Аснова для сумеснай работы

- 14:10Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

Выкананне пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2013—2016 гады стала тэмай сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі і прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза. Таксама было заключана адпаведнае пагадненне на 2016—2019 гады. Адкрыў пасяджэнне міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А.Жураўкоў.

Зберагчы кадры

Адным з асноўных у паведамленні намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка стала пытанне аб кадравым складніку галіны. Зараз ва ўстановах адукацыі краіны на ўсіх узроўнях асноўнай і дадатковай адукацыі працуюць звыш 220 тысяч педагагічных работнікаў. У 2013—2015 гадах па размеркаванні накіравана на работу больш за 15 тысяч маладых спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
— Замацаванне маладых спецыялістаў і іх сацыяльная падтрымка знаходзяцца на пастаянным кантролі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, — заўважыла Раіса Станіславаўна. — Аказваецца падтрымка гэтым спецыялістам, прычым у кожным рэгіёне — свой вопыт. У выніку цякучка кадраў сярод маладых спецыялістаў пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі не перавышае 6—8%. Але, на наш погляд, 8% — гэта ўсё ж такі дастаткова многа.
Яшчэ адзін бок кадравага пытання ў галіне тычыцца павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. І ў яго вырашэнні назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. Так, кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст” прысвоена сёння 120 педагогам (у 2013 годзе яе мелі толькі 34 чалавекі).
У той жа час неабходна працягнуць сумесную работу па павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў. З гэтай нагоды на пасяджэнні быў прыведзены ад зін прыклад. На працягу мінулага года спецыялісты галіны разам з прафсаюзам актыўна займаліся пытаннем прадастаўлення магчымасці атрымаць 2-ю кваліфікацыйную катэгорыю выхавальнікам дашкольных устаноў, якія не маюць адукацыі па профілі. Міністэрства адукацыі зрабіла ўсе неабходныя крокі ў гэтым напрамку: падрыхтаваны змяненні ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых, якія прадугледжваюць магчымасць прысваення 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі выхавальнікам без вышэйшай (сярэдняй спецыяльнай) адукацыі па профілі “Педагогіка” пры ўмове засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі па гэтым профілі (кірунак “Педагогіка дзяцінства”), распрацаваны праграмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі па скарочаным курсе .
У краіне працуе больш за 11 тысяч выхавальнікаў, якія не маюць адукацыі па профілі. Перападрыхтоўку пажадалі прайсці 1471 з іх.
— Безумоўна, прынятыя меры дазволяць дасягнуць пэўных пазітыўных зрухаў у павышэнні якасці дашкольнай адукацыі, але вынікі пакуль аптымальнымі назваць нельга, — сказала Р.С.Сідарэнка. — Гэта якраз адно з канкрэтных пытанняў, над якімі мы павінны працаваць разам: і органы кіравання адукацыяй, і прафсаюзныя камітэты на месцах. Мы цудоўна разумееем, што на ўсіх узроўнях адукацыі павінны працаваць прафесіяналы.
— У цяперашні час аснову галіновага прафсаюза складаюць больш за 600 тысяч членаў прафсаюза, — нагадаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка, — сярод якіх — работнікі ўстаноў адукацыі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, студэнцкая моладзь.
На 1 студзеня бягучага года ў галіне адукацыі кантракты заключаны з 83,2% ад колькасці працуючых. У рэгіёнах павялічваецца колькасць заключэння працоўных дагавораў на нявызначаны тэрмін з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць свае абавязкі, не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Як паказвае практыка, пытанняў па заключэнні кантрактаў не ўзнікае, пры гэтым абавязкова прымаецца да ўвагі меркаванне прафкама арганізацыі.
У 2013—2016 гадах скарачэнне колькасці работнікаў праходзіла натуральным шляхам: звальненне ў сувязі з выхадам на пенсію, па ўласным жаданні, ліквідацыя вакансій, звальненне работнікаў, якія працавалі па сумяшчальніцтве.
Што да аптымізацыі, то ў яе выніку вызвалены 3721 работнік, з якіх 111 накіраваны на перападрыхтоўку, 2805 уладкаваны ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці з планам па ўдасканаленні сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2015—2020 гады, з 2016 па 2020 год плануецца закрыць 133 установы, рэарганізаваць 166. Зразумела, у выніку вызваліцца пэўная колькасць педагагічных работнікаў.
— Неабходна падысці да іх далейшага працаўладкавання вельмі дэталёва, сістэмна, прадумана, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі.
Аляксандр Аляксандравіч Бойка заўважыў, што за тры гады прававая інспекцыя працы прафсаюза праверыла 10 570 арганізацый, у якіх было выяўлена больш за 21 тысячу парушэнняў заканадаўства аб працы. Па выніках гэтых праверак да дысцыплінарнай адказнасці было прыцягнута 98 службовых асоб, рабочым і служачым выплачана больш за 12 млрд рублёў, адноўлена на рабоце 10 чалавек, папярэджана звальненне 208 работнікаў.
За гэты ж час у арганізацыйныя структуры прафсаюза прыйшло больш за 170 тысяч зваротаў, асабіста прынята 30 тысяч членаў прафсаюза.

