У мінскім гарадскім конкурсе “Лепшая ўстанова адукацыі 2015 года” пераможцам стаў калектыў ясляў-сада № 138. Педагогі выступілі з праектам, прысвечаным стварэнню ва ўстанове дашкольнай адукацыі здароўезберагальнага і развіццёвага асяроддзя. Загадчык сада Аксана Станіславаўна Ярмашук расказала аб значэнні развіццёвага асяроддзя для малышоў і аб сучасных падыходах да яго стварэння.
З дызайнерскім падыходам
— Чаму мы зрабілі акцэнт менавіта на гэтай тэме? — разважае Аксана Станіславаўна. — А таму, што эфектыўнасць адукацыйнага працэсу ў многім залежыць ад таго, наколькі камфортна малышам у садзе, з якімі цацкамі яны гуляюць, па якіх дапаможніках займаюцца. Нагадаю, што наша ўстанова месціцца ў мікрараёне-новабудоўлі Дамброўка. Саду пяць гадоў. І адным з першачарговых нашых клопатаў стала належная арганізацыя прадметна-развіццёвага і гульнявога асяроддзя для дзяцей.
Падчас сёлетняга гарадскога конкурсу мы прадэманстравалі відэаролік, які можна лічыць візіткай установы, абаранілі адукацыйны праект, правялі на базе сада семінар для педагагічных работнікаў. Удзельнікі семінара і члены журы конкурсу наведалі адкрытыя заняткі нашых выхавальнікаў.
Выступаючы перад гасцямі, я сказала, што, для таго каб у нашай педагагічнай рабоце былі пэўныя вынікі, не трэба баяцца новаўвядзенняў і эксперыментаў, выхавальнікі павінны прымяняць сучасныя методыкі і тэхналогіі, ствараць паўнацэннае развіццёвае асяроддзе. Але якім бы дарагім і разнастайным ні было асяроддзе, роля педагога — кампетэнтнага, добразычлівага — заўсёды будзе галоўнай пры знаёмстве дзяцей з навакольным светам.
Сёння ў распараджэнні педагогаў і выхаванцаў ясляў-сада № 138 фізкультурная, трэнажорная і музычныя залы, кабінет дадатковых адукацыйных паслуг, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, дзіцячая бібліятэка. Акрамя таго, 12 групавых пакояў, цэнтр эксперыментальнай дзейнасці, сенсорны цэнтр, экалагічны хол і цэнтр беларускай культуры і побыту.
Пры стварэнні і абсталяванні развіццёвага асяроддзя ва ўстанове былі выкарыстаны ўсе холы, калідоры, лесвічныя пралёты, светлыя пераходы, нават столь і падлога будынка. Займаючыся афармленнем, педагогі зыходзілі з прынцыпу: кожны квадратны сантыметр памяшкання павінен быць выкарыстаны для развіцця дашкольнікаў. Нават карцінкі на сценах павінны быць не проста ўпрыгажэннем, а спрыяць пазнавальнаму развіццю малышоў. Малюнкі на бакавых лесвіцах, напрыклад, знаёмяць дашкалят з порамі года. На прыступках, па якіх яны штодня ходзяць, рознакаляровымі фарбамі нанесены лічбы, а таксама літары і назвы дзён тыдня. У адным з калідораў на сцяне малюнак кветкавай паляны. Разглядаючы выявы кветак, выхаванцы знаёмяцца з рознымі колерамі, з паняццямі “велічыня” і “форма”.
У холе першага паверха ў нас знаходзіцца “Беларускі дворык” з прадметамі беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Афармляючы дворык, мы стараліся спалучыць народнае мастацтва з тэндэнцыямі сучаснага дызайну. У залежнасці ад сезона або тэмы заняткаў, якія праводзяцца тут, мяняецца яго антураж. Пры рабоце з дзецьмі ў гэтым цудоўным куточку педагогі часта выкарыстоўваюць мультымедыйныя прэзентацыі: “Прырода Беларусі”, “Мой любімы горад Мінск”, “Жыхары “Краіны дзяцінства”. Па ходзе заняткаў яны ўключаюць запісы гукаў прыроды, сучаснага горада.
