З душой да творчасці, з любоўю да традыцый, з павагай да працы

- 9:40"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Больш за 1,8 тысячы юнакоў і дзяўчат з 42 ПТНУ і ССНУ Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Сёлетняе мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Выбар моладзі — творчасць, традыцыі, праца” і складалася з трох фінальных рэгіянальных этапаў у Пінску, Брэсце і Баранавічах. 

— Фестываль право­дзіцца з мэтай ­фарміравання каш­тоўнасных адносін моладзі да гістарычна-культурнай спадчыны беларускага народа, грамадзян­ска-патрыятычнага выхавання, укаранення сацыякультурных навацый, падтрымкі цікавых ініцыятыў, творчага развіцця і самарэалізацыі маладога пакалення, — расказала загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — Фестываль адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні мола­дзі, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы харэаграфічнага, вакальнага, фальклорнага, інструментальнага і тэатральнага жанраў дэманструюць сваё майстэрства на інтэрактыўных пляцоўках, у марафонах і тэматычных канцэртных праграмах, прэзентуюць сучасныя напрамкі развіцця мастацтва, цікавыя арт-ідэі, традыцыйныя і інавацыйныя рашэнні, узоры аматарскай творчасці.

— У фінальных мерапрыемствах рэспубліканскага фестывалю прынялі ўдзел больш за 1500 навучэнцаў, — паведаміла дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Т.П.Валявач. — У рамках фестывалю адбыліся агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў “Арт-вакацыі”, конкурс сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал”, конкурс інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі “Крэон”, інтэрактыўны праект “Рэцытацыя” і анлайн-конкурс “Арт-вакацыі”. Абласное журы прагледзела і ацаніла выступленні 210 творчых калектываў і 162 індывідуальных выканаўцаў, 52 работы сучаснай лічбавай творчасці, 116 метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў, 60 творчых работ інтэрактыўнага праекта і 112 творчых работ анлайн-конкурсу. Фестываль паказаў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў, жанравую разнастай­насць маладзёжнай творчасці, новыя віды і формы аматарскай мастацкай творчасці.     

Па выніках агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў прайшлі гала-канцэрты “Разам — за Беларусь!”, арганізаваныя на базе Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага кале­джа, Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці і Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання. Перад канцэртамі, дзе моладзь дэманстравала свае музычныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя здольнасці, праводзіліся прафарыентацыйныя прома-акцыі “Твой выбар, выпускнік. Будучыня краіны ў тваіх руках” для вучняў 9 і 11 класаў. Школьнікі паглядзелі тэматычныя відэаролікі, наведалі прафарыентацыйныя майстар-класы і інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі, арганізаваныя ўстановамі прафесійнай адукацыі, атрымалі кансультацыі па пытаннях прафесійнага самавызначэння і працаўладкавання ў вольны час ад псіхолагаў і спецыялістаў службы занятасці, паўдзельнічалі ў прафесійных пробах. Такая форма мерапрыемства дазволіла прыцягнуць вялікую коль­касць удзельнікаў з мэтай папулярызацыі мастацкай самадзейнай творчасці навучэнцаў УПА і павышэння іміджу рабочых прафесій. 

Выступленні пераможцаў агляду-конкурсу падарылі гледачам шмат станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў і нікога не пакінулі абыякавымі. Адчувалася, што моладзь адносіцца да любімай справы з душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем. Творчыя набыткі навучэнцаў — цікавыя і важкія.

— Фестываль яскрава паказаў, што сучасная моладзь валодае не толькі пэўнымі прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, але і творчымі здольнасцямі, якія дапамага­юць развіваць якасці, неабходныя для паспяховай падрыхтоўкі ўсебакова развітых спецыялістаў, запатрабаваных на сучасным рынку працы, — заўважыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук.

— У навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — адзначыла А.С.Лаўрыновіч. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам у пэўнай прафесіі, але і творчай асобай. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.