Арыгінальныя бізнес-ідэі ад моладзі

- 11:43Навіны рэгіёнаў, Рознае

ІІІ Міжнародны конкурс “StartUp-кааперацыя!” — 2016, на якім маладыя людзі — студэнты, магістранты і аспіранты з Беларусі, Расіі і Украіны — прадстаўлялі свае бізнес-праекты, прайшоў у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі.

Сёлета конкурс сабраў 59 удзельнікаў амаль з 30 праектамі. Найбольш актыўнай аказалася ўкраінская моладзь: імі было прадстаўлена 15 праектаў, і многія аказаліся ў ліку пераможцаў. Нашы юнакі і дзяўчаты прапанавалі 10 праектаў. Распрацоўкі былі розныя і закраналі сферы грамадскага харчавання, турызму і актыўнага адпачынку, адукацыі і IT-сферы.

Конкурс праводзіцца на высокім узроўні і падтрымліваецца Гомельскім аблвыканкамам, а сярод арганізатараў — савет маладых навукоўцаў і Цэнтр бізнес-адукацыі БГЭУСК, Гомельскі тэхнапарк, Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Да канкурсантаў прад’яўляюцца даволі жорсткія патрабаванні. Прапанаваныя ідэі павінны быць актуальнымі, улічваецца арыгінальнасць і навізна бізнес-праекта, яго запатрабаванасць на рынку, перспектыва акупнасці. Падчас прэзентацыі неабходна апісаць сваю бізнес-ідэю, канкурэнтаздольнасць прадукту, прадставіць вытворчы план, фінансавыя разлікі, план па кіраванні кадрамі. Кваліфікаванае журы, у склад якога нязменна ўваходзяць прадстаўнікі бізнес-супольнасці і органаў улады, ацэньвае таксама майстэрства прэзентацыі, магчымасць продажу ідэі або прыцягнення інвестыцый.

Прызавыя месцы размяркоўваліся ў першай і другой лізе. Такім чынам, 1-е месца атрымалі праекты “Распрацоўка металадэтэктара на аснове рэгістрацыі змены напружанасці магнітнага поля” Белгародскага ўніверсітэта кааперацыі, эканомікі і права і “Перапрацоўка вугляроднай і неарганічнай сыравіны “ІНТЭР Пласа” Палтаўскага ўніверсітэта эканомікі і гандлю. 2-е месца — у Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (“Букеты з цукерак”) і Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа (“Вытворчасць лялечных домікаў”). Дарэчы, праект каледжа быў прызнаны лепшым стартапам у галіне развіццёвых гульняў для дзяцей. На 3-м месцы — Палтаўскі ўніверсітэт эканомікі і гандлю з праектам “Лазня на колах”, а таксама праект “BLISS” Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.

Акрамя таго, былі названы лепшыя стартапы ў сферах вытворчасці, гасцінічнага бізнесу, грамадскага харчавання, рамеснай дзейнасці, паслуг і інш. Пераможцы конкурсу атрымалі магчымасць стажыравацца на прыватных прадпрыемствах з мэтай папулярызацыі і фінансавання прадстаўленых на конкурсе праектаў.