Артыкул «Настаўніцкай газеты» 20-гадовай даўнасці стаў зыходным пунктам у вырашэнні шэрага праблем Цемналескай школы

- 16:1380 лет вместе

У Цемналескай базавай школе Дрыбінскага раёна беражліва захоўваюць нумар “Настаўніцкай газеты” за 7 ліпеня 2005 года. У артыкуле дваццацігадовай даўнасці педагагічны калектыў дзяліўся цяжкасцямі, з якімі тады сутыкнулася ўстанова. Матэрыял стаў зыходным пунктам у вырашэнні шматлікіх праблем. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша школа ўзводзілася гаспадарчым спосабам. У будынку не прадугледжаны спартыўная і актавая залы, санвузлы. Два дзесяцігоддзі назад не былі належным чынам абсталяваны кабінеты прыродазнаўчага цыкла, быў тэхнічна састарэлым камп’ютарны клас, не ставала вучэбна-метадычнай літаратуры. І гэта далёка не поўны пералік клопатаў, якія штодзень даводзілася вырашаць у тыя гады, — паведаміла гераіня публікацыі, а цяпер настаўніца нямецкай мовы Таццяна Сакратарова.

Цяжкасцей у невялікай сельскай школе хапала. Але адзі­най камандай педагогі іх пераадольвалі, паспяхова арганізоўвалі вучэбны працэс. Сумесна змаглі вырашыць і пытанні з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Зараз Цемналеская школа — сучасная навучальная ўстанова, дзе створаны неабходныя ўмовы для якаснай адукацыі. Разам з тым тут захавалі аўтэнтычную атмасферу цеплыні, добразычлівасці, сямейнасці.

— У нас вучыцца 45 хлопчыкаў і дзяўчынак. Вучні мясцовыя, жывуць у аграгарадку Цёмны Лес. Пайменна ведаем і практычна ўсіх бацькоў, бо яны нашы выпускнікі. У калектыве настаўнікаў таксама амаль усе — ураджэнцы вёскі. Жывём разам, адной вялікай сям’ёй, — расказала дырэктар Таццяна Маліноўская.

Ва ўстанове выдатна памятаюць прыезд прадстаўніка “Настаўніцкай газеты”. 20 гадоў назад гэта стала знакавай падзеяй для школы. Журналісту Наталлі Калядзіч тады прадставілі ўсе лепшыя напрацоўкі і дасягненні.

— Праблемныя моманты таксама не пакінулі за кадрам. І гэта адыграла ролю ў змяненні сітуа­цыі ў станоўчы бок. Дапамогу ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы аказаў райвыканкам, аддзел па адукацыі. Падключыліся шэфы і спонсары. Менавіта дзякуючы спонсарскай падтрымцы ўдалося абсталяваць у будынку санвузлы, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна.

Капітальнае абнаўленне школа атрымала ў 2008 годзе. У рамках рэспубліканскай праграмы адраджэння вёскі ўстанова была поўнасцю рэканструявана.

— Замянілі сапраўды шмат чаго: устанавілі новы дах, падлогу, столь, уцяплілі сцены, пераабсталявалі ўваходную групу і вучэбныя класы. Гэта істотна змяніла нашу навучальную ўстанову. Зробленае стараемся падтрымліваць у належным стане, — заўважыла Таццяна Маліноўская.

Ключавая патрэбнасць школы — наяўнасць спартыўнай і актавай залаў — засталася адкрытай. Узвядзенне прыбудовы — справа працаёмкая, таму ва ўстанове знайшлі іншае выйсце. На прылеглай тэрыторыі былі створаны спартыўныя пляцоўкі і сцежка здароўя, у будынку — куток з рознымі трэнажорамі.

— Урокі фізкультуры ў асноўным праходзяць на вуліцы. Патрэбнага інвентару ў нас дастаткова. Летам дзеці вучацца спартыўным гульням, зімой становяцца на лыжы. Рэгулярна на бясплатнай аснове возім вучняў у басейн. Замест актавай залы выкарыстоўваем прасторнае фае, — патлумачыла Таццяна Уладзіміраўна.

У архіўным журналісцкім артыкуле гаварылася аб складанасцях з харчаваннем навучэнцаў. У гэтым напрамку работа ў школе таксама наладжана. Харчаблок адпавядае санітарным нормам, меню варыятыўнае, стравы смачныя. Дзеці і бацькі задаволены.

— Кормім вучняў бясплатна. Калі раней даводзілася трымаць агарод, каб папаўняць агароднінай сталовую, то цяпер прадукты ў патрэбным аб’ёме дастаўляюць цэнтралізавана. Агарод працягваем высаджваць, але гэта ўжо для працоўнага выхавання, — падкрэсліла Таццяна Маліноўская.

Дарэчы, выхаванне вучняў застаецца прыярытэтам у дзейнасці педагогаў. Яны далучаюць дзяцей да працы, фарміруюць у іх патрыятызм, грамадзянскасць, духоўна-маральныя каштоўнасці. Акцэнт робяць і на станаўленні экалагічнай культуры. Школа мае экалагічны ўхіл, навучэнцы актыўна займаюцца прырода­ахоўнай дзейнасцю.

