узвышана прадэкламаваць нвершы Купалы, Коласа ці Багдановіча.
“АРТ-вакацыі” — жывы фестываль. Але ў яго ёсць свая так званая шарая гадзіна.
Гэтае выслоўе — шарая гадзіна — вынайшаў наш выдатны пісьменнік Вячаслаў Адамчык. Шарая гадзіна — гэта прыблізна той час, які перажываем мы сёння. Паўзім’е, зіма, якая яшчэ не скончылася, і вясна, якая яшчэ не пачалася. 4 ці 5 гадзін дня. Дзень, які яшчэ не скончыўся, і вечар, які яшчэ не пачаўся. Шэрыя прыцемкі, сярод якіх бліскаюць маланкі нашага дзённага і начнога одуму. У шарую гадзіну чулліва ўспамінаеш мінулае, асабліва востра адчуваеш сучаснасць, строіш самыя амбіцыйныя планы на будучыню. На тое яна і шарая гадзіна.
“АРТ-вакацыі” сёння — у шарай гадзіне. Установы адукацыі ва ўсіх кутках нашай краіны, самадзейныя творчыя калектывы, навучэнцы і іх кіраўнікі думаюць пра тое, як арыгінальна і па-мастацку прэзентаваць сябе на форуме.
А мы, карыстаючыся момантам, апыталі куратараў “АРТ-вакацый” у абласцях.
Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Таццяна Пятроўна Валевіч: “У лістападзе мінулага года мы правялі абласны семінар па тэме “Моладзь і творчасць: развіццё творчага патэнцыялу і самарэалізацыя асобы ва ўстановах прафесійнай адукацыі”, у якім прынялі ўдзел педагогі-арганізатары і культарганізатары сістэмы прафтэхадукацыі. Мы абмеркавалі тады ўсе надзённыя пытанні — да “АРТ-вакацый” мы падрыхтаваны”.
Загадчык сектара тэатральна-харэаграфічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Святлана Леанідаўна Навічэнка: “Штогод мы з вялікай радасцю чакаем “АРТ-вакацыі” і з не менш вялікім хваляваннем рыхтуемся да іх, бо разумеем, што гэта ўнікальная магчымасць для навучэнцаў праявіць сябе ў розных сферах мастацкай і дыгітальнай творчасці. У снежні мы правялі два маштабныя семінары-практыкумы: “Актуальныя праблемы мастацкай творчасці ў сферы дадатковай адукацыі” і “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў сферы дадатковай адукацыі”. Удзельнікі гэтых мерапрыемстваў засталіся вельмі задаволенымі і ўсхваляванымі. Каля 1300 навучэнцаў з Віцебскай вобласці будуць імкнуцца стаць пераможцамі “АРТ-вакацый — 2017”.
Дырэктар Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі Ірына Аляксееўна Кузьміцкая: “Намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце і педагогі-арганізатары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія наведалі наш семінар у лістападзе, асабліва цікавіліся такімі конкурсамі, як “Арт-партал”, “Крэон” і “Рэцытацыя”. Застаецца адно — чакаць класныя вынікі!”
Галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Лілія Вацлаваўна Курылёнак: “Штогод мы з нецярпеннем чакаем нашых “АРТ-вакацый”. Нашым мы называем гэты фестываль таму, што ў ім прымаюць удзел менавіта нашы дзеці, якія раскрываюцца ў ім самым неверагодным чынам. Будзем чакаць прыемных сюрпрызаў і сёлета. Педагогі дадатковай адукацыі атрымалі карысныя інструкцыі на семінары. Для каардынацыі і падрыхтоўкі абласнога этапу “АРТ-вакацый” створаны арганізацыйны камітэт”.
Начальнік цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Анатольеўна Цвірко: “Нашы хлопцы і дзяўчаты — з Мінскай вобласці — маюць свежы погляд на культуру, яны на самай справе крэатыўныя і сучасныя. Семінар-практыкум, які ў лістападзе сабраў педагогаў дадатковай адукацыі Міншчыны на базе Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, зрабіў сваю добрую справу. А яшчэ больш добрай гэтая справа будзе тады, калі нашым навучэнцам удасца паказаць усё, на што яны здатныя”.
Начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Талатай: “За перамогу ў фестывалі “АРТ-вакацыі” ў нас ёсць каму змагацца. Гэта навучэнцы 49 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Думаю, яны сваю вобласць не падвядуць. Тым больш у нашым рэгіёне былі праведзены тры занальныя этапы “АРТ-вакацый”, і да фіналу дойдуць лепшыя з лепшых”.
Намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Саіда Махмудаўна Вафіна: “У кастрычніку ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі мы правялі спецыяльнае, прысвечанае “АРТ-вакацыям”, інструктыўна-метадычнае пасяджэнне для намеснікаў дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Мы — мінчане. Мы заўсёды ведаем, што абавязаны паказаць высокі ўзровень”.
Папраўдзе, я шчыра ўзрадаваўся гэтым галасам. Я проста пераканаўся (хоць і наперад гэта ведаў): сёлета ў нашай сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі зноў будзе свята — свята таленту, маладосці, прыгажосці.
Зрэшты, я вырашыў не выпрабоўваць сябе на эйфарыю і патэлефанаваў загадчыку аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алене Сяргееўне Лаўрыновіч.
— Алена Сяргееўна, калі ласка, назавіце тры ключавыя словы фестывалю “АРТ-вакацыі”.
— Майстэрства. Мысленне. Талент. Калі б вы папрасілі падрабязней, то гэта выглядала б так: творчае майстэрства, крэатыўнае мысленне, актуальны талент.
— Ці будзе чым-небудзь адметны для “АРТ-вакацый” менавіта 2017 год?
— Кожныя “АРТ-вакацыі” па-свойму адметныя і для ўдзельнікаў, і для арганізатараў. Але адзначу, што фестываль гэтага года насамрэч унікальны. Уявіце: мы пачыналі фестываль, калі яго сёлетнія ўдзельнікі яшчэ раслі ў жыватах сваіх мам і ў марах сваіх татаў. Сёння гэтым удзельнікам 17, і яны выйдуць на сцэну, каб напісаць гісторыю сваёй будучыні.
— Вы зараз вельмі адметна сказалі: “Гісторыя будучыні…”
— Фактычна я працытавала дэвіз фестывалю гэтага года: “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні”.
— Што чакае нас у рамках “АРТ-вакацый” у найбліжэйшы час?
— З 27 сакавіка па 7 красавіка ў Мінску і абласцях адбудуцца маштабныя мерапрыемствы — своеасаблівыя творчыя сустрэчы моладзі рэгіёнаў нашай краіны і творчыя справаздачы калектываў і індывідуальных выканаўцаў, аўтараў творчых работ і педагогаў, заключныя мерапрыемствы, дзе рэспубліканскім журы будуць вызначаны пераможцы і прызёры фестывалю.
— Хто ўзначаліць журы?
— Наша вядомая спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Аркадзьеўна Дарафеева.
— Алена Сяргееўна, гісторыя будучыні — гэта метафара?
— Не, гэта, хутчэй, рэальнасць. У нашых падлеткаў іх будучыня — пад нагамі і перад вачыма. Яны самі робяць яе для сябе.
Мікола ЧЭМЕР.