Асаблівае гледжанне

- 21:29Ремарка

Вядучая рубрыкі
Святлана ЛОЦМАНАВА

 

 

 

 

 

За што я хачу папрасіць прабачэння ў сваёй дачкі.

Не сумняваюся, што многім бацькам калі-нікалі было сорамна перад сваімі дзецьмі. І ў маім жыцці такое здаралася. Прычым не аднойчы. Але найбольш яскрава ў памяць урэзаўся адзін выпадак. Мая дачка-трэцякласніца пасля заняткаў пайшла катацца на санках. Мабільнік з сабой, вядома ж, не ўзяла, каб не згубіць.

Калі я вярнулася з работы, дома дачушкі яшчэ не было. Канечне, пачала хвалявацца: усё ж такі маленькае дзіця, тым больш на вуліцы ў гэты час зімой ужо цёмна. Дзякуй богу, праз 10 мінут яна адчыніла дзверы і з парога вымавіла:

— Мама, я дапамагла бабулі, у яе былі цяжкія сумкі, і я адвезла іх на санках да яе дома.

Дзіця аж свяцілася ад усведамлення, што яно камусьці дапамагло, здзейсніла дарослы ўчынак. І што, вы думаеце, я сказала ў адказ? Накрычала: адна, познім вечарам, з чужым чалавекам пайшла невядома куды.

Ніколі не забуду, як імгненна згаслі агеньчыкі ў яе вачах, замест іх з’явіліся слёзы. Дачушка знікла і разгубілася. Калі ад сэрца крыху адлягло, я зразумела сваю памылку, стала прасіць у малой прабачэння, але ніякія мае словы не маглі вяр­нуць яе шчаслівую ўсмешку. Выглядала яна як параненая птушка, у якой падрэзалі крылы. Той ноччу я доўга не магла заснуць…

Чаму я прыгадала тое здарэнне? Мы часта наракаем на нашых дзяцей, маўляў, растуць абыякавыя, нічым іх не пра­няць. А ці не мы, дарослыя, вінаватыя ў гэтым? Не заўважаем, як вучым іх праходзіць міма чужой бяды.

З-за недахопу часу, з-за страху, з-за сваёй абыякавасці — адгаворак заўсёды хапае.

Радуюся кожны раз, калі чую, што падлеткі ўдзельнічаюць у валанцёрскай рабоце. І тут не так важна, чым яны займаюцца: дапамагаюць бяздомным сабакам ці коцікам, ладзяць свята для старых ці ­здзяйсняюць мару сіраты з дзіцячага дома. Галоўнае — яны бачаць і чуюць іншых людзей. А значыць, ім не пагражае духоўная слепата.

У сувязі з гэтым вялікі дзякуй хочацца сказаць настаўнікам. Вельмі часта менавіта яны становяцца ініцыя­тарамі добразычлівых акцый. І што адметна: дзеці заўсёды ахвотна адгукаюцца на такі заклік. Прыемна было назіраць, як аднакласнікі маёй дачкі натхнёна абмяркоўвалі, што падарыць дзяўчынцы з інтэрната. Не менш актыўна яны збіралі корм і іншыя неабходныя рэчы для прытулку, дзе даглядаюць сабак і катоў. 

Так што дзеці ў нас добрыя. І не такія меркантыльныя, як часам мы сабе ўяўляем. Яны гатовы шмат чаго рабіць бескарысна і бясплатна. Неабходна толькі падказаць і паказаць ім прыклад.