Павышаную ўвагу настаўнікі ўдзяляюць развіццю здольнасцей вучняў. Ва ўстанове забяспечана 100%-ная пазаўрочная занятасць: хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца ў гуртках, секцыях, наведваюць факультатывы.

Імкнёмся разгледзець патэнцыял кожнага навучэнца і накіраваць яго ў патрэбнае рэчышча. Педагогі ў нас прафесійныя, з высокім кваліфікацыйным узроўнем. А самае важнае — чулыя і неабыякавыя. Гэта ў многім спрыяе раскрыццю дзіцячых талентаў. Вучні вынікова ўдзельнічаюць у творчых і даследчых конкурсах, праяўля­юць сябе ў спорце і алімпіядах, — расказала намеснік дырэктара Наталля Бечыкава.

Галоўная мэта, якую сёння ставіць перад сабой настаўніц­тва, — захаваць школу. Установа малакамплектная, але пакуль сітуацыя з колькасцю вучняў стабільная. У аграгарадку ёсць маладыя сем’і, некаторыя з іх мнагадзетныя.

— Для нас значна, што большасць маладых бацькоў мы самі калісьці вучылі. Атрымаўшы прафесію, выпускнікі вяртаюцца жыць і працаваць у родны край. Будзем і далей працягваць выхоўваць вучняў так, каб яны не пакідалі малую радзіму, — запэўніла дырэктар. — Каб існавала не толькі школа, але і наша вёска.

20 гадоў назад сістэме адукацыі Дрыбіншчыны была прысвечана цэлая газетная паласа. Тагачасны начальнік аддзела па адукацыі Васіль Саўчанка ў інтэрв’ю зрабіў акцэнт на кадравым забеспячэнні навучальных устаноў — у школах быў дэфіцыт настаўнікаў матэматыкі і фізкультуры. Пра сітуацыю з педагагічнымі кадрамі сёння падрабязна расказала цяперашні кіраўнік сферы адукацыі Іна Барсукова:

— Усе 15 устаноў адукацыі раёна ў поўным аб’ёме забяспечаны настаўнікамі. Адукацыйны працэс ажыццяўляецца сіламі 264 педагагічных работнікаў. З іх звыш 68% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Святлана Бялова з Бельскай сярэдняй школы і Наталля Шаўчэнка з Міхееўскай сярэдняй школы рыхтуюцца да атрымання кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Вострага недахопу ў кадрах зараз няма, бо гэты напрамак трымаем на пастаянным кантролі. Усебакова падтрымліваем маладых спецыялістаў. Дапамагаем педагогам-пачаткоўцам з прафесійным станаўленнем, наладжваннем побыту. Як вынік — большая частка з іх замацоўваецца на першых працоўных месцах. У чатырох школах функцыянуюць профільныя педагагічныя класы, актыўна стымулюем выпускнікоў на атрыманне прафесіі настаўніка па мэтавых дагаворах. У гэтым ключы таксама ёсць пэўныя вынікі. Летась у педагагічныя УВА на мэтавую падрыхтоўку паступілі 9 маладых людзей. Сёлета плануем адправіць на вучобу не меншую колькасць мэтавікаў.

Пра што яшчэ пісала “Настаўніцкая” 7 ліпеня 2005 года

Цэнтральны матэрыял першай паласы паведамляў пра стварэнне нацыянальнай сістэмы абароны правоў дзяцей. На міжнароднай канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў ЮНІСЕФ, навукоўцаў і педагогаў з розных краін абмяркоўвалі пытанні стабілізацыі сіроцтва, дзіцячай беспрытульнасці, здзяйснення правапарушэнняў непаўналетнімі. Увагу ўдзя­лілі таксама выпрацоўцы алгарытмаў дапамогі дзецям, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. На мерапрыемстве былі абазначаны канцэптуальныя падыходы да фарміравання беларускай сістэмы аховы дзяцінства. У ліку асноўных названа плённае ўзаемадзеянне органаў і ведамстваў рознай падпарадкаванасці. Першая газетная старонка рас­казвала таксама пра прыём у гонар выпускнікоў ваенных УВА Прэзідэнтам і змяненне тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай аду-
кацыяй.

Другая паласа паведамляла пра адметнасці летніх канікул. У артыкуле “Юначы хлеб” Уладзімір Міхно разважаў пра арганізацыю працоўнай занятасці навучэнцаў. Карэспандэнт Таццяна Ракіцкая прадставіла прапанаваныя формы аздараўлення ў Савецкім раёне Мінска. Тэмай нататкі “Слуцкія равеснікі” сталі будні асветніцкага летніка для цяжкіх падлеткаў.

Закрываў нумар аб’ёмны матэрыял “Талент раскрываецца пасля”. У гутарцы з мастацтвазнаўцам Наталляй Шаранговіч журналіст высвятляў ролю дыпломных работ у станаўленні маладых мастакоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара