Асаблівым дзецям — асобая ўвага

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Гродзенскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі займае асобнае месца ў сістэме спецыяльнага навучання вобласці. Каардынацыя работы 19 такіх устаноў, метадычнае суправаджэнне спецыялістаў, а на Гродзеншчыне больш як 2,5 тысячы педагогаў працуюць з асаблівымі дзеткамі, дапамога не толькі дзецям, але і іх бацькам, — усё гэта пад сілу спецыялістам цэнтра. У снежні гэтага года абласны цэнтр святкуе юбілей. 25 гадоў — узрост малады, але зроблена нямала.

Каардынатар дзейнасці

Ля вытокаў зараджэння ўстановы адукацыі стаяў першы дырэктар Віктар Аляксандравіч Калевіч. На той момант у распараджэнні цэнтра былі ўсяго 4 кабінеты. Асноўным тады было абследаванне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, правядзенне настаўнікамі-лагапедамі ка­рэкцыйных заняткаў з дзецьмі з парушэннямі маўлення, кансультаванне бацькоў.

За гэтыя гады адбыліся значныя змены. Сёння ў калектыве працуе 14 чалавек, сярод якіх — метадыст, урач-псіхіятр, 4 настаўнікі-дэфектолагі, псіхолаг і сацыяльны педагог. Пашырыліся плошчы ўстановы. 10 кабінетаў аснашчаны сучасным абсталяваннем, зроблены рамонт.

Пад кіраўніцтвам дырэктара абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алены Анатольеўны Федарэнка педагагічны калектыў вырас у дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашаць любыя пастаўленыя задачы. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць кіраўніку захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў вучэбны працэс, таму ўстанова паспяхова асвойвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Пры гэтым стараецца, каб лепшыя традыцыі абавязкова захоўваліся. І вельмі даражыць сваім калектывам.

— Нашы педагогі ініцыятыўныя, энергічныя, працуюць “з агеньчыкам”, — падкрэслівае Алена Анатольеўна. — Кожны гатовы прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну, не лічачыся з асабістым часам, падзяліцца ідэямі. І заўсёды мы ўсё робім разам, выпрацоўваючы адзіны падыход і адзіныя ўмовы. Супрацоўнікі нашага цэнтра тонка адчуваюць і разумеюць дзяцей, умеюць аказаць ім дапамогу, навучыць неабходным навыкам.

На сённяшні дзень цэнтр — шматфункцыянальная ўстанова адукацыі. Адзін з асноўных напрамкаў работы — каардынацыя дзейнасці ў сферы спецыяльнай адукацыі. Рэгіянальнымі цэнтрамі карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі штогод актуалізуецца банк даных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У вобласці 26 869 такіх дзетак, з іх 1673 інваліды. Немалаважна тое, што 95,5% упершыню выяўленых такіх дзяцей — ранняга і дашкольнага ўзросту, што сведчыць аб свое­часова праведзенай рабоце.

Комплексны падыход

Сёння цэнтры рэгіёна займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця, дапамагаюць асаб­лівым дзецям і іх бацькам справіцца са складанасцямі, якія ўзнікаюць пры выхаванні і навучанні, вучаць прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, любіць яго і песціць, клапаціцца, даць магчымасць развівацца ў адпаведнасці з яго асаблівасцямі.

Дзякуючы функцыянаванню ЦКРНіР, за апошнія гады забяспечана рэальная даступнасць адукацыі дзецям-інвалідам з цяжкімі парушэннямі развіцця. Першыя цэнтры былі адкрыты ў вобласці ў 1995 го­дзе: Гродзенскі абласны, Слонімскі і Лідскі. З 2004 года яны ўжо былі ў кожным раёне. На сённяшні дзень у 19 ЦКРНіР ка­рэкцыйна-адукацыйнымі паслугамі ахоплена 1164 дзіцяці (з іх 524 — з інваліднасцю), у іх адкрыты 49 класаў для 247 навучэнцаў і 19 дашкольных груп для больш як 80 дзяцей, 98 дзетак займаюцца дома.

Педагогі цэнтра працуюць з рознымі катэгорыямі дзяцей. Асабліва актуальнай праблемай ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца навучанне і суправаджэнне дзяцей з аўтызмам. З кожным годам павялічваецца колькасць дзетак з такім парушэннем. Па апошніх даных, у Гродзенскай вобласці 206 дзяцей з аўтызмам, з іх 111 маюць патрэбу ў персанальным або групавым суправаджэнні. Для паспяховай адаптацыі і сацыялізацыі гэтых дзяцей уведзена 64,5 штатнай адзінкі выхавальнікаў. Дзеля аказання метадычнай дапамогі выхавальнікам, якія працуюць з дзецьмі з аўтызмам, спецыялістамі цэнтра выдадзены і распаўсюджаны ва ўстановы вобласці інфармацыйна-метадычны веснік “Планаванне і вядзенне дакументацыі выхавальніка персанальнага суправаджэння”.

Летам дзеці маюць магчымасць аздараўлівацца ў лагерах, арганізаваных на базе цэнтраў. У гэтым годзе на базе ЦКРНіР аздаравілася 67 школьнікаў. У Лідскім і Слонімскім цэнтрах былі арганізаваны дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Аказанне спецыялізаванай дапамогі забяспечваюць 340 педагагічных і 41 медыцынскі работнік. Дзякуючы зладжанай рабоце такой каманды спецыялістаў, дзеці атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу ў ЦКРНіР.

Ва ўстановах створаны камфортныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей-інвалідаў. Функцыянуюць кабінеты сацыяльна-бытавой адаптацыі, сенсорныя пакоі. Ва ўсіх ёсць транспарт для падвозу дзяцей да месца вучобы. Цэнтры актыўна развіваюцца, прыцягваюць спонсарскія сродкі для набыцця лячэбна-рэабілітацыйнага, вучэбнага, гульнявога абсталявання, мэблі, сучасных сродкаў навучання.

Увогуле сістэма спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці прадстаўлена дыферэнцыраванай сеткай устаноў. Акрамя 19 ЦКРНіР, гэта яшчэ і 8 дашкольных устаноў, дапаможныя школа і школа-інтэрнат, 3 спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты. Усё гэта спрыяе больш поўнай рэалізацыі права бацькоў на выбар формы арганізацыі адукацыі і дазваляе забяспечваць максімальны ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай усіх выяўленых дзяцей з асаблівасцямі.

Эфектыўная дапамога

— Дыягнастычны кірунак займае вядучае месца ў шматфункцыянальнай дзейнасці ЦКРНіР, — упэўнена А.А.Федарэнка. — Паспяховасць выхавання, навучання, сацыяльнай адаптацыі дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця залежыць ад правільнай ацэнкі яго магчымасцей. У кожным цэнтры вобласці ёсць псіхолага-медыка-педагагічная камісія, створаны дыягнастычныя кабінеты, абсталяваныя сучаснай тэхнікай.

Атрымаць карэкцыйна-адукацыйныя паслугі можна па месцы жыхарства. На базе ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі працуюць 546 спецыяльных і інтэграваных груп, 254 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі на базе ўстаноў да­школьнай адукацыі і 240 — на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 617 спецыяльных і інтэграваных класаў.

У 83 установах адукацыі створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе, якое дазваляе дзецям з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату хадзіць у школу або дзіцячы сад.

Пэўная адзнака арганізаванай у гэтым кірунку работы — стабільна высокі паказчык эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай дапамогі — 57,3%.

Інавацыі і праектная дзейнасць

Для павышэння кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях спецыяльнай адукацыі на Гродзеншчыне арганізавана работа 6 абласных і 9 раённых рэсурсных цэнтраў, дзейнасць эксперыментальных і інавацыйных праектаў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інклюзіўнай адукацыі асаблівых дзяцей. У абласным ЦКРНіР, сярэдніх школах

№ 3 Дзятлава і № 38 Гродна працягваецца работа па рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”.

У рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта ў дапамогу педагагічным работнікам, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інтэграцыі, спецыялістамі Гродзенскага абласнога ЦКРНіР распрацаваны і выдадзены брашуры “Парушэнне актыўнасці і ўвагі. Парады бацькам і педагогам” (метадычныя матэрыялы для педагогаў-псіхолагаў), “Прафілактыка і пераадоленне паводзінскіх парушэнняў” (для педагогаў-псіхолагаў), “Фарміраванне эмацыянальнай кампетэнтнасці педагогаў інклюзіўных класаў” (электронны адукацыйны рэсурс для настаўнікаў-дэфектолагаў), “Планаванне і вядзенне дакументацыі выхавальніка персанальнага суправаджэння ва ўстановах адукацыі” (інфармацыйна-метадычны веснік ) і інш.

У Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сістэмнай індывідуальна-арыентаванай карэкцыйна-педагагічнай работы з навучэнцамі з АПФР”, а ў ЦКРНіР Гродна і спецыяльным яслях-са­дзе Слоніма — праект “Укараненне мадэлі дзейнасці Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра ў сеткавым адукацыйным асяроддзі ў мэтах прафесійнага развіцця педагагічных кадраў”.

З мэтай аказання кансультатыўна-метадычнай дапамогі педагогам сістэмы спецыяльнай адукацыі, распаўсюджвання паспяховых педагагічных практык у ЦКРНіР вобласці працуюць сеткавыя супольнасці, праводзяцца педагагічныя кірмашы, выпускаюцца інфармацыйныя матэрыялы, кансультатыўна-метадычныя часопісы.

— Нашы педагогі — вельмі творчыя людзі, яны актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах педагагічнага майстэрства, такіх як “Лепшая ўстанова адукацыі”, “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, — падкрэсліла Алена Федарэнка. — Хочацца адзначыць, што педагогі Гродзенскай вобласці заўсёды адрозніваліся шырокім выкарыстаннем у рабоце з дзецьмі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Мы вельмі ганарымся, што Гродзеншчына — абсалютны лідар сярод пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. За перыяд існавання конкурсу больш за 60% пераможцаў у намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі” з’яўляюцца прадстаўнікамі нашай вобласці.

Эфектыўным сродкам павышэння прафесійнага ўзроўню пе­дагогаў сіс­тэмы спецыяльнай адукацыі стаў удзел у рэспубліканскіх конкурсах. Па выніках мінулагодняга VII Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” педагогі вобласці атрымалі 3 дыпломы. Дыпломам III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана настаўніца гісторыі і геаграфіі Гро­дзенскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху Ірына Віктараўна Лаўцэвіч. Пераможцам у намінацыі “Інтэрактыўныя сродкі” стала настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава Святлана Станіславаўна Духоўнік, у намінацыі “Творчасць у адукацыі” — настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 32 Гродна Яўгенія Валер’еўна Тозік.

Па выніках ХIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (2019 год) у намінацыі “Электронны вучэбны модуль для спецыяльнай адукацыі” дыпломам III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны педагогі спецыяльнага ясляў-сада Слоніма Ларыса Уладзіміраўна Ягоўдзік і Святлана Мікалаеўна Сахонь, аўтары праекта “Выкарыстанне інфармацыйна-метадычнага партала па спецыяльнай адукацыі “Спецыяльная адукацыя без меж” для павышэння якасці адукацыйнага працэсу”.

Штогод праводзяцца інклюзіўныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне талерантнасці, прымеркаваныя да навагодніх і калядных свят, міжнародных дня інвалідаў і дня абароны дзяцей, дабрачынныя акцыі “Анёл у тваім сэрцы”, “Ты ў сэрцы анёла”, “Цяпло душы”, “Падарунак сябру”.

— Мы не спыняемся ў сваім развіцці, шукаем і паспяхова выкарыстоўваем новыя формы работы з педагогамі, напрыклад у фармаце анлайн-канферэнцый, якія дазваляюць сабраць аўдыторыю з розных канцоў рэгіёна і абменьвацца педагагічным вопытам, — запэўніла дырэктар абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Гродзенскім абласным ЦКРНіР.