Калідор першага паверха таксама не пустуе. На яго падлогу нанесена дарожная разметка “праезнай часткі”. Побач на сцяне ўсталяваны сапраўдны святлафор, які кожную хвіліну пераключае святло, — то зялёнае, то жоўтае, то чырвонае. Дзеці робяць выбар самі: быць ім сёння вадзіцелямі вялікіх цацачных машын, пешаходамі ці рэгуліроўшчыкамі. У працэсе гульні выхаванцы вывучаюць правілы дарожнага руху.
Каб наблізіць малышоў да свету прыроды, мы стварылі экалагічную пляцоўку (у холе другога паверха), дзе можна пачуць цурчанне вады, паназіраць за рыбкамі ў акварыуме, за ростам і цвіценнем пакаёвых раслін. У холе трэцяга паверха сада знаходзіцца сенсорны цэнтр — “цэнтр адзіноты” — месца для адпачынку і рэлаксацыі. Яго вельмі любяць дзеці. Педагогі распрацавалі рэкамендацыі па выкарыстанні дыдактычных дапаможнікаў і развіццёвых матэрыялаў, якія ёсць у сенсорным цэнтры.
Прадугледжана ва ўстанове і яшчэ адна зона рэлаксацыі, аформленая ў выглядзе шатра, яна знаходзіцца ў кабінеце педагога-псіхолага. Побач з ёй — цэнтр вады і пяску. Тут дзеці гуляюць з рознымі невялікімі па памерах цацкамі, а таксама з прыроднымі і сыпкімі матэрыяламі.
Прастора ў пакоях груп падзелена на зоны. У пакоях шмат цацак, ёсць дыдактычны матэрыял, разнастайныя гульні. Дзеці добра ведаюць, што дзе знаходзіцца, дзе можна ўзяць паперу для малявання, алоўкі, настольную гульню, неабходны прыродны матэрыял. Традыцыйным і нетрадыцыйным фізкультурным абсталяваннем аснашчаны цэнтры рухальнай актыўнасці. Ёсць у кожнай групе і невялікія экалагічныя куточкі — фітамодулі з пакаёвых раслін.
Мэбля і абсталяванне размешчаны так, што кожны выхаванец можа знайсці сабе зручнае і камфортнае месца для заняткаў, даволі аддаленае ад іншых дзяцей і выхавальнікаў, якое дае пэўную свабоду. Некаторыя дзеці, наадварот, імкнуцца да ўзаемадзеяння з сябрамі і педагогам. Для іх таксама знойдзецца куточак, які ў поўнай меры забяспечыць і адпачынак, і зносіны. Мэблю, якую мы набылі ў групы (канапкі, пуфікі, мяккія модулі), вельмі лёгка перамяшчаць і кампанаваць.
— А вось дзіцячая бібліятэка — гэта наш гонар, — падкрэсліла Аксана Станіславаўна. — Малышам вельмі падабаецца гартаць вялікія яркія кнігі з малюнкамі, седзячы на дыване або на канапе побач з акварыумам. Яны любяць слухаць казкі, якія чытаюць выхавальнікі. Падчас акцыі “Падары кнігу дзецям” шмат новых кніг нам падарылі бацькі.
Зразумела, што нашы супрацоўнікі клапоцяцца не толькі аб маральным і духоўным развіцці выхаванцаў, але і аб іх фізічным здароўі. Каб на тэрыторыю сада менш пранікала пылу, на вуліцы ўздоўж агароджы мы зрабілі вертыкальнае азеляненне. Растуць у нас іглічныя дрэвы: блакітныя елкі, туі. Ёсць кветкавыя клумбы. Расліны паглынаюць шкодныя гарадскія выкіды. Дарэчы, па традыцыі кожны год выпускнікі сада саджаюць на памяць якое-небудзь дрэва. За пяць гадоў з’явілася нават алея з туй, пасаджаных нашымі выпускнікамі. А на цэнтральнай клумбе па ініцыятыве педагогаў стварылі міні-вадаём. Побач з ім размясцілі скульптуры чарапах, жаб, пеліканаў, качак. На тэрыторыі сада можна ўбачыць кампазіцыю “пчальнік з вуллямі” і мядзведзя, які затаіўся побач.
