Таленавітыя, творчыя, крэатыўныя

- 10:22"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

У Гродне канцэрт абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2021” сабраў амаль паўтары тысячы ўдзельнікаў на сцэне абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

А рганізатарамі рэспубліканскага агляду-конкурсу з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Творчая, таленавітая, крэатыўная моладзь паказала свае лепшыя нумары, прадэманстравала вакальнае майстэрства, індывідуальны падыход да раскрыцця тэмы, жанравую разнастайнасць, яшчэ раз даказаўшы, якімі талентамі багатая наша Гродзенская зямля. Назіраючы з глядзельнай залы за выступленнямі юных артыстаў, не верылася, што яны рыхтуюцца стаць будаўнікамі, электрыкамі, працаўнікамі сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Творчая жылка, якую і развіваюць такія конкурсы, застанецца на ўсё жыццё, а можа, нават і пракладзе шлях у напрамку творчасці і мастацтва.

У канцэртных праграмах агляду-конкурсу прынялі ўдзел навучэнцы 31 установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Конкурс прахо­дзіў у два этапы. На першым удзельнікі ў відэафармаце прадставілі разнапланавую конкурсную праграму ў намінацыях “Харэаграфічны жанр”, “Тэатральны жанр”, “Вакальна-харавы жанр”, “Інструментальны жанр”, “Фальклорна-этнаграфічная творчасць”, “Тэатр мод”. Лепшыя нумары з 17 устаноў адукацыі сталі часткай фінальнага абласнога канцэрта.

— Журы конкурсу адзначыла вялікую работу па арганізацыі занальных этапаў, праведзеную Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам, Гродзенскім дзяржаўным прафесійным электратэхнічным каледжам імя І.Шчаснага, Гуманітарным каледжам ГрДУ імя Янкі Купалы, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Дана Рэмша. — Праграмы гэтых устаноў адукацыі адрозніваліся высокім узроўнем рэжысёрска-пастановачнай работы, сцэнаграфіяй, кампазіцыйнай пабудовай, арыгінальнасцю ідэі і творчай задумай. Таксама відавочна, што ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павысіўся ўзровень творчых калектываў, яны паказалі высокае выканальніцкае майстэрства. Індывідуальныя выканаўцы адрозніваліся выразнасцю падачы сваіх твораў.

У намінацыі “Вакальна-харавы жанр” праграмы ўключалі сольныя нумары эстрадных і народных спеваў, а таксама выступленні ансамбляў. Вакалісты прадэманстравалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства складаных твораў, артыстызм, музыкальнасць. Журы адзначыла выканаўцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага (кіраўнік — Л.І.Жылінскі), Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы (педагог — І.А.Грахоўская), Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі (педагог — В.В.Яроміч).

У намінацыі “Тэатральны жанр” вы­значыліся ўдзельнікі конкурсу: Аляксандра Грыгарук (Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж, педагог — А.А.Гулевіч), Дар’я Разуева (Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж, педагог — Д.К.Сяргей), Захар Лукашык (Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы, педагог — К.С.Праснякевіч), Арцём Міснікевіч (Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй, педагог — Т.М.Маклюк), Данііл Пуцік (Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, педагог — Н.П.Цвяткова), Дзмітрый Лелюкевіч (Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1, педагог — С.М.Касцевіч), Яна Скорб (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, педагог — А.П.Лясько), Лізавета Паборцава і Арына Рагінь (Гродзенскі каледж эканомікі і кіравання Белкаапсаюза, педагог — Н.У.Грушэўская).

— Выступленні ўдзельнікаў вызначаліся артыстызмам, інтанацыйнай выразнасцю прамовы, глыбінёй пранікнення ў вобразную сістэму і сэнсавую структуру тэксту. Рэпертуар адпавядаў узроставым асаблівасцям выканаўцаў, добра былі выкарыстаны сродкі мастацкай выразнасці: падабраны музычнае суправаджэнне, відэакантэнт, касцюмы. Артыстызм, дынамічнасць, паўната раскрыцця заяўленай тэмы былі характэрны для выступлення агітацыйнай каманды Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, якую падрыхтавала Д.В.Чарданцава, — адзначыла Дана Рэмша.

Парадавалі цікавыя і разнастайныя інструментальныя нумары, якія ўключалі творы сучасных аўтараў. Добрую выканальніцкую тэхніку, разнастайнасць тэхнічных прыёмаў, музыкальнасць і выразнасць паказалі калектывы Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (педагог — К.В.Канькова), Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа (педагог — І.У.Рагоза), Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя (педагог — А.І.Хвасценка), Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (педагог — Т.А.Герко), Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы (педагог — І.В.Аскірка).

Цікава была прадстаўлена харэаграфічная творчасць. Нумары вызначаліся якасцю выканання, сцэнічнымі касцюмамі, а пастаноўкі насілі масавы характар. Журы конкурсу адзначыла выступленні Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы (педагог — В.Ю.Курачка), Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы (педагогі — М.У.Смірнова і В.У.Лявонік), Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну (педагог — Д.Д.Шпадарук) і Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (педагог — Т.А.Штэрмер).

Тэатры моды прадэманстравалі калекцыі маладзёжнага і дызайнерскага ­адзення. Кожнае выступленне суправа­джалася добра падабранай музыкай, што адпавядала вобразнаму рашэнню аўтара і назве калекцыі. Вызначыліся тэатр моды “Вобраз” Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва (педагог — Т.А.Урбановіч), народны (аматарскі) тэатр моды “Маладосць” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну (педагог — Н.Ф.Мікуліч) і дызайнерская калекцыя Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы (педагогі — Н.А.Манцэвіч, Н.В.Ганчар, В.І.Кур’яновіч, В.А.Бычак).

Па выніках абласнога этапу рэспуб­ліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі-2021” дыпломамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны 172 удзельнікі, з іх 91 — дыпломамі I ступені.

— Кожны з вас без выключэння — зорачка, кожны — талент, і я разумею, як складана журы выбраць лепшых з лепшых, — падкрэсліла, уручаючы ўзнагароды таленавітай моладзі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава. — Вялікі дзякуй педагогам — аўтарам і творцам такіх талентаў.

Пераможцы абласного этапу будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім гала-канцэрце, які пройдзе 21 мая ў Гродне — маладзёжнай сталіцы — 2021.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.