На крылах таленту

- 10:00"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

У Віцебску адбыўся гала-канцэрт абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі — 2021”.

Творчасць, традыцыі, праца

Арганізатары гала-канцэрта ўдала скампанавалі лепшыя ўзоры мастацтва і майстэрства юных артыстаў. Лейтматывам усіх выступленняў выразна гучала любоў да роднай Віцебшчыны, дзе спрадвеку гаючымі струменьчыкамі крынічыць прыродная духоўнасць. Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольга Дарожка, вобласць на працягу шэрага гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па развіцці самадзейнай мастацкай творчасці навучэнцаў. Неаднаразова яны станавіліся ўладальнікамі галоўных прызоў “АРТ-вакацый”. Гэтым разам фестываль стартаваў у снежні мінулага года пад дэвізам “Выбар моладзі — творчасць, традыцыі, праца” і аб’яднаў амаль дзве тысячы маладых людзей. Конкурсы “Арт-партал” і “Крэон”, інтэрактыўны праект “Рэцытацыя” і, нарэшце, традыцыйна самы папулярны і маштабны агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў дазволілі ім спаўна праявіць свае таленты.

— “АРТ-вакацыі” садзейнічаюць актывізацыі работы па духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным і мастацка-эстэтычным выхаванні навучэнскай моладзі, — адзначыла Вольга Мікалаеўна. — Фестываль спрыяе ўдасканаленню прафарыентацыйнай дзейнасці і сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі на аснове каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, стварэнню аптымальных умоў для творчага развіцця і самарэалізацыі моладзі, фарміраванню сацыяльнай адказнасці і пазітыўнага вобраза будучай прафесіі. 

Сузор’і “АРТ-вакацый”

У занальных турах фестывалю прынялі ўдзел 38 устаноў адукацыі, у гала-канцэрце агляду-конкурсу — каля 300 навучэнцаў. Разнастайнасць жанраў, высокі мастацкі ўзровень і выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі пераможцы ў галоўнай намінацыі “Лепшая канцэртная праграма”: прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа і Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава (дырэктары Аляксандр Ласякін і Таццяна Полушкіна, 1-е месца), філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” і Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа (дырэктары Валянціна Юпатава і Ірына Кісялёва, 2-е месца), Аршанскага каледжа — філіяла БелДУТа і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа (дырэктары Алена Казлова і Ганна Бурэнь, 3-е месца).

Аляксандр Ласякін выказаў упэўненасць, што выдатнае выступленне артыстаў, авацыі гледачоў — прывабная знешняя абалонка, якая трымаецца на карпатлівай працы. Першы крок да поспеху — знайсці зацікаўленых педагогаў дадатковай адукацыі з неабходнымі кампетэнцыямі, у лепшым сэнсе слова фанатаў сваёй справы. Дзякуючы такім энтузіястам, у каледжы вынікова дзейнічаюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, у тым ліку мастацкай накіраванасці. Істотны момант супадзення інтарэсаў, бо творчы кантакт і вынік цесна ўзаемазвязаны. Нават матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне — прытым што яно знаходзіцца на належным узроўні — мае меншае значэнне ў параўнанні з жаданнем саміх навучэнцаў выступаць на сцэне і ўдасканальваць свае прыродныя задаткі. Прадмет павышанай увагі — індывідуальныя даныя ад музычнага слыху і голасу да рухавасці і пластыкі. Далей пачынаюцца заняткі.

— Знайсці падыход да моладзі і сабраць творчы калектыў няпроста, наладзіць яго работу, прывесці да поспеху — яшчэ больш складана, а ва ўмовах тэхнічнага каледжа, дзе за рэдкім выключэннем адсутнічаюць навучэнцы з адпаведнай папярэдняй падрыхтоўкай, — звышскладана, — пракаменціраваў Аляксандр Міхайлавіч. — Затое, калі нешта пачынае атрымлівацца, то памкненне далучыцца да прыгожых і паспяховых равеснікаў узнікае ў многіх, каму хочацца паказаць: яны не горшыя за астатніх і таксама многае ўмеюць. Роля творчых аб’яднанняў па інтарэсах, на мой погляд, вельмі важная, таму што яны вырашаюць сур’ёзны комплекс задач — ад арганізацыі карыснага і змястоўнага правядзення вольнага часу, развіцця здольнасцей і маральна-валявых якасцей, раскрыцця і станаўлення асобы да эфектыўнай прафарыентацыі і павышэння прэстыжу ўстановы адукацыі. 

Рух у вышыню

Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталлі Янцэвіч, праграмы першых чатырох з пералічаных вышэй пераможцаў “АРТ-вакацый” заўсёды на вышыні, сёлета яны таксама парадавалі. Адкрыццём сезона можна па праве назваць выступленні навучэнцаў каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і хіміка-тэхналагічнага каледжа. У праграмах Полацкага каледжа ВДУ прыцягваюць увагу адметныя вакалісты: гаворка найперш пра народны вакальны ансамбль “Вясна” і яркі акапэльны нумар Дар’і Свірыдавай, а таксама пра народную эстрадную студыю “Серпанцін”. Высокую ацэнку журы і дружныя апладысменты ў зале выклікала іскрамётная сцэна з аперэты “Белая акацыя” ў выкананні музычнага тэатра “Фігаро”. Безумоўна, нельга не згадаць аркестр “Рэнесанс” — адзін з лепшых у краіне. ВДТК штогод паказвае дынамічны рост, асабліва ярка бачны сёлета на прыкладах інструментальнага ансамбля “Колас”, вакальнага калектыву “Юнацтва”, студыі сучаснага танца Starfall, шоу-балета “Экспрэсія” і вакальна-эстраднай студыі VMS. Свая іскрынка была ў кожным нумары. Многа з’явілася цікавых касцюмаў: бачна, што выканаўцы рыхтаваліся спецыяльна да фестывалю. 

У інструментальным жанры цудоўна выступілі ўзорны эстрадна-духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа і ансамбль баяністаў Miх-Band Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Кранальна і шчыра сыгралі ўрывак з “Паўлінкі” ўдзельнікі тэатральнай студыі “Трыумф” філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”, а сярод вакалістаў незабыўныя імгненні падарыла выступленне групы Back Time гэтай жа ўстановы адукацыі: яны выступаюць практычна ў кожным гала-канцэрце, і заўсёды публіка ўспрымае іх вельмі добра. Запомніліся прыгожыя нумары групы Віцебскага дзяржаўнага прафліцэя № 5 прыборабудавання, цудоўны вакал Кліма Астрамовіча з Віцебскага дзяржаўнага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, дуэта з Аршанскага каледжа — філіяла БелДУТа і шыкоўнае трохгалоссе навучэнцаў Полацкага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. З першых імгненняў на сцэне пакарылі “Усмешка” (Аршанскі каледж харчавання) і “Гарадоцкія віртуозы” (Гарадоцкі дзяржаўны аграрны каледж). Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж заўсёды рыхтуе да фестывалю штосьці новае і незвычайнае. Сёлета творчы калектыў X-mаn пераўвасобіўся ў “Аршанскіх багатыроў”: магутныя і харызматычныя, яны яскрава паказалі, што сілавыя выступленні з гірамі — гэта не толькі пра спорт, але і пра мастацтва. У сучасным арыгінальным жанры безумоўны лідар — Дзяніс Бубноўскі, які разам з танцавальнай групай Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа прадэманстраваў віртуозны “Футбольны фрыстайл”.

— Дарэчы, адзіны ў сённяшняй канцэртнай праграме бальны танец падрыхтавалі ўдзельнікі танцавальнай групы “Джайв”, таксама з ГДТК, — акцэнтавала ўвагу Наталля Гарнікаўна. — Мы паставілі ў канцэрт пераможцаў “Рэцытацыі” — і не памыліліся: калі чыталі вершы Яўген Мальчонак, Паліна Ласкоўская і Вікторыя Піліпёнак, зала слухала іх літаральна затаіўшы дыханне, а ў некаторых гледачоў былі слёзы на вачах. Вельмі цікавыя нашы танцавальныя калектывы. Моладзь любіць сучасныя напрамкі, таму добра былі прадстаўлены эстрадныя танцы і сучасная харэаграфія; народных танцаў крыху паменела. Велізарнай падзякі заслугоўваюць вядучыя гала-канцэрта — нашы пераможцы ў намінацыі “Канферанс”. 

Нібы дарагі парфюм у вобразе, шыкоўнасці і вытанчанасці “АРТ-вакацыям — 2021” надалі выступленні ўдзельнікаў народнага тэатра моды “Стыль” Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа, тэатра прычоскі Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, аб’яднання па інтарэсах “Сілуэт” Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава, тэатраў прычоскі “Подыум”, абутку і аксесуараў “Крона” Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, тэатра авангарднай моды ROM-moda Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Фінальная песня “Будучыня за намі” (аўтар А.Сакалова), пад якую на сцэну і ў залу выйшлі ўсе ўдзельнікі гала-канцэрта, прагучала ў выкананні ўдзельніц аб’яднання па інтарэсах “Голас” Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

— Амаль дзве з паловай гадзіны доўжыўся гала-канцэрт, а здаецца, мы пражылі адно бясконцае імгненне, — звярнуўся да моладзі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — У фінал абласнога этапу выйшлі лепшыя з лепшых, тут сумнявацца не даводзіцца. Затое з цяжкасцю верыцца, што на сцэне знаходзіліся не прафесійныя артысты, а юнакі і дзяўчаты, якія ва ўстановах прафесійнай адукацыі атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці. Хачу падзякаваць ад сябе асабіста і галоўнага ўпраўлення па адукацыі членам аргкамітэта і журы, якія працавалі добрасумленна і справядліва, установам адукацыі, кіраўнікам калектываў і ў першую чаргу навучэнцам — творцам і героям свята. Вы сапраўды малайцы!

Лепшыя нумары гала-канцэрта па рашэнні рэспубліканскага журы будуць прадстаўлены на заключным этапе “АРТ-вакацый” у Гродне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.