Арыенцір — здаровая моладзь

- 11:10Навіны рэгіёнаў

Гвозніцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Маларыцкага раёна — невялікая сельская ўстанова адукацыі, дзе атрымліваюць веды крыху больш за 50 вучняў. Але гэта не перашкаджае ёй вынікова выступаць на спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Апошняе пацвярджанне гэтага — 3-е месца сярод сельскіх устаноў у сёлетняй раённай спартакіядзе школьнікаў.

— У нас ёсць свае правілы і традыцыі, выпрацаваныя і правераныя часам, — гаворыць дырэктар Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы М.М.Афанасенка. — Менавіта яны дапамагаюць педагагічнаму калектыву ўпэўнена ісці да пастаўленых мэт, абапіраючыся на ўсё новае, перадавое і прагрэсіўнае. Гэта тычыцца і фізкультурна-спартыўнага жыцця школы. Дасягнутыя поспехі ў ім — заслуга настаўніка фізічнай культуры і здароўя Валерыя Вячаслававіча Чырко.

У свой час В.В.Чырко скончыў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча і спартыўны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. На першае месца работы быў накіраваны ў тагачасную Гвозніцкую базавую школу старшым піянерскім важатым. З 1990 года працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя.

У В.В.Чырко склалася ўласная педагагічная сістэма работы з вучнямі. На занятках настаўнік фарміруе ў дзяцей пазітыўныя адносіны да свайго здароўя, прапаноўвае ім альтэрнатыўныя варыянты вольнага часу, далучае да здаровага і актыўнага ладу жыцця. На гэта накіраваны многія спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы.

— Я шчаслівы, што звязаў жыццё са школай, — прызнаецца Валерый Вячаслававіч. — Не ведаю, ці здолеў бы рэалізаваць сябе ў іншым месцы і ў іншай прафесіі. Работа з дзецьмі прыносіць шмат радасці. Побач з імі адчуваю сябе маладзейшым.

В.В.Чырко заўсёды працуе на вынік. Для гэтага педагог звяртаецца да розных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання. Надзвычай важным з’яўляецца ўласны прыклад.

Настаўніка вельмі радуюць спартыўныя дасягненні выпускнікоў школы. Так, Дзмітрый Лук’янчук — майстар спорту Беларусі па спартыўнай хадзьбе, пераможца і прызёр чэмпіянатаў краіны і Еўропы, удзельнік чэмпіянату свету сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы; Эдуард Ваўрушэвіч — майстар спорту Беларусі па спартыўнай аэробіцы, пераможца і прызёр чэмпіянатаў краіны ў гэтым відзе спорту; Іван Лук’янчук — пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе, пераможца кубкаў Беларусі і краін Балтыі, капітан школьнай каманды па лёгкай атлетыцы, якая двойчы займала 1-е месца ў Маларыцкім міжнародным марафоне ў 2012 і 2013 гадах; Аляксандр Сіпчук — кандыдат у майстры спорту Беларусі па спартыўнай хадзьбе, пераможца і прызёр чэмпіянатаў краіны па лёгкай атлетыцы.

У ліку спартыўных камандных дасягненняў гвозніцкіх вучняў — 1-е месца і пераходны кубак у комплексных турыстычных спаборніцтвах памяці А.Б.Ведзіянцава ў 2014 і 2015 гадах, 1-е месца ў раённай спартакіядзе па валейболе і 2-е месца ў раённай спартакіядзе па футболе сярод дзяўчат у мінулым навучальным годзе.

Сёння ў школе падрастае новая змена маладых спартсменаў. Некаторыя выхаванцы В.В.Чырко ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Сярод іх — адзінаццацікласніца Кацярына Дэйнак (міні-футбол), дзесяцікласнік Вадзім Касцючык (бег на розных дыстанцыях), дзесяцікласніца Вераніка Кардзялюк (кіданне дыска, штурханне ядра), дзевяцікласнік Павел Лук’янчук (спартыўная хадзьба), васьмікласнік Арцём Дэйнак (бег на розных дыстанцыях) і сямікласнік Цімох Сілюк (бег на розных дыстанцыях). Падае надзеі ў лёгкай атлетыцы і чацвёртакласнік Цімох Палявік.

— Як настаўнік спрабую разгледзець спартыўныя задаткі і здольнасці ў кожным дзіцяці, падтрымаць іх, паказаць перспектывы ўласнага росту, дапамагчы ўзняцца ў сваіх дасягненнях на прыступку вышэй. Для гэтага ў школе ёсць добрая спартыўная база, — расказвае В.В.Чырко.

Валерый Вячаслававіч імкнецца падрыхтаваць да самастойнага жыцця здаровую і фізічна моцную моладзь. Гэта галоўная задача, якую педагог паставіў перад сабой яшчэ ў пачатку свайго настаўніцтва. З таго часу мінула шмат гадоў, але арыенцір у рабоце застаўся нязменным.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.