Арыенцір на вытворчасць: у ГДАУ практыка-арыентаванае навучанне пачынаецца з 1-га курса

- 11:10Образование

Як арганізавана практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў АПК у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Новы падыход з упорам на практычную падрыхтоўку спецыялістаў аграпрамысловага сектара ва ўніверсітэце ўкараняюць другі год запар. Студэнты 1—2 курсаў на адзін-два тыдні адпраўляюцца прахо­дзіць першую вучэбную практыку на вытворчасць, наведваюць практычныя заняткі ў філіялах профільных прадпрыемстваў, актыўна ўдзельнічаюць у студатрадаўскім руху, а таксама аказваюць дапамогу гаспадаркам і прадпрыемствам.

Практыка — асноўны складнік

Па спецыяльнасцях аграрнай накіраванасці да 40% лабараторна-практычных заняткаў і вучэбных практык праводзіцца ва ўмовах вытворчасці.

— Калі раней вучэбную практыку першакурснікі праходзілі на базе ўніверсітэта, то з мінулага навучальнага года студэнты першых курсаў, у тым ліку і платнікі па жаданні, часткова праходзяць вучэбную практыку на базе вытворчасцей. Для гэтага былі ўнесены змяненні ў вучэбна-праграмную дакументацыю, змест вучэбных праграм, распрацавана неабходнае метадычнае суправаджэнне. Таксама мы заключылі дагаворы з прадпрыемствамі, узгадніўшы гэта з абласнымі камітэтамі па сельскай гаспадарцы і харчаванні, — расказвае прарэктар ГДАУ па вучэбнай рабоце Сяргей Юргель. — Да таго ж дагавор утрымлівае пункт, звязаны з далейшым размеркаваннем студэнтаў-бюджэтнікаў у тую гаспадарку і на тое прадпрыемства, дзе яны практыкуюцца. Гэта, як мы мяркуем, паспрыяе замацаванню моладзі пры працаўладкаванні, бо працэс адаптацыі будзе мінімальны, малады спецыяліст ужо знаёмы з калектывам і асаблівасцямі працы.

Вытворчую практыку юныя аграрыі праходзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці. У прыярытэце тыя наймальнікі, якія прапануюць студэнтам праходжанне практыкі на аплатных пасадах па іх профілі і якія прадастаў­ляюць жыллё.

— У мінулым годзе каля 50% студэнтаў вочнай формы навучання праходзілі вытворчую практыку з афармленнем на штатныя аплатныя пасады па профілі атрыманай спецыяльнасці, — удакладняе Сяргей Іванавіч. — Студэнты-мэтавікі практыкуюцца, як правіла, у той арганізацыі, з якой у іх заключаны дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы. У цэлым у 2023/2024 го­дзе вучэбная, вытворчая і пераддыпломная практыкі праходзілі на базе больш як 250 прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу краіны. Адзначу, што пераддыпломная практыка праходзіць на тых прадпрыемствах, куды былі размеркаваны выпускнікі.

Вучэбныя класы

Другі значны напрамак удас­каналення практыка-арыентаванага навучання — гэта стварэнне вучэбных класаў на прадпрыемствах. Напрыклад, для інжынераў-тэхнолагаў сёлета ўніверсітэт адкрыў такі клас сумесна з Гродзенскім мясакамбінатам на іх вытворчай базе. Падобная дзейнасць — гэта маштабаванне паспяховага вопыту, бо там ужо працуе вучэбны клас для будучых ветэрынараў, дзе тыя вывуча­юць дысцыпліны, звязаныя з акушэрствам.

— Змест вучэбных праграм застаўся тым жа, але былі зменены графікі вучэбнага працэсу. Трэцякурснікі адзін дзень на тыдзень, па серадах, займаюцца на базе мясакамбіната. Спачатку яны вывучаюць тэарэтычныя пытанні, а пасля з замацаванымі за імі нас­таўнікамі-практыкамі перахо­дзяць у цэхі прадпрыемства, дзе тэарэтычныя веды падмацоўваюцца практычнымі навыкамі, — знаёміць з нюансамі вучэбнага працэсу Сяргей Юргель.

Студатрады

Трэці важны складнік практыка-арыентаванага навучання — гэта студатрадаўскі рух. Сёлета была арганізавана работа 16 студатрадаў, праз якія прайшлі 183 чалавекі. Юнакі і дзяўчаты з 1 па 4 курс працавалі на сельгаспрадпрыемствах пераважна па сваім профілі: у палях, садах, на мехдварах, перапрацоўчых прадпрыемствах, сушыльных устаноў­ках, фермах, птушкафабрыках. Два студэнцкія атрады дагэтуль працуюць на Гродзенскім мясакамбінаце і ваўкавыскім “Беллакце”. Для студэнтаў гэта добрая прыбаўка да стыпендыі, за сваю працу яны ў месяц атрымліваюць звыш 1000 рублёў. Дарэчы, запыт на студэнцкія рабочыя рукі расце. Нядаўна ўніверсітэт атрымаў заяў­ку ад гродзенскага “Малочнага свету”.

Па словах прарэктара ГДАУ па вучэбнай рабоце, універсітэт усяляк падтрымлівае і пашырае дзейнасць студэнцкіх атрадаў. У планах — падключыць да гэтай работы будучых інжынераў-тэхно­лагаў, якія маглі б набірацца вопыту і падзарабляць на хлебазаводах, буйных мукамольных прадпрыемствах:

— Працуючы ў студатрадах, будучыя спецыялісты атрымліваюць большую частку практычнай падрыхтоўкі, а таксама нярэдка прыглядаюць сабе першае працоўнае месца. Для тых, хто працуе на працягу навучальнага года, распрацоўваюцца індывідуальныя вучэбныя планы, і пасля работы студэнты здаюць вывучаемыя тэмы. Для іх складаецца асобны графік. Усе перадумовы для самастойнай работы ў юнакоў і дзяўчат ёсць. У нас функцыянуе адукацыйны партал, дзе размешчаны неабходныя электронныя вучэбныя метадычныя комплексы, тэарэтычны матэрыял і практычныя заданні.

Сёлета лепшым сэрвісным атрадам Гродзеншчыны названы студатрад “Авангард” імя камсамольца-падпольшчыка Івана Сеўрука. А лепшым сельскагаспадарчым студатрадам быў прызнаны атрад “Парэчанка” імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Аўчыннікава. Дарэчы, летась гэты атрад стаў лепшым не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне.

Дапамога прадпрыемствам

Яшчэ адзін істотны элемент практычнай падрыхтоўкі мола­дзі — аказанне дапамогі вытворчасці. Штогод студэнты ўніверсітэта аказваюць практычнае са­дзеянне аграгаспадаркам па выкананні шэрага тэхналагічных аперацый пры апрацоўцы сельскагаспадарчых культур. У прыватнас­ці, яны займаюцца зборам камянёў, відавой праполкай збожжавых культур, зборам ураджаю пладовых, ягадных і агароднінных культур, уборкай бульбы, морквы, сталовых буракоў, ачысткай і сушкай збожжа. Студэнты-ветэрынары прыцягваюцца да абрэзкі капытоў у буйной рагатай жывёлы, вакцынацыі птушкі.

Такая, здавалася б, банальная тэхналагічная аперацыя, як збор камянёў, можа ў рамках вывучэння дысцыпліны “Глебазнаўства” навучыць вызначаць ступень завалуненасці на полі, разумець глебаўтваральныя працэсы, прычыны з’яўлення камянёў.

Збіраючы яблыкі, хлопцы і дзяўчаты знаходзяць адказы на многія пытанні па плодаагародніцтве. Напрыклад, даведваюцца, як і ў якой паслядоўнасці арганізоўваецца гэты працэс на прадпрыемстве, як выкарыстоўваецца сабраная з дрэў садавіна, а таксама яблычны апад.

Рэктар ГДАУ Валянцін Пяшко:

— Ва ўніверсітэце створаны цэлы кластар практыка-арыентаванага навучання, дзе студэнты атрымліваюць практычныя навыкі ў рамках вучэбных дысцыплін і займаюцца навуковымі даследаваннямі ў той ці іншай галіне. Ён уключае ў сябе вучэбныя лабараторыі, галіновыя навукова-даследчыя лабараторыі, такія як “АграВет”, “ДНК-тэхналогіі” і біятэхналагічная лабараторыя па рэпрадукцыі сельскагаспадарчых жывёл, а таксама доследнае поле, цэнтр практычнай падрыхтоўкі ў малочна-таварным комплексе “Рыдзялі”, ветэрынарную клініку “UniВетЭксперт”, навукова-даследчы сад і навуковы цэнтр па пчалярстве. У кластар уваходзяць і 23 філіялы кафедраў, якія знаходзяцца на такіх вытворчасцях, як ААТ “Беллакт”, Гродзенская абласная ветэрынарная лабараторыя, Гродзенская абласная асацыя­цыя прадпрымальніцтва, Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, Гродзенская раённая ветэрынарная станцыя, СВК “Путрышкі”, СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, СВК імя Дзеньшчыкава і іншыя.

Сістэма практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, якая рэалізуецца адразу на некалькіх узроўнях, дазваляе маладому спецыялісту, калі ён прыходзіць на работу ў гаспадарку, мець у сваім багажы не толькі тэарэтычныя веды, але і навыкі практычнай працы, вопыт укаранення тэхналогій і новай тэхнікі ў вытворчасць. Такі спецыяліст адразу ўключаецца ў рабочы працэс.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва УВА