На Віцебшчыне дадзены старт пілотнай праграме па падтрымцы юных талентаў у навуцы і спорце
Ад школы да працы на лепшых прадпрыемствах
Ідэю далучыць рэгіянальны бізнес да актыўнай працы з маладымі талентамі выказаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў. У мінулую суботу адбылося першае пасяджэнне экспертнага савета праграмы “Таленавіта”, ініцыятарамі якой выступілі навукова-тэхнічны савет медыка-фармацэўтычнага кластара “Саюз медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый “Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты” пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства спорту і турызму, Віцебскага аблвыканкама.
— Падтрымліваючы таленавітую моладзь, мы робім інвестыцыі ў сваю будучыню, — перакананы старшыня савета дырэктараў СТАА “Націвіта” Аляксей Сычоў. — Сучасны бізнес — не толькі паспяховыя продаж і маркетынг, а найперш навука, інавацыі, новыя тэхналогіі. Менавіта таму ўсё часцей гучаць словы аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Мы зацікаўлены ў маладых талентах, якія могуць даць нам ідэі, што мы зможам увасобіць у жыццё. Мы зацікаўлены ў тым, каб дапамагчы маладым беларусам дасягнуць самых амбіцыйных вышынь у навуцы, спорце і мастацтве. “Таленавіта” адкрыта для новых партнёраў. Сёння на сустрэчы з губернатарам вобласці і пасяджэнні экспертнага савета мы якраз абмяркоўвалі гэты момант, а таксама перспектывы, навацыі, напрамкі супрацоўніцтва, магчымасці фінансавання. Абавязкова будзем развіваць новыя формы ўдзелу дзяцей і моладзі ў інтэлектуальна-пазнавальнай, фізкультурна-спартыўнай і грамадска карыснай дзейнасці. Галоўная мэта праграмы — знайсці адораных навучэнцаў і студэнтаў, падтрымаць іх і суправаджаць на ўсім шляху асобаснага і прафесійнага станаўлення — пачынаючы ад школы і заканчваючы працаўладкаваннем на лепшыя прадпрыемствы Беларусі.
Сімвалічна, што “Таленавіта” стартавала ў Год навукі. На стадыі распрацоўкі быў улічаны вопыт работы вядомага адукацыйнага цэнтра “Сірыус”, арганізаванага фондам “Талент і поспех” на базе алімпійскай інфраструктуры ў Сочы па ініцыятыве Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Каменціруючы змест навацыі і перспектыўныя вынікі, якія яна павінна прынесці вобласці і краіне, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін адзначыў, што на дзяржаўным узроўні адоранай моладзі аказваецца ўсебаковая падтрымка. “Таленавіта” — адна з першых падобных праграм з актыўным удзелам прыватнага бізнесу.
— Без кадраў, без навукі высокатэхналагічны сектар нельга ўявіць. Маладыя таленты і навуковыя даследаванні — выгаднае ўкладанне рэсурсаў, — выказаў меркаванне Аляксандр Генадзьевіч. — Віцебшчына сёння сярод лідараў па развіцці інфраструктуры падтрымкі талентаў. Гэтую практыку і вопыт мы будзем старацца распаўсюдзіць на ўсю Беларусь. Спадзяюся, што да “Таленавіты” далучацца ўсе рэгіёны.
На карысць Беларусі
У склад экспертнага савета праграмы ўвайшлі знакамітыя вучоныя, паспяховыя бізнесмены, славутыя спартсмены, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і блізкага замежжа.
— На працягу некалькіх гадоў з’яўляюся членам навукова-тэхнічнага савета саюза “Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты”. Прыемна назіраць, як складваецца на віцебскай зямлі такая, калі хочаце, інтэлектуальная экасістэма, накіраваная найперш на развіццё асобаснага патэнцыялу моладзі, — падзяліўся ўражаннямі рэктар Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай хіміка-фармацэўтычнай акадэміі, доктар фармацэўтычных навук, прафесар Ігар Наркевіч. — Праграма “Таленавіта” — яшчэ адзін значны крок да таго, каб вобласць стала месцанараджэннем талентаў.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч акцэнтаваў увагу на тым, што праграма нацэлена матываваць адораных маладых людзей не толькі на развіццё і высокія дасягненні, але і на тое, каб свядома звязаць будучыню з жыццём на радзіме, плённай працай на карысць Беларусі. Гэта падкрэслівалі і эксперты.
— Наша пачынанне для мяне асабіста мае велізарнае значэнне, — прызнаўся чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі. — Талент ёсць у кожным чалавеку. Мы тут сабраліся, каб дапамагчы яго знайсці і падтрымаць. Для перамогі найперш неабходны цярпенне, вера ў сваю працу, свайго трэнера і сваю перамогу. У спорце, як і ў навуцы, без матывацыі ўвогуле няма чаго рабіць: калі ў цябе няма амбіцый быць пераможцам, лепш займайся фізкультурай. І вельмі важнай, на маю думку, з’яўляецца матывацыя да перамогі — трэба быць патрыётам сваёй краіны. У 16—17 гадоў мне неаднойчы прапаноўвалі пераехаць за мяжу, пераконвалі, што там лепшыя перспектывы. Я застаўся ў Наваполацку. Як бачыце, гэта было правільнае рашэнне.
Выбраць правільны шлях
Падчас стартавых мерапрыемстваў праекта члены экспертнага савета наведалі гімназіі №№ 1 і 2, сярэднюю школу № 45 абласнога цэнтра, Віцебскі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву, ФК “Віцебск”, Віцебскі абласны клуб па гульнявых відах спорту, дзе пазнаёміліся з навукова-даследчай працай навучэнцаў, методыкай яе арганізацыі і вынікамі, спартыўнымі дасягненнямі ў кожнай галіне, папрысутнічалі на трэніроўках, правялі сустрэчы з дзецьмі, педагогамі і трэнерамі. Больш за 400 старшакласнікаў вобласці — прызёраў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, спартсменаў, якія паказалі выдатныя вынікі, лепшых студэнтаў разам са сваімі педагогамі атрымалі запрашэнне на сустрэчу з членамі экспертнага савета ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Тут адбыліся прэзентацыя праграмы “Таленавіта” і размова аб яе перспектывах у фармаце адкрытага дыялогу “Старт да поспеху”. Юнакі і дзяўчаты скарысталіся ўнікальнай магчымасцю атрымаць інфармацыю з першых вуснаў і выслухаць меркаванне экспертаў па хвалюючых праблемах. Маркерам зацікаўленасці маладзёжнай аўдыторыі сталі пытанні па тэме прафесійнага поспеху: як яго дабіцца, хто дапамагаў пераадольваць цяжкасці, што наймацней матывуе да перамогі.
— У лагатыпе нашай праграмы слова “віта” — жыццё. А я ўзначальваю навуковую школу “Біяхімія здаровага ладу жыцця”. І менавіта тут мы маем спалучэнне спорту, фізічнай актыўнасці, здаровага ладу жыцця і навукі, — адказаў прафесар кафедры хіміі біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава доктар біялагічных навук Аляксандр Чыркін. — Калі вам кажуць, што нельга паглыблена займацца прадметам больш за гадзіну, перагружаць сябе — безумоўна, маюць рацыю. Аднак з уласнага вопыту не магу не дадаць: маладосць — той узрост, калі трэба ўбіраць у сябе веды і навыкі, і гэта найбольш лёгка атрымліваецца. Паставілі мэту — ідзіце да яе не спакваля, а на мяжы магчымасцей. Навука — цяжкая праца, яна ж і найвялікшая асалода. Кожны страчаны год у школе — страчаныя дзесяцігоддзі ў жыцці.
— Складнікі прафесійнага поспеху індывідуальныя, але заўсёды ў іх аснове ляжаць настойлівае імкненне да пастаўленай мэты, — агучыў свой варыянт адказу дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, доктар медыцынскіх навук Алег Суконка. — Я нарадзіўся ў вёсцы, прайшоў шлях ад простага хірурга да кіраўніка буйной лячэбнай установы і зараз магу з упэўненасцю сцвярджаць: талент — гэта толькі адзін працэнт поспеху, астатняе — імкненне, жаданне, і карпатлівая праца, дакладней, супрацоўніцтва навучэнца, студэнта і яго педагогаў.
Вялікі рэзананс мела пытанне аб перспектыўных прафесіях і спецыяльнасцях. У адказах групу экспертаў на старце лёгка абышоў Вадзім Дзевятоўскі, які трапна пракаменціраваў: “Добры спартсмен заўсёды будзе запатрабаваны”. Рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі разгарнулі перад будучымі абітурыентамі захапляльную панараму прафесійнага поспеху ў ІТ-сферы пятага і шостага ўкладаў, адытыўных і нанатэхналогій, хім- і біяінфарматыкі, камп’ютарнага мадэлявання жывых сістэм. Не засталіся па-за ўвагай напрамкі, што аб’ядноўваюцца тэрмінам “навукі аб жыцці” (life sciences). Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Лазоўскі адзначыў, што патрэбнасць чалавека ў прыгажосці нязменная, адвечная, таму ніколі не застанецца без працы таленавіты архітэктар і будаўнік. А першы прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Васіль Маліноўскі нагадаў, што нават падчас вайны ў любой дзяржаве працуюць школы, таму заўсёды будуць запатрабаваны педагогі, і мудра заўважыў, звяртаючыся да моладзі, што запатрабаваны той спецыяліст, які ім з’яўляецца: “Вы прыходзьце да нас вучыцца, а ўжо спецыяліста мы з вас пастараемся зрабіць”.
Перспектывы росту
Кульмінацыйным момантам сустрэчы ў ВДМУ стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых з лепшых. Дванаццаць юнакоў і дзяўчат былі адзначаны сертыфікатамі на грашовыя прэміі ў памеры 600 рублёў за выдатныя поспехі ў навуцы і спорце. Трэба сказаць, што выдзяленне грантаў для пераможцаў міжнародных алімпіяд па прыродазнаўчых і дакладных навуках навучэнцам 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама пераможцам і прызёрам міжнародных спартыўных спаборніцтваў ва ўзросце да 25 гадоў (у тым ліку навучэнцам спецыялізаваных спартыўных школ) Віцебскай вобласці — толькі адзін з напрамкаў праграмы “Таленавіта”. Дарэчы, з наступнага года ўзнагароды будуць прысуджацца і пераможцам міжнародных конкурсаў у сферы мастацтва. Другі напрамак — выдзяленне грантаў пераможцам конкурсу даследчыцкіх праектаў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па прыродазнаўчых і дакладных навуках, арганізаваным упраўленнем адукацыі аблвыканкама. Абавязковая ўмова — прыкладны характар даследавання. Мяркуецца, што па выніках конкурснага адбору ўпраўленне адукацыі прапануе экспертнаму савету 5 работ для вылучэння сярод іх 3 лепшых.
Са студзеня наступнага года стартуе конкурс навукова-даследчых праектаў сярод студэнтаў і навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Завяршэнне конкурсу запланавана на верасень, пераможцы атрымаюць гранты, а таксама прапанову рэалізаваць бізнес-план з магчымасцю атрымання грантаў на стартап. Запланавана правядзенне майстар-класаў з выдатнымі спартсменамі нашай рэспублікі і замежжа для навучэнцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і школ алімпійскага рэзерву.
“Таленавіта” анансуе стварэнне ў рэгіёне адукацыйна-развіццёвага цэнтра па рабоце з адоранымі дзецьмі на базе аднаго з летніх дзіцячых аздараўленчых лагераў. З юнымі талентамі падзеляцца ведамі вопытныя і паспяховыя прафесіяналы, дзеці будуць прыцягнуты да распрацоўкі цікавых ідэй, змогуць наведваць заняткі па профілях і майстар-класы. “Таленавіта” абяцае насычаную праграму мерапрыемстваў і адпачынку, шырокі спектр аздараўленчых працэдур.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.