Магчыма, для звычайнага чалавека выраз “экалагічнае выхаванне” азначае не больш чым прывіццё дзіцяці любові і беражлівых адносін да навакольнага свету. Аднак педагогі, якія займаюцца гэтай тэматыкай, ведаюць, наколькі больш шырокае гэтае паняцце і колькі кірункаў яно мае.
На Гомельшчыне назапашаны даволі вялікі вопыт па арганізацыі розных форм экалагічнай адукацыі навучэнцаў. Да таго ж Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр удзельнічае ў эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі пераемнасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў сістэме дадатковай прыродазнаўчанавуковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Гурткі “Экашкола”, “Юны кінолаг”, “Чалавек і кветкі”, навуковае таварыства вучняў “Даследчыкі”, якія працуюць у Гомелі, якраз нарадзіліся дзякуючы праекту. Акрамя таго, у вобласці ў рамках дадатковай экалагічнай адукацыі дзяцей і моладзі на поўную моц дзейнічае завочная форма навучання, якая дазваляе дзецям розных аб’яднанняў па інтарэсах вучыцца дыстанцыйна, выконваючы заданні, размешчаныя педагогамі ў інтэрнэце.
Варта сказаць, што развіваць завочнае навучанне Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр пачынаў адзін з першых. Гэта было не так проста, паколькі адсутнічае нарматыўная база, дзе былі б прапісаны пэўныя механізмы завочнага навучання ў сферы дадатковай адукацыі. Аднак кіраўніцтву і педагогам гомельскага цэнтра ўдалося давесці справу да канца, і сёння ўстанова служыць паказальным прыкладам для іншых рэгіёнаў.
У пацвярджэнне гэтага Гомельская вобласць была выбрана месцам правядзення рэспубліканскага мерапрыемства — пасяджэння інавацыйнага метадычнага кластара ў галіне эколага-біялагічнай дзейнасці “Вопыт лепшых практык як найважнейшая ўмова рэалізацыі прафесійнага росту педагогаў у стварэнні адукацыйнага маршруту навучэнцаў”.
— Інавацыйны метадычны кластар — новая форма арганізацыі ўзаемадзеяння паміж установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю з установамі агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук, выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў, з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі, Нацыянальным інстытутам адукацыі і Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, — тлумачыць дырэктар Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Ранько. — Кластар закліканы садзейнічаць развіццю ўсебаковага партнёрства і сеткавага ўзаемадзеяння паміж профільнымі ўстановамі на розных узроўнях сістэмы адукацыі.
Асноўная частка пасяджэння была прысвечана супрацоўніцтву паміж установамі адукацыі і навуковымі ўстановамі і прайшла на базе Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзельнікі пасяджэння вывучылі вопыт супрацоўніцтва паміж эколага-біялагічным цэнтрам і інстытутам, знаёміліся з праграмным забеспячэннем адукацыйнага працэсу і дзіцячымі даследаваннямі. Навукоўцы прадставілі лабараторыі генетыкі і біятэхналогіі, сектар харчовых і лекавых рэсурсаў лесу, а таксама генетычны банк насення лясных відаў. Гасцей уразіла тое, што доступ да прыборнай базы навуковай установы маюць не толькі прадстаўнікі лясной навукі, але і школьнікі, якія дапамагаюць навукоўцам ставіць эксперыменты. Як прызналіся супрацоўнікі інстытута, часта такая дапамога бывае неацэннай, асабліва там, дзе патрэбна дакладнасць і акуратнасць, бо даўно даказана, што дробная маторыка ў дзяцей развіта лепш, чым у дарослых.
У такога супрацоўніцтва паміж навуковымі ўстановамі і ўстановамі дадатковай адукацыі вялікі патэнцыял. Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Драпакова, выступаючы на пасяджэнні кластара, анансавала стварэнне дзіцячых тэхнапаркаў для адораных дзяцей і моладзі, якія будуць функцыянаваць па аналогіі з дарослым Паркам высокіх тэхналогій.