Дадатковыя паслугі для ўсёй сям’і
— Развіццёвае асяроддзе ясляў-сада № 138 дапамагае паўнацэнна аказваць дадатковыя адукацыйныя паслугі. Для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў у нас функцыянуе “матчына школа”, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ларыса Уладзіміраўна Кубарская. — Бацькі могуць знаходзіцца тут побач са сваімі малышамі. Сярод кірункаў работы школы сенсорнае развіццё дзяцей, пазнанне навакольнага свету, развіццё маўлення, навучанне выяўленчай дзейнасці, музычнае і фізічнае развіццё дзяцей, ранняе навучанне плаванню, а таксама псіхолага-педагагічнае кансультаванне бацькоў па пытаннях выхавання, навучання і развіцця іх малышоў.
З маленькімі наведвальнікамі школы займаюцца выхавальнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг, настаўнікі-дэфектолагі, музычныя кіраўнікі. Яны ствараюць спрыяльныя ўмовы для паступовага “адрыву” дзяцей ад бацькоў, хутчэйшай адаптацыі малышоў да ўмоў дашкольнай установы. Заняткі праводзяцца на працягу ўсяго навучальнага года па падгрупах 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны. Як паказвае практыка, дзеці, якія наведваюць “матчыну школу”, да дзіцячага сада адаптуюцца лёгка і хутка.
Яшчэ адзін кірунак дзейнасці “матчынай школы” — кансультаванне бацькоў ва “ўніверсітэце псіхолага-педагагічных ведаў”, які створаны ў садзе. Акрамя кансультацый па запытах бацькоў педагогі раздаюць ім буклеты, часопіс “Краіна дзяцінства”, які выходзіць у садзе. Ёсць ва ўстанове відэасалон, відэатэка, якая пастаянна папаўняецца новымі ролікамі і мультымедыйнымі прэзентацыямі. Відэасюжэты вучаць бацькоў аб’ектыўна ацэньваць свае ўзаемаадносіны з дзіцем. Таты і мамы на прыкладзе іншых сем’яў бачаць сябе збоку. Пры неабходнасці бацькі запісваюць увесь кансультацыйны і відэаматэрыял на электронныя носьбіты.
Адным з важных кірункаў дзейнасці школы з’яўляецца педагагічны патранаж. Ён уяўляе сабой сістэму педагагічнага абслугоўвання дома дзяцей ад нараджэння да трох гадоў і іх сем’яў, якое праводзіцца па запытах бацькоў па выбранай імі тэме або праблеме. Патранаж часцей за ўсё ажыццяўляюць педагог-псіхолаг, выхавальнік і медсястра.
У мінулым навучальным годзе ў садзе была адкрыта група кароткачасовага знаходжання “Разам з мамай” для дзяцей з АПФР ва ўзросце да трох гадоў. Гэтая група сумеснага знаходжання дзяцей з бацькамі створана з мэтай лепшай адаптацыі асаблівых выхаванцаў да сацыяльнага асяроддзя. У далейшым яны паступяць у спецыяльныя дзіцячыя сады або інтэграваныя групы, а заняткі са спецыялістамі дапамогуць ім лягчэй прызвычаіцца да новых умоў.
Група функцыянуе на працягу ўсяго навучальнага года 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны на бясплатнай аснове для дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне нашай установы. Сюды гатовы прымаць розных дзяцей. Сярод наведвальнікаў групы ёсць дзеці з ДЦП, сіндромам Рэта. Для іх ва ўстанове прадугледжана безбар’ернае асяроддзе: пандус, спецыяльна абсталяваны пакой гігіены, шырокія калідоры і прасторныя холы.
Планаванне і правядзенне заняткаў у групе “Разам з мамай” арганізоўваецца на падставе заключэння ЦКРНіР і згодна з адпаведнымі праграмамі і рэкамендацыямі па арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з АПФР. Спецыялісты займаюцца развіццём іх маўлення, выяўленчых і музычных здольнасцей, даюць фізічную падрыхтоўку. Бацькі з ахвотай дапамагаюць малышам выконваць заданні педагогаў. Пры неабходнасці спецыялісты кансультуюць і іх па пытаннях выхавання, навучання і развіцця дзяцей ранняга ўзросту з парушэннямі ў развіцці.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.