Арыфметыка здароўя: як матэматычныя распрацоўкі дапамагаюць хворым пацыентам

- 11:08Новости

Чаму медыкі ўсё часцей звяртаюцца па дапамогу да тэхнароў? Аказваецца, яны могуць спрагназаваць паводзіны чалавечых органаў і наступствы хірургічных аперацый, аптымізаваць іх ход, выпрацаваць рэкамендацыі для пасляаперацыйнага аднаўлення і рэабілітацыі пацыентаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Біямеханіка руліць

Каб знайсці рашэнне складаных практычных задач, вучоныя з розных сфер аб’ядноўваюцца. Так, дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ прафесар кафедры бія- і нанамеханікі Сяргей Басякоў працуе ў тандэме з універсітэцкімі калегамі і практыкуючымі медыкамі. Разам яны стварылі шэраг распрацовак, якія сёння паспяхова выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі, артапедыі, отарыналарынгалогіі.

Любімая навука Сяргея Міхайлавіча — біямеханіка, па якой ён пяць гадоў назад першым у краіне абараніў доктарскую дысертацыю. І хоць біямеханіка ўключае ў сябе некалькі вялікіх раздзелаў, сярод якіх агульная, інжынерная, спартыўная біямеханіка і г.д., ён выбраў напрамак на скрыжаванні механікі, матэматыкі і медыцыны.

— Біямеханіка — гэта вельмі актуальны напрамак даследаванняў, які дынамічна развіваецца. Да нас звяртаюцца медыкі з канкрэтнай медыцынскай праб­ле­май, якую трэба вырашыць. Мы аб’ядноўваем усе нашы веды і ўменні, каб прапанаваць навуковае рашэнне і на выхадзе атры­маць вынік, які можа быць укаранёны ў практычную дзейнасць, — гаво­рыць Сяргей Басякоў.

Адзін са значных праектаў, над якім Сяргей Міхайлавіч працуе разам з прадстаўнікамі БДМУ, звязаны з вырашэннем задач па ўстаноўцы імплантатаў. Навукоўцы БДУ стварылі механіка-матэматычную 3D-мадэль, якая не мае аналагаў і дазваляе разлічыць дакладнае геаметрычнае размяшчэнне імплантатаў з улікам індывідуальных асаблівас­цей пацыента. Гэта дае магчы­масць ацаніць рэакцыю зубоў на нагрузку і тым самым скараціць тэрміны лячэння.

— Работа над стварэннем 3D-мадэлі вядзецца з 2020 года сумесна з прафесарам С.П.Рубніковічам і яго дактарантам С.А.Грышчанковым. Зараз яна на заключным этапе. Мед­універсітэт сёння падае наш праект для фінансавання як галаўная арганізацыя, а мы — як сувыканаўцы па біямеханічным мадэляванні пратэзавання ніжняй сківіцы. У выніку мы выдадзім патэнт або інструкцыю для Міністэрства аховы здароўя па прымяненні нашай мадэлі. У ёй будзе складзены цэлы дыяпазон рэкамендацый для ўрача і пацыента, напрыклад, на колькі імплантатаў можна фіксаваць пратэз і колькі ён вытрымае жавальных цыклаў, пры якой нагрузцы пацыент будзе мець болевыя адчуванні, як пазбегнуць расхіс­твання імплантата і г.д., — расказаў дэкан мехмата.

Біямеханіка — сімбіёз навук, і тут будзе вельмі шмат выбітных практычных вынікаў.

Зараз Сяргей Басякоў разам з калегамі з БДМУ працуе над мадэллю, звязанай з бруксізмам. Нагадаем, бруксізм, ці скрыгат зубамі, — празмерная, неўсвядомленая актыўнасць жавальных мышцаў, сцісканне сківіцы і зубоў падчас сну.

— Асноўная праблема пры бруксізме — гэта тое, што чалавек міжвольна ў сне скрыпіць зубамі і на гэта немагчыма паўплываць. Калі сіла ціску перавышае ў тры разы дапушчальную норму, то вельмі пакутуе і эмаль зубоў, і перыядантальная звязка, што прыводзіць да выпадзення зубоў. Наша распрацоўка дазволіць больш эфектыўна ацэньваць стан пацыента і правільна карэкціраваць лячэнне, — дадаў Сяргей Міхайлавіч.

Яшчэ адзін сур’ёзны напрамак навукоўцы механіка-матэматычнага факультэта БДУ развіва­юць ра­зам з калектывам вучоных на чале з А.Л.Малец РНПЦ отарыналарынгалогіі.

