У чым падабенства інжынерыі і паэзіі? Як літаратурная творчасць дапамагае раскрыцца і рэалізавацца тэхнарам? Якія тэмы хвалююць сучасных студэнтаў тэхнічнага ўніверсітэта? У чым адметнасць літаратурнага аб’яднання “Полистих” БНТУ? Пра гэта і не толькі даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Літаратурнае аб’яднанне “Полистих” упраўлення па справах культуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта было створана ў лістападзе 2006 года, каб аб’яднаць студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта, якія займаюцца літаратурнай творчасцю, незалежна ад узросту і жанру. Сёння ў “Полистихе” каля 30 актыўных удзельнікаў з ліку як студэнтаў, так і выкладчыкаў, сярод якіх — дацэнт Віталь Бармін, старшы выкладчык архітэктурнага факультэта мастак-скульптар Дзяніс Кандрацьеў, доктар тэхнічных навук і загадчык кафедры аўтатрактарнага факультэта Сяргей Рынкевіч, загадчыца касцюмернай упраўлення па справах культуры паэтэса Марына Гуркова, доктар гістарычных навук прафесар Уладзімір Бажанаў, кандыдат тэхнічных навук дацэнт энергетычнага факультэта Іван Новаш і іншыя. Актыўную сувязь з літаратурным аб’яднаннем падтрымліваюць і многія выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэта.
Варта адзначыць, што літаральна з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта ў 1920 годзе там надавалі вялікую ўвагу мастацкай творчасці, арганічна спалучаючы яе з тэхнічнай адукацыяй. У інстытуце былі адкрыты тэатр, створаны творчыя калектывы і дзейнічала Суполка аматараў паэзіі. Таму гурткі і клубы аматараў мастацкага слова ў БДПІ-БДПА-БНТУ існавалі заўсёды. А ў лістападзе 2006 года гэты напрамак набыў сучасную форму — было арганізавана літаратурнае аб’яднанне “Полистих”. Ідэйнай натхняльніцай яго стварэння выступіла тагачасны начальнік упраўлення культуры БНТУ Людміла Міхайлаўна Варакса, якая стала ініцыятарам першага арганізацыйнага сходу ўсіх, хто піша вершы. Сустрэча, на якую прыйшлі і студэнты, і выкладчыкі, адбылася 1 лістапада, таму сёння гэтая дата лічыцца днём нараджэння “Полистиха”.
На першым сходзе стала пытанне пра назву аб’яднання. Андрэй Канстанцінавіч Цяўлоўскі прапанаваў назваць “Полистих”. “Для паэтаў-інжынераў сінтэз палітэха і вершаў падаўся натуральным, так і з’явілася назва “Полистих”, якая да таго ж шматзначная. Бо “полі-” азначае “мноства, разнастайнасць”, прычым разнастайнасць як па складзе ўдзельнікаў, так і па прадстаўленых жанрах, што стала візітнай карткай нашага аб’яднання”, — патлумачыў А.К.Цяўлоўскі. Прынамсі, ён з’яўляецца нязменным мастацкім кіраўніком літаб’яднання, хоць і стаў ім выпадкова: “Ніякіх канкрэтных планаў і задум у мяне не было, я проста хацеў паглядзець, хто яшчэ ў БНТУ займаецца літаратурнай творчасцю. Калі ж пайшло абмеркаванне арганізацыйных пытанняў, аказалася, што з прысутных толькі я адзін на той момант з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У выніку мне адразу прапанавалі стаць мастацкім кіраўніком аб’яднання. А далей пайшло-паехала: сустрэчы з іншымі літаб’яднаннямі, выступленні ў бібліятэках, падрыхтоўка да конкурсаў, крытыка і рэцэнзаванне работ удзельнікаў “Полистиха” і многае іншае”, — сказаў ён.
