У барысаўскай сярэдняй школе № 20 прайшло пасяджэнне рабочай групы, якая ажыццяўляе комплексны аналіз стану спраў у сістэме адукацыі нашай краіны. Чацвёртае па ліку пасяджэнне было прысвечана функцыянаванню агульнай сярэдняй адукацыі. Рабочая група працавала пад старшынствам віцэ-прэм’ера краіны А.А.Тозіка, пры ўдзеле міністра адукацыі С.А.Маскевіча.
— Сёння мы разглядаем адзін з найважнейшых узроўняў адукацыі — школу, — пачаў размову Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Яна аснова навучання і выхавання нашага маладога пакалення, і ад таго, якой школа будзе сёння, залежыць заўтрашні дзень нашай краіны.
Віцэ-прэм’ер прызнаў, што ў апошняе дзесяцігоддзе мы крыху супакоіліся, і наша школа небяспечна пачынае адставаць ад жыцця. Спробы процістаяць гэтаму і пераадолець цяжкасці звычайна зводзяцца да закручвання гаек, далейшай бюракратызацыі школы і рэгламентацыі дзейнасці кіраўнікоў устаноў і непасрэдна настаўнікаў. Сітуацыя, якая складваецца, з кожным годам ускладняецца. Школу пакідаюць таленавітыя настаўнікі, адыходзіць ініцыятыва, творчасць, і, як вынік, пачынае зніжацца якасць адукацыі.
— Мы павінны выпрацаваць такія рашэнні, якія б разняволілі школу, дазволілі б займацца непасрэдна сваім абавязкам — вучыць і выхоўваць нашых дзяцей, якія ў далейшым стануць выдатнымі спецыялістамі і забяспечаць нашай краіне вядучае месца сярод самых паспяховых краін свету, — падкрэсліў А.А.Тозік. — Некаторыя нашы рашэнні могуць быць прыняты адразу, некаторыя мы будзем разглядаць на ўзроўні ўрада, частка іх будзе вывучана ў далейшым. Нашы высновы павінны быць прадуманы і пралічаны да такой ступені, каб наступствы нашых рашэнняў у далейшым не пашкодзілі школе. У гэтай справе паспешнасць небяспечная, як і доўгія разважанні.
Віцэ-прэм’ер узняў пытанне значнасці аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, што дазваляе вызваліць істотныя фінансавыя сродкі і накіраваць іх на павышэнне заробку настаўніка. Сёння трэба перайсці на нарматыўнае фінансаванне школы, што дазволіць школе самастойна распараджацца грашыма, якія ёй належаць. Увогуле трэба прадаставіць максімальную самастойнасць школе, дзе ключавой фігурай павінна быць асоба кіраўніка, яе дырэктара.
В.А.Будкевіч, намеснік міністра адукацыі, выказаў пазіцыю галіновага міністэрства па ўзнятых праблемах. У фінансаванні школы сёння вызначаецца праблема неэфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў, што абумоўлена некаторымі фактарамі, у тым ліку працэсам аптымізацыі. Нягледзячы на скарачэнне колькасці ўстаноў адукацыі, адзначаецца невысокая напаўняльнасць класаў, непрапарцыянальны і несіметрычны працэсы аптымізацыі сеткі, нізкія суадносіны колькасці навучэнцаў на аднаго настаўніка, невысокі ўзровень заробку настаўнікаў.
Для вырашэння праблем у некаторых школах плануецца правесці эксперымент па ўкараненні мадэлі падушнага нарматыўнага фінансавання, і пасля яго правядзення ўкараніць гэтую мадэль ва ўсіх гарадскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта, безумоўна, стане стымулам для органаў кіравання адукацыяй, непасрэдна для кіраўніка ўстановы да рацыянальнага фарміравання класаў і іх гранічнай напаўняльнасці.
— Органам кіравання адукацыяй усіх узроўняў трэба правесці комплексны аналіз сеткі навучальных устаноў з улікам не толькі перспектыў развіцця рэгіёнаў, але і наяўнасці адпаведных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, і на аснове гэтага аналізу адлюстраваць перспектыву развіцця кожнай навучальнай установы, — адзначыў Васіль Антонавіч.
Удасканаленне вучэбна-метадычнага забеспячэння, фарміраванне незалежнай сістэмы якасці адукацыі, развіццё рэсурснай базы — гэта прыярытэтныя задачы, якія ўплываюць на якасць навучання, адзначалася на пасяджэнні.
Адным з важных напрамкаў у далейшым удасканаленні адукацыйнага працэсу павінна стаць увядзенне ў школе профільнага навучання. Па словах В.А.Будкевіча, у адрозненне ад профільнага навучання, якое было масавым, на гэты раз яго мяркуецца ўвесці ў школе на трэцяй ступені, у 10—11 класах, што дазволіць зрабіць яго эфектыўным сродкам дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання і якое дапаможа школьнікам у прафесійным самавызначэнні.
Р.С.Сідарэнка, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, паведаміла, што інстытут праводзіў маніторынг сярод педагагічнай грамадскасці і бацькоў па арганізацыі профільнага навучання і адборы школьнікаў у профільныя класы. Было падтрымана, што адбор школьнікаў у профільныя класы трэба ажыццяўляць на падставе сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі не ніжэй за 6 балаў і з улікам адзнак па профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў. Па профільным навучанні на трэцяй ступені НІА прапаноўвае 4 напрамкі прафілізацыі, у аснове якіх пакладзены прадметны падыход. Як прызнала Раіса Станіславаўна, на пераходным этапе ўвядзення профільнага навучання цалкам адсекчы патокі выпускнікоў базавай школы ў 10—11 класы не ўдасца, таму на працягу пераходнага этапу агульнаадукацыйныя класы захаваюцца. Дырэктар НІА звярнула ўвагу, што, перш чым пераходзіць на профільнае навучанне, кожнай навучальнай установе трэба дасканала прааналізаваць, ці могуць там быць забяспечаны ўмовы, неабходныя для профільнага навучання. У першую чаргу гэта наяўнасць высокапрафесійных педагагічных кадраў, здольных рэалізоўваць праграму профільнага навучання, сучасная вучэбна-матэрыяльная база, вучэбна-метадычнае суправаджэнне. Уся неабходная падтрымка будзе забяспечана НІА.
А.А.Тозік звярнуў увагу, што ў працэсе павышэння якасці адукацыі сёння трэба павялічыць колькасць гадзін па некаторых прадметах, у першую чаргу па фізіцы, матэматыцы. Скарачэнне гадзін прывяло да зніжэння якасці навучання, аб чым сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання.
Ф.Р.Янушэўская, настаўніца матэматыкі барысаўскай сярэдняй школы № 20, выказалася наконт таго, каб на пачатку кожнага навучальнага года некалькі гадзін было выдзелена на паўтарэнне вучэбнага матэрыялу мінулага навучальнага года. Але такія гадзіны сёння не прадугледжаны. Акрамя таго, пасля кожнай кантрольнай работы навучэнцам трэба зрабіць работу над памылкамі, але гадзін для гэтага няма. Вывучаючы па матэматыцы той жа матэрыял, як і многа гадоў назад, сёння колькасць гадзін у тыдзень скарацілася ў паўтара раза. Амаль на кожным уроку вывучаецца новая тэма і няма часу для яе засваення. За праверку сшыткаў настаўніку матэматыкі, рускай і беларускай мовы на адну стаўку аплачваюць максімум 2 гадзіны ў тыдзень. Пры гэтым атрымліваецца, што настаўнік павінен патраціць на праверку кожнага сшытка ад 25 да 45 секунд. Напэўна, лепш аплачваць гэтую работу ў залежнасці ад напаўняльнасці класа альбо перагледзець патрабаванні да праверкі сшыткаў.
— Сапраўды, ЦТ, штогадовы маніторынг якасці агульнай адукацыі пацвярджае зніжэнне якасці навучання па некаторых прадметах, — адзначыў В.А.Будкевіч. — Асноўнымі прычынамі гэтага з’яўляюцца не толькі скарачэнне гадзін па вывучэнні часткі прадметаў, але і недасканаласць навукова-метадычнага забеспячэння, вучэбна-плануючай дакументацыі, недахоп настаўнікаў па гэтых прадметах і недастаткова высокі прафесійны ўзровень тых, хто іх выкладае.
Адной з мер, якія прымае Міністэрства адукацыі па павышэнні якасці агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўляецца прыняцце пастановы аб зацвярджэнні новага тыпавога плана агульнай сярэдняй адукацыі, дзе будзе прадугледжана павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне фізікі, матэматыкі, прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла і накіраванне гэтых гадзін на замацаванне матэрыялу. Будзе развівацца сістэма знешняй незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, каб можна было параўнаць айчынную сістэму агульнай сярэдняй адукацыі з адукацыяй іншых краін.
А.А.Тозік заклапочаны тым, каб у школе паўнацэнна, у поўным аб’ёме, а не сіратліва, як сёння, вывучалася беларуская мова.
— Калі наша мова пойдзе са школы — яна пойдзе з нашай нацыі, якая ператворыцца ў насельніцтва, — адзначыў А.А.Тозік.
На гэта звяртае ўвагу і кіраўнік дзяржавы. Таму трэба вярнуць абавязковую здачу экзамену па беларускай і рускай мовах, а не на выбар, як сёння прапаноўваецца нашым школьнікам. Гэты выбар прывёў да таго, што на цэнтралізаваным тэсціраванні беларускую мову выбралі толькі 15 працэнтаў выпускнікоў школ.
— На жаль, сёння мы добраахвотна, як кажуць, па добрай волі адмаўляемся ад роднай мовы, а так можна страціць і сваю дзяржаву, сваю Радзіму, а гэтага мы дапусціць не можам, — адзначыў Анатоль Афанасьевіч. — Сітуацыя ўжо даходзіць да абсурду. Напрыклад, як можна выдаваць на рускай мове падручнікі па гісторыі Беларусі і па геаграфіі Беларусі? Трэба тэрмінова вырашыць гэтае пытанне.
— Для таго, каб змяніць сітуацыю ў гэтым кірунку, неабходна акрамя вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” забяспечыць выкладанне на беларускай мове такіх прадметаў, як “Гісторыя Беларусі”, “Геаграфія Беларусі”, і выда-ваць падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па іх толькі на беларускай мове, — адзначыў В.А. Будкевіч. — Трэба забяспечыць вывучэнне беларускай і рускай моў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў роўным аб’ёме вучэбных гадзін. Акрамя таго, павялічыць колькасць выхаваўчых, забаўляльных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў школе, на беларускай мове, а таксама развіваць беларускамоўнае асяроддзе, і перш-наперш у сям’і. Напэўна, вывучэнню роднай мовы паспрыяла б стварэнне такога асяроддзя ў дзіцячым садку. Важна ў гэтым выкарыстоўваць беларускую сімволіку, фарміраваць нацыянальную свядомасць і павагу да сваёй нацыі і дзяржавы.
— Стварэнне беларускамоўнага асяроддзя, безумоўна, паспрыяе павышэнню матывацыі ў авалодванні роднай мовай, — адзначыла Р.С.Сідарэнка. — У інстытуце створана 14 вучэбна-метадычных комплексаў па беларускай мове і літаратуры, распрацавана 45 вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па гэтых прадметах. Рэалізоўваць і пашыраць беларускамоўнае асяроддзе дапаможа арганізацыя ў школах пасляўрочнай прасторы, калі для дзяцей можна праводзіць пазакласныя мерапрыемствы на роднай мове.
На пасяджэнні было ўзнята пытанне безадзнакавага навучання ў 1 і 2 класах. Гэтае пытанне абмяркоўваецца ўжо доўгі час, але пакуль так і не прынята рашэнне, ці трэба ставіць адзнакі ў гэтых класах. Па словах Р.С.Сідарэнка, НІА праводзіў анкетаванне сярод педагогаў і бацькоў, дзе яны падтрымалі безадзнакавае навучанне ў 1-х класах. Такое навучанне зніжае ўзровень трывожнасці дзяцей, не ўплывае на іх псіхіку і стварае больш камфортныя ўмовы пры навучанні.