Бяспека фінансавая, бяспека працоўная

— Пытанні забеспячэння дастойнай заработнай платы з’яўляюцца галоўнымі ў ходзе ўзаемадзеяння прафсаюзаў з органамі ўлады ўсіх узроўняў і наймальнікаў, — адзначыў А.А.Бойка. — У справаздачны перыяд яе рост замарудзіўся.
Як лічыць старшыня галіновага прафсаюза, невысокая аплата працы работнікаў адукацыі звязана з нізкім памерам тарыфных ставак, якія вызначаюцца элементамі тарыфнай сістэмы. Для выпраўлення сітуацыі ў галіне, лічаць у прафсаюзе, неабходна павышэнне заработнай платы шляхам увядзення галіновага павышаючага каэфіцыента дзеля таго, каб давесці паказчык сярэднямесячнай зарплаты работнікаў адукацыі да рэспубліканскага паказчыка.Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Уладзімір Мікалаевіч Казаравец адзначыў:
— Асноўнае пытанне сёння — гэта паляпшэнне фінансавай забяспечанасці педагогаў, выхавальнікаў і г.д. Нагрузка вялікая, адказнасць вялікая. Вельмі хочацца, каб дастойным быў і фінансавы складнік, таму мы як прадстаўнікі парламенцкай структуры гатовы працаваць у гэтым напрамку.
Аляксандр Іванавіч Сягоднік, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы, у сваю чаргу заўважыў:
— Роля пагаднення асабліва ўзрастае, калі ёсць нейкія складанасці і цяжкасці. Сёння няпросты эканамічны час, і, напэўна, нам трэба быць больш скрупулёзнымі ў прыняцці любых рашэнняў і дакументаў. І перш за ўсё хацелася б бачыць рэзервы. На мой погляд, яны ў нас ёсць.
На думку А.І.Сягодніка, такія рэзервы — гэта работа з мясцовымі органамі ўлады, адстойванне сваіх інтарэсаў у рэспубліканскіх структурах, а таксама рэзервы ўнутры галіны. Так, ён прапанаваў педагагічным работнікам, якія вырашылі звярнуцца ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны наконт права на пенсію па выслузе гадоў, падключыць да вырашэння гэтай праблемы парламентарыяў.
— Мы гатовы ўдзельнічаць ва ўсіх добрых пачынаннях, якія ёсць у галіне, — дадаў Аляксандр Іванавіч.
У цэлым жа зараз вядзецца работа над удасканаленнем заканадаўства, якое рэгулюе асобныя сацыяльна-эканамічныя пытанні ў адукацыі. Напрыклад, падрыхтаваны праект пастановы па разліку планавага фонду заработнай платы і эканоміі сродкаў, што прадугледжаны на аплату працы.
За мінулы перыяд былі прыняты меры па павышэнні зарплаты работнікаў галіны. За 2015 год сярэднямесячная заработная плата ў адукацыі склала 4,8 млн рублёў, або 72% ад сярэдняй зарплаты ў краіне, настаўнікаў — 5,8 млн, прафесарскага-выкладчыцкага складу — 8 млн рублёў. Тэмп росту сярэдняй заработнай платы ў галіне за мінулы год быў 17,4% пры такім паказчыку па краіне — 10,3%.
Нямала ўвагі намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка ўдзяліла і правядзенню эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Сярэдняя зарплата тых, хто ўдзельнічаў у эксперыменце, павысілася ў параўнанні з сярэдняй зарплатай работнікаў галіны на 20%. А пры рэалізацыі пілотнага праекта па нарматыўным фінансаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі кіраўнікам устаноў прадастаўлена права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдаткаваных сродкаў, ажыццяўляць аптымізацыю штатнай колькасці, а вызваленыя сродкі ў межах нарматыву накіроўваць на стымуляванне працы работнікаў, удасканаленне адукацыйнага асяроддзя.
Аб тым, як праходзіў пілотны праект у мінулым годзе ў Баранавічах, расказала старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.В.Шукала.
— З’явіліся новыя магчымасці назапашвання і расходавання сэканомленых рэсурсаў на аплату працы, — заўважыла яна.
Таксама Тамара Васільеўна адзначыла, што дзякуючы прафсаюзу былі пачуты прапановы па змяненні і дапаўненні Інструкцыі аб атэстацыі педагагічных работнікаў, вернуты папярэднія водпускі і захаваны дадатковыя водпускі па кантракце ў колькасці 5 дзён работнікам устаноў дашкольнай адукацыі.
Аб рабоце педагогаў Магілёўшчыны расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама У.У.Рыжкоў (дарэчы, усе ўстановы агульнай адукацыі абласнога цэнтра сталі сёлета ўдзельнікамі пілотнага праекта па нарматыўным фінансаванні); аб жыцці маладых членаў галіновай прафсаюзнай арганізацыі — старшыня ППА Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Н.А.Барабанава. У прыватнасці, яна расказала пра тое, што 87% студэнтаў БНТУ, якім неабходна жыллё, пражываюць у інтэрнатах. Што тычыцца работнікаў адукацыйнай галіны ў цэлым, то за 2013—2015 гады свае жыллёвыя ўмовы палепшылі амаль 5 тысяч сем’яў педагогаў, работнікам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу прадастаўлялася арэнднае жыллё.
Вядома, галіновыя пагадненні адной з найважнейшых задач вылучаюць пытанні аховы працы. Так, па ініцыятыве грамадскіх інспектараў па ахове працы, толькі ў 2015 годзе на тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыю, паляпшэнне ўмоў працы, зніжэнне ўздзеяння шкодных і небяспечных фактараў было накіравана з мясцовых бюджэтаў больш за 300 млрд рублёў.
— У той жа час работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму патрабуе далейшага ўдасканалення, — заўважыла Р.С.Сідарэнка.
Гэта, безумоўна, тычыцца і педагогаў, і навучэнцаў, што заўважыў і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка. Для гэтага ў прафсаюзах і працуе галіновая тэхнічная інспекцыя, якая ўключае 8 тэхнічных і 15,5 тысячы грамадскіх інспектараў. За справаздачны перыяд яны прынялі ўд зел у расследаванні 151 няшчаснага выпадку з работнікамі галіны. Пачынаючы з 2011 года, сям’і загінуўшага на вытворчасці і двум пацярпеўшым работнікам галіны ў сувязі са стратай працаздольнасці была выплачана матэрыяльная дапамога ў памеры 235 млн рублёў.

