Асеннія колеры кірмашу

- 12:04Навіны рэгіёнаў

Была субота. І з самага ранку навучэнцы сістэмы прафадукацыі не толькі пяклі бліны і частавалі наведвальнікаў асенняга кірмашу, але і запрашалі абітурыентаў і іх бацькоў азнаёміцца з тым, якія спецыяльнасці можна атрымаць і кім стаць у будучыні.

У традыцыйным кірмашы сістэмы прафадукацыі Гродзенскай вобласці “Восень-2017” прынялі ўдзел прадстаўнікі 23 навучальных устаноў.

Яшчэ да афіцыйнага пачатку работы кірмашу, старт якой дала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава, шматлікія наведвальнікі актыўна праходзілі па радах, дзе разгарнулі свае палаткі навучальныя ўстановы. Тут можна было набыць садавіну і агародніну (прычым цэны і якасць прываблівалі пакупнікоў), швейныя, сталярныя, гліняныя вырабы, зрабіць прычоску, пачаставацца смачнай выпечкай, паўдзельнічаць у майстар-класах і пагуляць у бяспройгрышную латарэю.

Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа будаўнікоў № 1 Яўген Белабокі і Навум Кавалёў атрымліваюць спецыяльнасць сталяра-станочніка і ўжо шмат што ўмеюць. На кірмашы хлопцы вучылі, як зрабіць драўляную лыжку, які матэрыял і якія інструменты для гэтага патрэбны.

Дырэктар ліцэя Алена Жалязняковіч гаворыць, што ўдзел у кірмашы дазваляе дасягнуць некалькіх мэт — правесці прафарыентацыйную работу, паказаць, якую прадукцыю вырабляюць у ліцэі, і прапанаваць яе пакупнікам. Але галоўнае тое, што навучэнцы атрымліваюць новы вопыт — прадстаўляюць сваю навучальную ўстанову, а гэта накладвае на іх адказнасць і павышае свядомасць.

На кірмаш запрасілі школьнікаў горада. Кожны ліцэй і каледж падрыхтаваў буклеты, іншую даведачную інфармацыю аб навучальных установах.

Бавіць час можна было і на пляцоўцы перад імправізаванай сцэнай, дзе выступалі творчыя калектывы прафадукацыі, а навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва прадставілі калекцыю адзення “Восень-зіма”.

Валанцёры дапамагалі пажылым гараджанам данесці пакупкі да прыпынку грамадскага транспарту.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.