Настаўніца пачатковых класаў барысаўскай сярэдняй школы № 20 С.А.Бялоцкая выказала сваё меркаванне. На яе думку, сістэма безадзнакавага навучання існуе ўжо не першы год, але да гэтай пары яна недасканалая. Без выстаўлення адзнакі ў дзённік цяжка растлумачыць бацькам, на якім узроўні ведаў знаходзіцца іх дзіця. Прапанаваную сістэму ацэньвання кожны ўспрымае суб’ектыўна, што не дазваляе адназначна меркаваць аб узроўні засваення ведаў, уменняў і навыкаў малодшымі школьнікамі. Акрамя таго, пры безадзнакавым навучанні дакументацыя для вядзення настаўнікамі павялічваецца на парадак. Акрамя класнага журнала, настаўнік запаўняе і рабочыя журналы.
— Я лічу, што адсутнасць адзнакі па прадметах выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання, фізічнай культуры, музыкі зніжае ў дзіцяці імкненне прыкласці намаганні для дасягнення выніку навучання, страчваецца інтарэс да прадмета, — заявіла настаўніца. — Мэтазгодна было б выкарыстоўваць безадзнакавае навучанне толькі ў 1 класе, а з 2 класа ставіць адзнакі.
А.А.Тозік узняў яшчэ адну праблему, якая тычыцца якасці айчынных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
— Мы гэтую праблему абмяркоўваем гадамі, але ніяк не можам навесці парадак, — заявіў Анатоль Афанасьевіч. — Нашы падручнікі цяжкія для ўспрымання дзецьмі, і нават даросламу чалавеку немагчыма разабрацца ў іх навуковым змесце. І што гэта за падручнік? Чаму ён можа навучыць нашых дзяцей?
Р.С.Сідарэнка пацвердзіла, што сапраўды некаторыя падручнікі цяжкія для ўспрымання, перагружаны навуковасцю. Інстытут пастаянна займаецца гэтай праблемай і праводзіць маніторынг якасці падручнікаў, каб вызначыць недахопы ў іх змесце. За апошнія гады вопытную праверку падручнікі прайшлі ў 287 установах адукацыі, у якой удзельнічалі 757 настаўнікаў. На нацыянальным адукацыйным партале таксама арганізавана абмеркаванне вучэбнай літаратуры, дзе можна ўнесці свае прапановы і заўвагі і тым самым дапамагчы інстытуту ў вырашэнні гэтай праблемы. Прапанаваныя змены будуць уносіцца ў падручнікі, якія мяркуецца выдаваць, а да ўжо выдадзеных будуць прапанаваны метадычныя рэкамендацыі. У аснову стварэння падручніка павінны быць закладзены практыкаарыентаванасць у выкладанні матэрыялу, рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу, спрашчэнне мовы, — заўважыла Раіса Станіславаўна.
З 2008 года праводзіцца конкурс на напісанне падручнікаў, але, на жаль, жадаючых у ім паўдзельнічаць недастаткова, каб выбраць найлепшы прадукт. Мажліва, памылка яшчэ ў тым, што нашы аўтары прадстаўляюць падручнік цалкам, і калі падручнік не выйграе на конкурсе, то тая велізарная работа, якая была зроблена аўтарам, нікому не патрэбна. Магчыма, можна было б выкарыстоўваць вопыт расійскіх калег: іх аўтары прадстаўляюць на конкурс падручнікаў толькі канцэпцыю альбо некаторыя раздзелы падручніка, па якіх можна вызначыць, якім будзе ён у далейшым. Мэтазгодна было б выкарыстоўваць скразныя рабочыя групы, якія б займаліся стварэннем падручнікаў па адным прадмеце для ўсіх класаў, тым самым можна было б забяспечыць іх пераемнасць і паслядоўнасць зместу. І.В.Якіменка, дырэктар гімназіі № 3 Магілёва, выказаў меркаванне, што любыя спробы напісаць універсальны падручнік нічым не закончацца. І да гэтага не трэба імкнуцца. Сучасны настаўнік павінен больш мабільна выкарыстоўваць іншыя сродкі для навучання, у тым ліку электронныя, асабліва ў пачатковых класах, каб ажывіць працэс навучання, зрабіць яго больш прывабным для засваення ведаў. Акрамя таго, неабходна правесці экспертызу савецкіх падручнікаў на прадмет іх адаптацыі да сучасных умоў і ў далейшым іх таксама выкарыстоўваць у вучэбным працэсе. Для настаўніка-прафесіянала не павінна быць межаў у выкарыстанні ўсіх магчымых сродкаў, накіраваных на паспяховае засваенне матэрыялу яго выхаванцамі, адзначыў дырэктар.