Будучыня ў нашых руках

Зрэшты, нямала пытанняў і прапаноў па далейшым супрацоўніцтве галіны і прафсаюза, рабоце педагогаў прагучала падчас абмеркавання выступленняў. Напрыклад, па магчымым залічэнні ў рэзерв або прадастаўленні адтэрміноўкі службы ў арміі маладым педагогам сістэмы прафтэхадукацыі (пытанне застаецца на парадку дня), па аплаце працы педагогаў, якія суправаджаюць вясковых школьнікаў да месцаў вучобы (пэўныя магчымасці аплаты існуюць ужо зараз) і некаторыя іншыя.
— Я хацеў бы ўсіх нас перасцерагчы ад таго, што ў нас усё добра, — сказаў, падводзячы вынікі пасяджэння, міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Мне б хацелася, каб наш прафсаюз быў больш прынцыповы ў нейкіх момантах. У нас ёсць нямала праблем. А прафсаюзы — гэта рэальны памочнік нашай сістэмы адукацыі, у першую чаргу педагогаў. Давайце з дапамогай прафсаюзаў адстойваць гонар, годнасць нашай сістэмы, давайце падымаць прэстыж педагога.
М.А.Жураўкоў дадаў, што ў краіне няпростая эканамічная сітуацыя, але на адукацыю ўсе абяцаныя грошы выдаткаваны, асабліва ў тым, што тычыцца выплат заработнай платы.
— Трэба знаходзіць унутраныя рэзервы, — заўважыў міністр адукацыі. — Наш эксперымент па аплаце працы паказвае рэальны плён. Але давайце ісці па гэтым шляху паслядоўна, каб не загубіць добрую справу.
Адна з галоўных задач прафсаюзаў, на думку Міхаіла Анатольевіча, — гэта сацыяльная абарона супрацоўнікаў. У цэлым, па ацэнцы міністра, узаемаразуменне з прафсаюзамі ёсць.
За аснову пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады ўзяты папярэдні дакумент, які прадугледжвае забеспячэнне неабходнага ўзроўню сацыяльнай абароны членаў галіновага прафсаюза, выкананне працоўных правоў, забеспячэнне кантролю і адказнасці бакоў за яго арганізацыю і выкананне. Разам з тым у новы дакумент уключаны шэраг пазіцый, накіраваных на матывацыю прафсаюзнага членства і павышэнне статусу работнікаў галіны. Напрыклад, у плане рэкамендацый наймальнікам матэрыяльнага стымулявання лепшых работнікаў, сацыяльнай падтрымкі ветэранаў галіны і г.д.

Марына ХІДДЖАЗ.