Асеннія букеты

Па традыцыі свята восені ў Верцялішкаўскай сярэдняй школе праводзіцца ў выглядзе конкурснай праграмы. Кожны клас рыхтуецца да гэтага дня: стварае розныя вырабы з прыроднага матэрыялу, асеннія букеты, касцюмы, а таксама прадстаўляе творчыя нумары.

На свята ў актавай зале сабраліся вучні і іх бацькі, настаўнікі. Вядучыя павіталі гасцей і ўдзельнікаў свята: “Усе работы на агародзе даўно скончыліся. Прыйшла пара ўсім нам крыху адпачыць. Раней, калі ўвесь ураджай быў убраны з палёў і агародаў, людзі ладзілі святы-вячоркі, на якіх весяліліся, спявалі, скакалі, гулялі ў розныя гульні. Вось і мы сабраліся сёння з вамі на наша свята “Залатая восень”.

І восень не прымусіла сябе доўга чакаць. На парозе актавай залы з’явілася ў вобразе Восені вучаніца 7 “Б” класа Марыя Церабілка. Восень аказалася шчодрая не толькі на садавіну і агародніну, але і на забавы. У гэты дзень некаторыя навучэнкі пабывалі ў ролі сапраўдных мадэлей, прадставіўшы на суд журы калекцыю “Асенняя мадэль — 2016”. Дзяўчынкі былі апрануты ў самаробныя сукенкі, аздобленыя восеньскім лісцем, пацеркамі з рабіны, каліны і іншымі прыроднымі матэрыяламі. Завяршэннем праграмы стаў творчы конкурс “Асенняе прывітанне”. Чым толькі не спрабавалі здзівіць удзельнікі гледачоў і журы: танцамі, сцэнкамі, тэматычнымі вершамі.

А якую фантазію, кемлівасць і творчасць праявілі навучэнцы, рыхтуючыся да конкурсаў “Лепшы асенні выраб” і “Асенні букет”! Чаго тут толькі ні было: “Туфлікі для Папялушкі”, “Партрэт”, “Сланечнікі”, “Вясёлы дворык”, “Асенні заяц”, “Папялушка”, “У краі лясным над Нёманам”, “Певень”, “Тэлефон”, “Гадзіннік”, “Караблік” і інш.

Нарэшце надышоў самы хвалюючы і доўгачаканы момант свята. Журы падлічыла вынікі ўсіх этапаў конкурснай праграмы. Першыя месцы занялі: у конкурсе вырабаў — 3 “Б” клас за кампазіцыю “Вясёлы дворык”, у конкурсе “Асенні букет” — 4 “А” за “Асеннюю рапсодыю”, у намінацыі “Асенняе прывітанне” — 6 “Б” клас. Лепшымі мадэлямі свята прызнаны Эвеліна Лукашэвіч з 1 “А” класа, Аліна Пацко з 2 “А”, Ганна Міндрык з 4 “Б”, Ксенія Абуховіч з 4 “А”, Дзіяна Карпач з 3 “А”, Алена Палоўка з 3 “Б”, Ангеліна Запаснік з 7 “А”, Марыя Церабілка з 7 “Б”, навучэнкі 7 “А” класа Кацярына Космач і Яна Маркевіч. Ва ўсіх удзельніц касцюмы атрымаліся прыгожыя і арыгінальныя.

А завяршылася свята восені ў кожным класе салодкім пачастункам.

Ганна БУЧА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Настасся СКІБІНА,
педагог-арганізатар Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *