Астравок Германіі ў Беларусі

- 8:57Метадычная скарбонка, Педагагічная майстэрня

Для павышэння цікавасці да вывучэння замежнай мовы важна стварыць адпаведныя ўмовы. Калі чалавеку прыемна і камфортна знаходзіцца ў месцы, дзе ён працуе, то ён захоча гэтым займацца і далей. Мне ўдалося стварыць маленькі ўтульны куток — кабінет замежнай мовы, наведваючы які вучань праяўляе вялікае жаданне вывучаць мову Гётэ.

Кабінет аформлены маляўніча і ярка. Рабочыя сталы размешчаны літарай “П” — гэта спрыяе таму, што дзеці могуць лёгка ўзаемадзейнічаць. Усе матэрыялы раскладзены па тэматычных раздзелах: “Мастацкая літаратура”, “Слоўнікі”, “Пачынаем вывучаць замежную мову”, “Нашы дасягненні”, “Матэрыялы для малодшага школьніка”, “Факультатыўныя заняткі”, “Наша творчасць”, “Рыхтуемся да экзамену”, “Падрыхтоўка да алімпіяды”, “Падрыхтоўка да ЦТ” і інш. Вучні без праблем могуць сарыентавацца і знайсці для сябе патрэбны матэрыял.

Запрашаю ў маленькае падарожжа ў мой кабінет. Пачаць яго можна з аддзела матэрыялаў для малодшага школьніка. Для вучняў пачатковых класаў важна бачыць усё ў яркіх фарбах, таму ў згаданым раздзеле можна знайсці шмат займальных кніг, слоўнікаў з малюнкамі, вясёлых табліц, карт, гульняў з маляўнічымі ілюстрацыямі, якія дапамагаюць у пачатку шляху вывучэння замежнай мовы. Вельмі шмат матэрыялу для малодшых класаў распрацоўваю сама, размяшчаю яго ў скрыні, якія абклейваю каляровай паперай, і атрымліваюцца зручныя скарбонкі для назапашвання і захоўвання матэрыялу. Напрыклад, для праверкі слоў па тэме “Адзенне” ў 4 класе я распрацавала чароўныя боцікі, на якіх запісаны словы на нямецкай мове: дзеці па чарзе павінны выбраць бот, які ім спадабаўся, прачытаць правільна слова на нямецкай мове і перакласці. Тое ж самае можна рабіць і наадварот — перакладаць з беларускай мовы на нямецкую. Абавязкова распрацоўваю і збіраю ў аддзел “Дыдактычныя матэрыялы” ілюстрацыі для ўвядзення і запамінання слоў па тэмах і па класах. Так, ужо сабраны серыі ілюстрацый па тэмах “Кветкі”, “Дрэвы”, “Агародніна”, “Садавіна”, “Жывёлы”, “Школьныя прылады”, “Прадукты харчавання” і інш. Таксама распрацоўваю заданні па граматыцы. Напрыклад, для вывучэння ў 3 класе тэмы “Жывёлы” мной распрацавана заданне на суаднясенне слоў з адпаведным артыклем, словы зроблены ў выглядзе зорак, а артыклі прадстаўлены як месяцы. Канечне, гэта карпатлівая праца, па­трабуецца шмат часу для падрыхтоўкі, але зацікавіць малодшых школьнікаў інакш нельга.

Для старэйшых дзяцей, якія ўжо разумеюць, што нямецкая мова спатрэбіцца ім у будучыні і якія жадаюць вывучаць мову на больш глыбокім узроўні, ёсць магчымасць наведваць факультатыўныя заняткі. Для гэтага ў кабінеце ёсць усе неабходныя комплексы і мастацкая літаратура для розных узростаў. Асаблівую цікавасць да чытання праяўляюць вучні 6 класа на факультатыўных занятках “Практыкум па чытанні”, на якіх мы разбіраем тэксты розных жанраў. У нас ёсць маленькая бібліятэка мастацкай літаратуры, і тое, што кнігі прывезены з самой Германіі, захапляе дзяцей больш за ўсё. А галоўнае, кнігі прыгодніцкія і падыходзяць узросту школьнікаў. Калі хтосьці цікавіцца Германіяй, то ў кабінеце ёсць таксама шмат краіназнаўчага матэрыялу: геаграфічная карта, карысныя даведнікі, цікавыя часопісы, інфармацыйныя брашуркі.

Вельмі часта наш кабінет ператвараецца ў крэатыўную майстэрню, таму што важна развіваць творчыя здольнасці дзяцей. Вучні з нецярпеннем чакаюць завяршэння вывучаемай тэмы, бо ім прапаноўваюцца розныя заданні і праекты. У кабінеце ёсць цэлы раз­дзел, дзе сабраны вартыя ўвагі работы таленавітых вучняў: віншавальныя паштоўкі, малюнкі, плакаты, калажы, кнігі рэцэптаў і г.д. Некаторыя творчыя работы выстаўляюцца, астатнія я складваю ў папкі “Наша творчасць”, каб потым можна было паказаць іх іншым вучням у якасці прыкладу. Дзеці вельмі любяць рабіць калажы. Рыхтуюцца яны да гэтай работы загадзя, шукаюць выразкі з газет і часопісаў, малююць самі, пі­шуць на стыкерах выказванні, свае думкі. Потым ужо ў кабінеце разам плённа працуюць і прадстаўляюць свае работы.

У 8 класе дзецям асабліва падабаецца працаваць у гэтым напрамку па тэме “Музыка”. Я прапаную прынесці каробкі з-пад цукерак, мы іх абклейваем каляровай паперай, і кожны вучань прымацоўвае да іх лісты з інфармацыяй пра свае перавагі ў музыцы, пра свае любімыя музычныя групы, пра любімых спевакоў і спявачак — ўсё гэта яны суправаджаюць выразкамі, фотаздымкамі і г.д. Хочацца таксама адзначыць плённую працу вучняў 6 класа, якія стварылі кнігу рэцэптаў. Яна таксама зроблена з дапамогай каробкі з-пад цукерак, у якую ўклеены рознакаляровыя лісты: спачатку ідзе змест кнігі, а потым — запісаныя дзецьмі рэцэпты іх любімых страў, дапоўненыя малюнкамі, выразкамі, фотаздымкамі. Трэба адзначыць, што працэс падрыхтоўкі творчых работ складаны, але вынік, а таксама задаволеныя твары дзяцей, іх усмешкі паказваюць, што ўсё робіцца недарэмна. Доказ таго — удзел у творчым раённым конкурсе сачыненняў на тэму малой радзімы і вершаў пра Радзіму, за якія мы атрымалі дыпломы І і ІІІ ступені.

А часам наш кабінет ператвараецца ў тэатральную студыю, таму што кожны год прыхільнікі акцёрскага мастацтва ўдзельнічаюць у раённым фестывалі тэатральных пастановак на замежнай мове. Спачатку мы самі распрацоўваем сцэнарый, затым размяркоўваем ролі, рыхтуем касцюмы і дэкарацыі і плённа рэпеціруем. І заўсёды наша праца заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі. Мы маем дыплом І ступені, тры дыпломы ІІ ступені і дыплом ІІІ ступені, якія матывуюць дзяцей далей вывучаць мову і паказваюць, што пройдзены шлях зроблены недарэмна. Асаблівы поспех нам прынесла тэатральная пастаноўка “Прынцэса-нехачуха”. Сцэнарый мы распрацавалі самастойна, падабралі музычнае афармленне. Атрымалася казка, якая закранае галоўную праблему падлеткаў ў наш час — залежнасць ад інтэрнэту.

Галоўную ролю ў вывучэнні нямецкай мовы кабінет адыгрывае для выпускнікоў і вучняў, якія ўдзельніча­юць у алімпіядах, бо для іх важна працаваць з матэрыяламі, якія дапамогуць пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, выпускных экзаменаў і алімпіяд. Таму ў кабінеце ёсць напрацоўкі, якімі вучні могуць скарыстацца ў любы момант. Гэта зборнікі з неабходным граматычным матэрыялам, распрацаваныя мной сітуацыі маўлення для падрыхтоўкі да экзамену, папкі з матэрыяламі для падрыхтоўкі да алімпіяд, якія размеркаваны па класах, амаль усе зборнікі кожнага года для падрыхтоўкі да ЦТ. Работа ў гэтым напрамку вядзецца вялікая. Асабліва мы ганарымся нашай вучаніцай Вольгай  Мазговай, якая сёлета скончыла школу. Дзяўчына на працягу трох  гадоў (9—11 класы) атрымлівала дыпломы І ступені за ўдзел у раённым этапе Рэспублікан­скай алімпіяды па нямецкай мове. Яна старанна рыхтавалася да алімпіяд, пачынала працаваць яшчэ летам. Для мяне было вялікай радасцю займацца з такой вучаніцай. Мы маглі сядзець па дзве з паловай гадзіны без перапынку, маглі дыскутаваць і спрачацца, каб знайсці правільны адказ.  Таксама хочацца адзначыць вучаніцу, якая скончыла ў гэтым годзе 10 клас, — Дар’ю Мазгову. Яна атрымала дыплом ІІІ  ступені за ўдзел у раённай алімпіядзе. Дзяўчына таксама вельмі цікавіцца нямецкай мовай, наведвае профільную групу, удзельнічае ў розных конкурсах па гэтым прадмеце і збіраецца звязаць сваё жыццё з замежнымі мовамі. Дарэчы, кожны год нехта з нашых вучняў выбірае нямецкую мову для цэнтралізаванага тэсціравання і паказвае добрыя вынікі (у межах 60—90 балаў).

На гэтым мая карпатлівая работа не завяршаецца. Хачу  ўдасканаліць свой кабінет, зрабіць яго яшчэ лепшым, уклаўшы часцінку душы. І спадзяюся, ён стане для кожнага вучня “маленькай Германіяй”.

Святлана МІХАЛЕВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы Альгомельскага ясляў-сада — сярэдняй школы.