Як падкрэсліла Р.С.Сідарэнка, сёння падручнік на папяровым носьбіце — гэта сапраўды не адзіны сродак навучання школьніка. Таму інстытут распрацоўвае электронныя адукацыйныя рэсурсы. Для гэтага створана рабочая група практыкаў, якія будуць займацца стварэннем гэтых рэсурсаў і іх апрабацыяй. Да гэтага падключаны 20 школ краіны, якія прымаюць удзел у эксперыментальнай рабоце.
Для павышэння якасці нацыянальных падручнікаў мэтазгодна распрацоўваць падручнікі для павышанага ўзроўню вывучэння вучэбных прадметаў на трэцяй ступені. Неабходна праводзіць псіхолага-педагагічныя даследаванні па стварэнні новых мадэляў падручнікаў і дапаможнікаў, уключаючы і электронныя, весці аналіз і ўлік вынікаў вопытнай праверкі падручнікаў і пры перавыданні з мэтай спрашчэння тэарэтычнага матэрыялу.
На пасяджэнні рабочай групы А.А.Тозік выказаў меркаванне аб далейшай аптымізацыі метадычнай службы ў школах, мэтазгоднасці функцыянавання рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і перадачы іх функцыі павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў педагагічным універсітэтам. Такая думка была ўспрынята неадназначна.
Г.М.Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, адзначыла, што аптымізацыя дзейнасці абласнога інстытута развіцця адукацыі, іншых метадычных службаў рэгіёна вядзецца пастаянна. Улічваючы тое, што пастановай Савета Міністраў уведзена норма аб тым, што педагагічныя работнікі павінны павышаць кваліфікацыю адзін раз у тры гады, то для Мінскай вобласці, у якой працуюць каля 30 тысяч педагагічных работнікаў, за год трэба павысіць кваліфікацыю 8 тысячам педагогаў. Але калі накіроўваць педагогаў на павышэнне кваліфікацыі ў педагагічны ўніверсітэт, то ён не справіцца з такой колькасцю настаўнікаў, якія прыбудуць туды для павышэння кваліфікацыі. Але, як адзначыў А.А.Тозік, такая сітуацыя можа атрымацца, калі мы будзем ісці класічным шляхам. У пастанове Саўміна не прапісаны пералік форм павышэння кваліфікацыі, і ў кожным рэгіёне яны могуць быць свае. Таксама трэба дазволіць настаўніку выбіраць іх самому.
Галіна Мікалаеўна пацвердзіла, што ў вобласці шукаюць новыя шляхі, як павысіць прафесійны ўзровень педагогаў. Напрыклад, мяркуецца перавесці 5 тысяч педагагічных работнікаў на дыстанцыйную форму павышэння кваліфікацыі і такім чынам сэканоміць істотныя фінансавыя сродкі. Начальнік упраўлення адукацыі падкрэсліла, што сёння мэтазгодна весці далейшую работу па аптымізацыі дзейнасці метадычных структур, але закрываць іх не рацыянальна.
— Задаючы пытанне, ці патрэбны нам сёння метадычныя службы, можна паралельна задаць пытанне, ці патрэбны нам рэспубліканскія алімпіяды па прадметах, рэспубліканскія конкурсы прафесійнага майстэрства, навуковыя даследаванні і яшчэ шэраг напрамкаў, якія ўваходзяць у функцыі дзейнасці ў тым ліку рэгіянальнага інстытута развіцця адукацыі, — адзначыла Галіна Мікалаеўна. — Напрыклад, у паспяховым выступленні нашых настаўнікаў на рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” ёсць немалая заслуга і гэтага інстытута. Ён, па сутнасці, выгадаваў пераможцу гэтага спаборніцтва Віктара Жука. Таму ў вырашэнні гэтага пытання можна перадаць функцыі іншай структуры, але ўвогуле выключыць іх немагчыма.
Сёння востра стаіць пытанне перагружанасці настаўнікаў выкананнем тых функцый, якія не адпавядаюць іх службовым абавязкам. А.А.Тозік лічыць, што неабходна неадкладна адмежаваць школу ад тых функцый, якія не маюць ніякага дачынення да адукацыйнага працэсу. Сёння школай пачынаюць камандаваць органы ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, камунальная гаспадарка, органы аховы здароўя, падатковыя службы і шэраг іншых структур, якія шлюць у школу свае ўказанні і, па сутнасці, навязваюць педагогам выконваць свае абавязкі.
— Трэба заканадаўча ўстанавіць мінімальны пералік дакументаў, якія павінны весці настаўнік, класны кіраўнік, адміністрацыя школы, — адзначыў Анатоль Афанасьевіч. — Жорстка забараніць разнарадкі зверху, якія прымушаюць педагогаў падпісвацца на газеты і часопісы, наведваць разам з вучнямі масавыя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Зняцце з урокаў дзяцей без уважлівых прычын — гэта надзвычайная сітуацыя, і рабіць гэта трэба толькі па ўзгадненні з міністрам адукацыі, нават калі гэта сельская школа.
Анатоль Афанасьевіч падкрэсліў, што трэба разгледзець і, магчыма, на заканадаўчым узроўні вызначыць механізмы ўзаемадзеяння школы і бацькоў. Сёння і нашы бацькі імкнуцца павесіць свае бацькоўскія абавязкі па наглядзе, выхаванні і навучанні сваіх дзяцей на педагогаў. Існуе ўстойлівае меркаванне сярод сучасных мам і татаў, што аб іх дзецях павінна клапаціцца толькі школа. А гэта ўжо нонсэнс.
— Сёння кожны павінен займацца сваёй справай, а не імкнуцца перадаць свае абавязкі іншаму, — адзначыў В.А.Будкевіч. — У іншых краінах такой практыкі не існуе, і настаўнік займаецца толькі адукацыяй сваіх выхаванцаў. У нас жа такая прыкрая практыка займацца настаўніку неўласцівымі яму функцыямі трывала ўкаранілася, і настолькі, што некаторыя закрываюць сваю прафесійную некампетэнтнасць, нежаданне працаваць у школе на поўную сілу нейкімі пабочнымі абавязкамі, якія не маюць ніякага дачынення да педагагічнай дзейнасці. А ўрэшце пакутуе адукацыйны працэс і непасрэдна нашы дзеці. Таму неабходна тэрмінова вырашыць гэтае пытанне.
М.Ю.Савянок, дырэктар барысаўскай сярэдняй школы № 20, выказалася, што, мажліва, з-за вялікай перагружанасці настаўнікаў цяжка ўкамплектаваць школу педагагічнымі кадрамі. Сёлета прыйшло ва ўстанову 5 маладых спецыялістаў. Некаторыя выпускнікі школы пасля заканчэння ВНУ педагагічнага профілю вяртаюцца працаваць у школу, і такіх сёння працуе ў школе 12 чалавек. Але ў апошні час вакансіі закрываюцца ўсё цяжэй. Прычыны гэтага ў падзенні прэстыжу педагагічнай працы, невысокім заробку, перагружанасці і недастатковых сацыяльных гарантыях. Дырэктар адзначыла, што пры самастойнасці фінансавання школы ёсць больш магчымасцей рэгуляваць заробак настаўніка ў залежнасці ад яго ўкладу. Але па-ранейшаму востра стаіць пытанне забяспечанасці жыллём педагогаў. Дырэктар прапанавала выкарыстаць у гэтым расійскі вопыт, калі настаўніку прадастаўляецца льготная іпатэка на будаўніцтва жылля пры ўмове, што ён будзе працаваць у сістэме адукацыі 10 гадоў. Менавіта такі варыянт не толькі б дазволіў забяспечыць педагога кватэрай, але яшчэ зматываваў бы яго працаваць у сістэме адукацыі вызначаны тэрмін.
Як адзначыў С.А.Маскевіч, асоба настаўніка павінна быць у цэнтры ўвагі. Трэба клапаціцца аб ім, ствараць самыя спрыяльныя ўмовы як у працы, так і ў жыцці. Менавіта ад яго фізічнага і псіхалагічнага стану, ад узроўню прафесіяналізму, ад жадання пастаянна самаўдасканальвацца і імкнуцца ісці наперад будзе залежаць і стан нашых дзяцей, узровень іх ведаў, а ў цэлым адукаванасць усяго нашага грамадства. Над гэтым і трэба працаваць у далейшым.
Ала КЛЮЙКО.