Аўтарскі падыход плюс электронныя сродкі ў фарміраванні грамадзянскасці

- 16:50Рознае, Сродкі навучання

Выхаванне ў кожным дзіцяці чалавечнасці, дабрыні, грамадзянскасці — прыярытэт для педагогаў, якія працуюць у рэжыме Рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”. Выніковасць інавацыйнай дзейнасці сярэдніх школ №№ 34 і 43 Магілёва, сярэдняй школы № 10 Бабруйска Магілёўскай вобласці, Паплаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці была прадэманстравана падчас навучальных курсаў (тэматычнага семінара).

Семінар праводзіўся на базе Паплаўскага ВПК з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні на аснове ўкаранення аўтарскіх электронных сродкаў навучання ў рамках арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Месца правядзення семінара было абрана невыпадкова. Наша ўстанова адукацыі ўпершыню адкрыла свае дзверы для вучняў у 1939 годзе. Дзесяцігоддзямі ў ім складвалася атмасфера, у якой добрыя пачынанні заўсёды станавіліся добрымі традыцыямі. Залог цяперашніх творчых поспехаў калектыву — гэта сінтэз традыцый і інавацый. Па выніках работы за 2013 год установа прызнана найлепшай арганізацыяй сацыяльна-культурнай сферы Бярэзіншчыны і занесена на раённую Дошку гонару.
У рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці ВПК занята 60% педагагічнага калектыву. Паспяхова вырашана задача асваення кожным педагогам-наватарам спецыяльных інструментальных праграм (Auto Run Pro Enterprise II, Auto Play Media Studio 8, Microsoft Front Page), распрацавана 18 электронных сродкаў навучання. На аснове распрацовак створана медыятэка аўтарскіх электронных сродкаў навучання па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў.

Для ўдзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія па ўстанове, выстава аўтарскіх электронных сродкаў навучання. Госці пазнаёміліся з сістэмай дыстанцыйнага навучання, зместам сайта ўстановы, электроннымі сэрвісамі “Электронны часопіс” і “Электронны дзённік”. Паплаўскі ВПК прадставіў абагульнены вопыт інавацыйнай дзейнасці 11 удзельнікаў інавацыйнай групы ўстановы ў фармаце прэзентацыі аўтарскіх ЭСН (электронных сродкаў навучання), арыентаваных як на педагагічных работнікаў, так і на навучэнцаў усіх прыступак навучання. Гэта даведачна-інфармацыйныя дыскі “Культурна-гістарычная спадчына Бярэзіншчыны” (распрацаваны дырэктарам установы Віталем Мікалаевічам Дудко) і “Гісторыя школы” намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Мікалаеўны Ганчук, вучэбна-метадычныя дыскі “Завочная экскурсія па замках Беларусі” настаўніцы інфарматыкі Людмілы Мікалаеўны Ермаковіч, “Зямля пад белымі крыламі” настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Пятроўны Запрудскай, “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне малодшых школьнікаў у пазакласнай рабоце” настаўніцы пачатковых класаў Ніны Сцяпанаўны Абрамовіч, “Сваю дарагую Радзіму, як родную маці, люблю” настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Эдуардаўны Красоўскай, “Я люблю Беларусь” намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алены Уладзіміраўны Жаўняровіч, “Мы — беларусы!” настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Анатольеўны Пянкрат (па тэкстах твораў былога настаўніка музыкі школы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рыгора Канстанцінавіча Ігнаценкі), “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на ўроках матэматыкі” Ларысы Міхайлаўны Шалупенка, “Духоўная культура Беларусі” настаўніцы працоўнага навучання Алены Уладзіміраўны Саскавец, інфармацыйна-метадычны дыск “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на ўроках рускай мовы” Стэлы Аляксандраўны Касцюковай.

Канструктыўны і дзелавы тон рабоце пленарнага пасяджэння задало выступленне прарэктара па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, старшыні Беларускага педагагічнага грамадства, доктара педагагічных навук Галіны Іванаўны Нікалаенка.
Вялікую цікавасць удзельнікаў семінара выклікалі выступленні прадстаўнікоў інавацыйнай групы сярэдняй школы № 34 Магілёва (намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце і аўтараў інавацыйных праектаў “Аўтарскія электронныя сродкі навучання ў кантэксце сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў” Галіны Мікалаеўны Бяляевай і “Інтэрнэт-праекты як сродак рэалізацыі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у межах грамадзянска-патрыятычнага выхавання” Іны Анатольеўны Скобелевай).
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 43 Магілёва Таццяна Віктараўна Драздова прадставіла канцэптуальныя падыходы да арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове, распрацоўкі і апрабацыі аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Творчыя педагогі школы пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара са зместам і магчымасцямі наступных аўтарскіх ЭСН настаўнікаў пачатковых класаў: “Электронны трэнажор па прадмеце “Чалавек і свет” у 4 класе” Святланы Уладзіміраўны Ганчаровай, “Птушкі роднага краю” Антаніны Нілаўны Чарнегінай, “Беларускія народныя святы і традыцыі” Алены Іванаўны Цітаевай.
У якасці найважнейшага сродку павышэння якасці адукацыі разглядаюць інавацыйную дзейнасць педагогі сярэдняй школы № 10 Бабруйска. У гэтым пераканала ўдзельнікаў семінара намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Мікалаеўна Шаціла. Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Міхаілам Аляксандравічам Кунцэвічам быў прадстаўлены вопыт выкарыстання ЭСН “Славутыя бабруйчане” для павышэння краязнаўчай кампетэнцыі навучэнцаў.

Вопытам навукова-метадычнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падзялілася метадыст аддзела педагагічных інавацый і перадавога педагагічнага вопыту Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Пятроўна Доўгая.
Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала выступленне навуковага кансультанта рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі, намесніка дэкана па навуковай рабоце факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя А.А.Куляшова, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Алены Аляксандраўны Башаркінай. Алена Аляксандраўна адзначыла высокую выніковасць інавацыйнай дзейнасці педагагічных работнікаў чатырох устаноў адукацыі, патрэбу адукацыйнай сістэмы школы ў абнаўленні і здольнасці да самаабнаўлення.

Прэзентацыя вынікаў інавацыйнай дзейнасці ў межах навучальных курсаў (тэматычнага семінара) выклікала жывую цікавасць у яго ўдзельнікаў. А ці магло быць інакш, бо кожны ЭСН — гэта вынік карпатлівай працы педагагічных работнікаў, публікацыя найбольш эфектыўных і правераных на практыцы форм арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

 

Віталь ДУДКО,
дырэктар Паплаўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”.
Фота Алены ЖАЎНЯРОВІЧ.