— У такіх тэхнапарках юныя эколагі атрымаюць магчымасць працаваць на самай сучаснай навукова-тэхнічнай базе, асвойваючы такія перадавыя напрамкі ў навуцы, як мікрабіялогія, генетыка і селекцыя, біятэхналогія, біёніка, гідрабіялогія, геаэкалогія, лесаводства, зялёная хімія, экаманіторынг, энергія і энергаэфектыўнасць, — растлумачыла Таццяна Васільеўна.
Аб крытэрыях эфектыўнасці педагагічнага вопыту і магчымасцях сумясціць сучасную навуку і адукацыйныя тэхналогіі ўдзельнікам кластара расказаў доктар педагагічных навук вядучы вучоны ў галіне педагагічных тэхналогій Сяргей Кашлеў. Пазнаёміліся ўдзельнікі пасяджэння і з вопытам эфектыўных педагагічных практык Гомельскай вобласці, работай дыстанцыйных школ і дзіцячымі даследаваннямі ў лабараторыях Інстытута лесу.
Працягнулася мерапрыемства на пляцоўках Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе быў арганізаваны майстар-клас па фларыстычнай лепцы з халоднага фарфору, прадэманстравана работа жывога кутка і дзейнасць экалагічнай гульнятэкі. Усе гэтыя формы работы з’яўляюцца паспяховым прыкладам таго, як у экалагічных цэнтрах арганізавана работа ў шосты школьны дзень.
Своеасаблівай разрадкай стаў для ўдзельнікаў інавацыйнага метадычнага кластара прамы тэлемост з Чарнігаўскай абласной станцыяй юных натуралістаў, арганізаваны навучэнцамі гомельскага цэнтра. Сутнасць тэлемоста заключалася ў правядзенні экалагічнай інтэрнэт-віктарыны “Эколаг анлайн”, у якой каманды Гомеля і Чарнігава дэманстравалі свае веды ў галіне экалогіі.
Яшчэ адзін цікавы і важны кірунак у экалагічным выхаванні і навучанні, які паспяхова развіваецца на Гомельшчыне, — гэта даследчая дзейнасць у галіне энергіі і энергаэфектыўнасці. Гэтаму спрыяе створаны на базе Гомельскага абласнога ліцэя музей энергазберажэння, які не мае аналагаў у краіне.
Напрыканцы спецыялісты і педагогі абмеркавалі тэматыку і прыярытэтныя напрамкі педагагічнай, эколага-біялагічнай і прыродазнаўчанавуковай дзейнасці ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, падвялі вынікі рэспубліканскага мерапрыемства. Асаблівая ўвага была ўдзелена вынікам рэалізацыі эксперыментальнага праекта, у якім, акрамя гамяльчан, удзельнічаюць яшчэ некалькі ўстаноў краіны. Разглядаліся таксама прыярытэты метадычнага забеспячэння развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на прыкладзе стварэння вучэбна-метадычных комплексаў, было закранута пытанне ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Педагагічная майстэрня: ад ідэі — да рэалізацыі”, вынікі якога будуць падведзены на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Экалагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця — вядучы механізм і ўмова паспяховасці ўстаноў адукацыі”.
Падводзячы вынікі пасяджэння савета, удзельнікі адзначылі, што, дзякуючы вялікай колькасці таленавітых педагогаў-эколагаў, якія працуюць у Гомельскай вобласці, назапашаны ўнікальны вопыт, які заслугоўвае глыбокага вывучэння. Правядзенне выязных пасяджэнняў інавацыйнага кластара за межамі сталіцы павінна стаць добрай традыцыяй, паколькі метадычны вопыт рэгіёнаў узбагачае рэспубліканскую скарбонку педагагічных практык, а знаёмства з ім заўсёды больш эфектыўнае на месцах, у тых умовах, дзе ён зараджаўся.
Наталля ЛУТЧАНКА.