Андрэй Канстанцінавіч Цяўлоўскі — паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры “Інфармацыйна-вымяральная тэхніка і тэхналогіі” БНТУ — друкавацца пачаў у 2002 годзе, калі вучыўся ў аспірантуры БНТУ. Яго першыя вершы, як і большасць наступных твораў, на рускай мове, бо і любімыя паэты таксама рускія: Пушкін, Цютчаў, Ясенін, Твардоўскі, Забалоцкі. Вершы і пераклады мастацкага кіраўніка літаб’яднання рэгулярна публікуюцца ў часопісах, газетах, калектыўных зборніках. Апублікавана больш за 10 кніг перакладаў сучасных беларускіх і расійскіх паэтаў на рускую і беларускую мову, а таксама 2 кнігі перакладаў прозы. Андрэй Канстанцінавіч з’яўляецца стыпендыятам Міністэрства культуры, лаўрэатам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2013 г.” у намінацыі “Пераклад” і прэміі “Залаты купідон”.
“Займацца перакладамі мне прапанавалі ў рэдакцыі часопіса “Нёман”, куды я прыйшоў са сваёй першай вершаванай падборкай. І нечакана такая дзейнасць мяне захапіла. На мой погляд, у літаратурным перакладзе, асабліва ў паэтычным, шмат агульнага з інжынернай творчасцю. Бо неабходна дзейнічаць у адпаведнасці з нормамі і стандартамі, зададзенымі памерам, рытмікай, рыфмоўкай і метафарычным радам аўтарскага верша, каб атрымаўся такі пераклад, які перадаў бы ўсю сутнасць арыгінала, хоць, магчыма, і не будзе мець з ім ніводнага супадальнага слова, — расказаў А.К.Цяўлоўскі. — Гэта вельмі цікавая, вельмі складаная і не вельмі ўдзячная работа, бо прозвішчы перакладчыкаў рэдка памятаюць. Вялікі плюс такой работы — гэта магчымасць кантактаваць з таленавітымі паэтамі і пісьменнікамі. У паэзіі вышэйшая ацэнка перакладчыка — калі яго дзейнасць аказваецца незаўважнай, нябачнай, а вышэйшае дасягненне — захаваць у творы асобу аўтара, не замяняючы яе сваёй”.
“Полистиховцы” неаднаразова перамагалі ў літаратурных конкурсах. Яны рэгулярныя ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф”, таму сёння — героі праекта “Галерэя творцаў”.
Са стварэннем “Полистиха”, па прызнанні яго мастацкага кіраўніка, з’явілася магчымасць не толькі вучыцца ў старэйшых таварышаў, але і самому нешта аддаваць тым, хто толькі пачынае свой шлях у літаратуру. Натуральна, шырокае кола знаёмстваў у літаратурным свеце і сувязь з Саюзам пісьменнікаў Беларусі даюць дадатковыя магчымасці для дапамогі і прасоўвання маладых аўтараў.
Любая творчасць, асабліва літаратурная, не проста напоўнена парадоксамі, яна жыве імі. Літаратурнае аб’яднанне не школа, і на пасяджэннях “Полистиха” нікога не вучаць у класічным разуменні гэтага слова. З маладымі аўтарамі, як правіла, працуюць індывідуальна, у прыватнай перапісцы, што дазваляе дапамагчы таму, хто сам хоча навучыцца. “Я не вучу, як пісаць вершы ці прозу. У першую чаргу стараюся вучыць таму, як іх не пісаць. Літаратурная творчасць — справа індывідуальная, нават інтымная. Можна прымусіць зарыфмаваць радкі, але вершамі яны не стануць, калі не ідуць з душы паэта. Адваротны бок гэтай індывідуальнасці — паўтарэнне маладымі аўтарамі даўно вядомых памылак, грэбаванне нормамі дзеля дэманстрацыі свайго “Я” альбо з-за няведання гэтых самых норм, — падкрэслівае А.К.Цяўлоўскі. — Мая ж задача — паказаць аўтару яго памылкі, растлумачыць, чаму яго твор успрымаецца іншымі не так, як ён сам задумаў, і на што трэба звярнуць увагу, каб выправіць становішча. Стараюся растлумачыць не проста, якія нормы існуюць, скажам, у вершаскладанні, рытміцы, рыфмоўцы, але і чаму гэтыя нормы такія. Галоўнае, чаго я дабіваюся, — разуменне, што формы, памеры, рыфмы — гэта не перашкоды, а інструменты пісьменніка, якія дапамагаюць яму вырашыць сваю творчую задачу”.
У літаратуры найважнейшая і найскладанейшая задача настаўніка — не падмяніць сабой асобу аўтара, а дапамагчы выйсці на свой шлях. Вышэйшае ж дасягненне настаўніка літаб’яднання — застацца незаўважным у творчасці вучня. А сустрэчы “Полистиха” — гэта магчымасць падзяліцца натхненнем, раскрыўшы перад сябрамі свае эмоцыі, выказаныя ў вершах ці прозе. “Шчыра скажу, я стараюся не крытыкаваць нават самыя слабыя вершы на нашых пасяджэннях, бо гэта можна зрабіць у прыватных зносінах. Больш каштоўным з’яўляецца той настрой, які аўтар стараўся ўкласці ў свае творы і які можа паслужыць крыніцай натхнення для астатніх. І ў гэты момант не так важна, як аўтар выказаў сваю думку, а важна, што ён змог абудзіць фантазію астатніх, даць ім штуршок, можа быць, у нечаканым кірунку. Прынамсі, для мяне такія пасяджэнні — сапраўдныя крыніцы натхнення, і я вельмі спадзяюся, што тое ж адчуваюць і астатнія ўдзельнікі літаб’яднання”, — прызнаецца А.К.Цяўлоўскі.
Сярод актыўных удзельнікаў “Полистиха” — будучы маркетолаг-эканаміст, студэнтка 4 курса факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва, лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Першацвет” Соф’я Ільіна. Вершы дапамагаюць ёй выказваць свае пачуцці “прыгожа, завуалявана і запамінальна”. “Літаб’яднанні — гэта месцы, дзе цябе дакладна зразумеюць, падтрымаюць і сапраўды выслухаюць. У іх збіраюцца не толькі аматары, але і прафесіяналы, здольныя адразу даць зваротную сувязь, водгук на творчасць, — гаворыць дзяўчына. — Пішу я пра жыццё, каханне, пра тое, што навакол і што сама адчуваю, — усё проста. У мяне ёсць выраз: “Людзі — мой рэсурс паэзіі”. Мяне натхняюць людзі, якіх я сустракаю, з якімі перажываю розныя моманты свайго жыцця, прычым не заўсёды пазітыўныя. Галоўнае — дзякуючы ім, у думках з’яўляецца сюжэт, а далей справа часу і тэхнікі. Ну і не менш важныя крыніцы натхнення: музыка, прырода і творчасць іншых паэтаў”.
Як у паэзіі, так і ў інжынернай справе стварэнне годнага твора немагчыма без таленту і натхнення, і розніца паміж канструяваннем і вершаскладаннем куды меншая, чым звычайна здаецца.
Вось так сучасных літаратараў, як і сто гадоў назад паэтаў беларускага Сярэбранага веку, хвалююць вечныя тэмы кахання і Радзімы, а таксама рытарычныя філасофскія пытанні: адкуль мы? Хто мы? Куды ідзём? “Цікава бывае адгадваць знаёмыя ноткі аўтараў пачатку ХХ стагоддзя ў вершах сённяшніх студэнтаў: футурызм Маякоўскага ў энергічных і напружаных творах Сямёна Ісаева, матывы Цвятаевай у творчасці Соф’і Ільіной, а класічная шчырасць вершаў Канстанціна Галаева пастаянна асацыіруецца з творчасцю Аркадзя Куляшова, — адзначае кіраўнік “Полистиха” і называе яшчэ імёны маладых творцаў: Паліны Сямёнавай, Дар’і Атрошанка, Карыны Качэля, Аляксандры Пагоды, Мікалая Чванькова, Уладзіслава Літаша і іншых. — Многіх нашых маладых паэтаў ведаюць у літаратурных колах, яны маюць пэўнае прызнанне і літаратурныя ўзнагароды і прэміі. Шчыра кажучы, я вельмі радуюся, што меў дачыненне да іх станаўлення”.