— Нашы разлікі дапамага­юць спланаваць аперацыі на сярэднім вуху дзяцей і падлеткаў, якія ­маюць розныя прыроджаныя паталогіі, што прыводзяць да праб­лем з еўстахіевай трубой. Так, калі ў дзіцяці ёсць якія-не­будзь паталогіі верхняй сківіцы (расколіна паднябення ці падазрэнне на яе), то апрыёры еўстахіева труба не зможа выбудавацца як трэба і ўсё жыццё будзе ў няправільным становішчы. У нас усё параметрызавана, і гэта дазваляе зрабіць разлікі, якія дапамага­юць так паставіць шунты ў барабанную перапонку, каб забяспечыць неабходны паветраабмен у трубе. Дарэчы, дыя­метр барабаннай перапонкі — 9 мл, а сярэдняя таўшчыня — 0,1 мл. Уявіце сабе, якую карпатлівую работу даводзіцца выконваць і ўрачам, і нам, — расказаў навуковец.

Вынікам гэтага супрацоўніц­тва стане таксама інструкцыя Міністэрства аховы здароўя па прымяненні шунтоў. Вучоныя зрабілі вельмі складаныя разлікі, якія дазваля­юць дакладна высветліць, які шунт трэба ўстанавіць пры той ці іншай паталогіі.

Прадбачыць усе зыходы

Сяргей Басякоў рэалізоўваў тры вялікія праекты сумесна з кардыёлагамі РНПЦ кардыялогіі і кафедры ўнутраных хвароб БДМУ. Асноўная задача гэтай распрацоўкі — папярэдзіць хваробу. Калі пацыент прыходзіць на прыём да кардыёлага, той уводзіць у праграму неабходныя даныя: звесткі з медкарты, вынікі апошніх абследаванняў. Затым алгарытм аналізуе інфармацыю і ацэньвае рызыкі, напрыклад, атрымання паўторнага інфаркту міякарда. Такі падыход дапамагае ўрачу прыняць правільнае рашэнне наконт таго, як ля­чыць пацыента, папярэджваючы крытычныя наступствы.

А яшчэ Сяргей Міхайлавіч стаў першапраходцам у галіне распрацовак па аднаўленні сухажылляў кісці рукі разам з навукоўцамі БДМУ і гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Новы метад грунтуецца на двух ключавых аспектах: распрацоўцы камп’ютарнай мадэлі сухажыльнага апарату (будуецца па тамаграфічным даследаванні кісці рукі) і падрыхтоўцы табліцы стандартызацыі (этап, на якім пачынаецца прымяненне распрацоўкі ўрачамі).

Звычайна ў медпрактыцы ацэнка функцыі кісці пасля аперацыі на згінальных сухажыллях грунтуецца толькі на візуальным аглядзе. Аднак у гэтым выпадку нельга даваць ацэнку магчымым вынікам умяшання.

— Каб забяспечыць рухомасць пальцаў, пацыенту неабходна аперацыя. Аднак урачы па-рознаму падыходзяць да падобных аперацый, бо ў кожнага ёсць сваё меркаванне і ўласны вопыт. Адны лічаць, што неабходна рабіць аперацыі на двух сухажыллях, асабліва калі прафесійная дзейнасць чалавека звязана з работай рук. А другія сшываюць любое з іх. Але паўста­юць пытанні: як жа размясціць іх і ў якім месцы лепш прымацаваць да фалангаў? Наша распрацоўка дазваляе даволі хутка і эфектыўна знайсці адказы на гэтыя пытанні, — патлумачыў навуковец.

Увогуле, камп’ютарнае ма­дэляванне можа быць карысным для розных напрамкаў медыцыны. Калі гаварыць пра лячэнне органаў і іх сістэм, то тут навукоўцамі асвоены ўвесь ланцужок дзеянняў. Спачатку на аснове тамаграфічных даных можна распрацаваць мадэль аднаго органа ці іх сістэмы, пасля задаць адпаведныя фізіка-механічныя ўласцівасці, а потым ацаніць функцыянаванне пад дзеяннем статычных ці дынамічных нагрузак.

Дарэчы, зараз Сяргей Басякоў разам з калегамі прэтэндуе на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэс­публікі Беларусь 2024 года ў галіне навукі і тэхнікі сумесна з С.У.Аб­ламейкам, М.А.Жураўковым, А.М.Нядзьведзем, С.С.Шчарбаковым і Р.П.Богушам за цыкл работ “Мадэлі і тэхналогіі штучнага інтэлекту і іх прымяненне ў рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы Рэспублікі Беларусь”, у тым ліку па распрацоўцы кірунку медыцынскай біямеханікі, арыентаванай на індывідуальнае лячэнне пацыента на ўзроўні біялагічных тканак і сістэм органаў чалавека.

Напрыканцы размовы Сяргей Басякоў падкрэсліў, што сумесныя распрацоўкі з медыкамі даюць магчымасць правядзення сур’ёзнай навуковай работы, падрыхтоўкі пуб­лікацый міждысцыплінарнага характару, а галоўнае — укаранення вынікаў даследаванняў у практыку.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара