Моладзь за творчасць, традыцыі і працу

- 10:32"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Самых таленавітых і крэатыўных магілёўскіх навучэнцаў аб’яднаў абласны этап рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”. 

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі І.К.Мулерава, удзел у фестывалі прынялі звыш 1200 навучэнцаў і педагогаў з усіх устаноў прафесійнай адукацыі вобласці.

— Абласны этап “АРТ-вакацый — 2021” праходзіў у рэгіёне ў перыяд са снежня па красавік. У рамках фестывалю былі арганізаваны розныя творчыя спаборніцтвы: конкурс сучаснай інфармацыйнай творчасці “Арт-партал”, конкурс інфармацыйна-метадычных распрацовак “Крэон”, інтэрактыўны праект “Рэцытацыя”. На іх было прадстаўлена 136 работ, сярод якіх — інфармацыйна-метадычныя распрацоўкі мерапрыемстваў, фота і відэаматэрыялы, выкананыя ў розных фарматах, стылях і тэхніках, сацыяльныя медыя-сеткавыя рэсурсы і творчыя праекты. Самым масавым па колькасці ўдзельнікаў стаў агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Усяго для ўдзелу ў ім было прадстаўлена 235 нумароў інструментальнага, вакальна-харавога, харэаграфічнага, тэатральнага і фальклорнага жанраў. Усе работы і выступленні грунтаваліся на дэвізе фестывалю — “Выбар моладзі — творчасць, традыцыі, праца”. Асноўнай мэтай было фарміраванне ў навучэнскай моладзі грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, сацыяльнай адказнасці і пазітыўнага вобраза будучай прафесіі, — расказала Ірына Казіміраўна.

Дарэчы, агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў сёлета праходзіў у дыстанцыйнай форме. Але ўдзельнікаў гэта не збянтэжыла. Навучэнцы і педагогі ярка прадэманстравалі, што яны паспяхова сумяшчаюць навучанне і творчае самаразвіццё. Журы адзначала высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў і кампазіцыйную цэласнасць праграм устаноў адукацыі. Шэраг навучальных устаноў былі асабліва адзначаны. Сярод іх — Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, Крычаўскі дзяржаўны прафесійны агратэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Па выніках абласнога этапу навучальныя ўстановы, якія сталі пераможцамі і прызёрамі, прадставілі свае нумары шырокай аўдыторыі навучэнцаў і педагогаў.

— Былі арганізаваны разнастайныя паказальныя мерапрыемствы і творчыя праекты, святы, сустрэчы, кірмашы прафесій, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, круглыя сталы. Падчас іх навучэнцам і педагогам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі прадэманстраваны ўся жанравая разнастайнасць нумароў мастацкай самадзейнасці, вопыт і творчыя дасягненні калектываў — пераможцаў фестывалю “АРТ-вакацыі”. Мерапрыемствы праводзіліся як для асобных школ, ліцэяў, гімназій, так і збіралі дастаткова вялікую аўдыторыю гледачоў, — адзначыла І.К.Мулерава.

І сапраўды — у мерапрыемстве, арганізаваным у палацы мастацтваў Бабруйска, прынялі ўдзел 370 школьнікаў і звыш 100 навучэнцаў з устаноў прафесійнай адукацыі. У Крычаве на базе раённага цэнтра культуры мерапрыемства сабрала 250 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і з суседняга Чэрыкаўскага раёна, а таксама 50 чалавек з чатырох устаноў прафесійнай адукацыі. У Магілёве на базе сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А.А.Куляшова творчы канцэрт аб’яднаў каля 100 навучэнцаў з абласнога цэнтра, Бялыніцкага, Магілёўскага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў. Шмат такіх мерапрыемстваў прайшло ў перыяд вясенніх канікул. Значна, што канцэртныя праграмы ладзіліся не толькі з мэтай папулярызацыі дзейнасці творчых калектываў — пераможцаў фестывалю “АРТ-вакацыі”. Яны насілі яшчэ і прафарыентацыйную накіраванасць. Акрамя патэнцыяльных абітурыентаў, у сумесную дзейнасць актыўна ўключаліся прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. 

— Праз розныя актыўныя формы камунікацый і зносін адбываецца інфармаванне навучэнцаў і бацькоў аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, тэндэнцыях развіцця рынку працы. У творчай форме мы вядзём прапаганду тых прафесій, якія сапраўды зараз неабходны рэгіянальнай эканоміцы, — падкрэсліла Ірына Казіміраўна. — Такім чынам мы дапамагаем кожнаму выпускніку не проста знайсці сваё месца ў жыцці, але і выбраць тую справу, у якой ён будзе паспяховым чалавекам і высокапрафесійным спецыялістам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.