Між іншым у “Полистихе” застаюцца многія былыя студэнты БНТУ. Так, Наталля Міхайлаўна Томшына, якая скончыла прыборабудаўнічы факультэт у 2007 годзе, і зараз удзельніца любімага літаб’яднання: “Пішу вершы ў асноўным пра каханне, якія нараджаюцца, калі эмоцыі і ўласныя перажыванні становяцца асабліва яркімі і імі проста не магчыма не падзяліцца. У апошні час спрабую свае сілы ў прозе: казках, апавяданнях, нарысах, на напісанне якіх мяне натхняюць цікавыя, таленавітыя людзі і іх творчасць”.
А сустрэчы з цікавымі і таленавітымі ў “Полистихе” адбываюцца рэгулярна. Многія члены Саюза пісьменнікаў Беларусі сталі сябрамі літаб’яднання, сярод іх — Мікола Шабовіч, Міхась Пазнякоў, Міхась Башлакоў, Дзмітрый Пятровіч і спевакі Анатоль Міхальчанка, Віктар Мяцельскі і іншыя. Усе яны з задавальненнем адгукаюцца на запрашэнне сустрэцца. Акрамя таго, пастаянна праводзяцца літаратурныя вечары, прысвечаныя розным падзеям і датам, а таксама літаратурныя конкурсы і нават сольныя міні-канцэрты — бенефісы яго ўдзельнікаў.
“Мы ладзім розныя мерапрыемствы. Зараз рыхтуемся святочна адзначыць 100-годдзе БНТУ і плануем выдаць зборнік твораў, прысвечаны юбілейнай даце. А ў канцы лістапада, спадзяёмся, адбудзецца чарговы фестываль беларускай культуры ў БНТУ “Беларусь — гэта мы!”, які заўсёды адкрывае “Полистих”, — расказала куратар літаб’яднання начальнік аддзела мастацкай творчасці ўпраўлення па справах культуры БНТУ Алена Васільеўна Белая. — Акрамя таго, традыцыйна напярэдадні 8 Сакавіка ладзім адкрыты літаратурна-музычны вечар, прысвечаны Дню жанчын, пад назвай “Воспеваю имя твое”. Раз на два гады на базе нашага літаб’яднання праводзіцца літаратурна-паэтычны конкурс “Муза ў тэхнічным інтэр’еры”, удзельнікамі якога становяцца аспіранты і магістранты, выкладчыкі і студэнты, прадстаўляючы да 150 работ. Творчасць канкурсантаў ацэньвае прафесійнае журы з ліку літаратура- і мовазнаўцаў і пісьменнікаў. Па выніках конкурсу тройчы выдаваўся літаратурны зборнік “Полистих”. А затым творы пераможцаў рэкамендуюцца для выдання ў калектыўных зборніках рэспубліканскага ўзроўню, такіх як “Галасы маладых” і “Першацвет”.
1 лістапада “Полистиху” споўніцца 14 гадоў. І хоць, здавалася б, гэта падлеткавы ўзрост для чалавека, але для літаб’яднання — узрост росквіту і сілы. Бо яго ўдзельнікі — маладыя таленавітыя людзі, якія ўсім сэрцам імкнуцца тварыць сучасную літаратуру. І ў будучыні мы абавязкова пачуем імёны сённяшніх аўтараў “Полистиха” як адметных беларускіх пісьменнікаў.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва літаб’яднання “Полистих” БНТУ.