Аўтарскі YouTube-канал для педагогаў і бацькоў

Кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 273 Мінска Наталля Эдуардаўна Уласенка — кандыдат педагагічных навук з 25-гадовым стажам — у сакавіку 2018 года адкрыла на YouTube адукацыйны відэаблог “Фізкультура для дашкольнікаў”, які адрасавала педагогам і бацькам. Наталля Эдуардаўна — аўтар 8 метадычных дапаможнікаў, больш як 150 публікацый, выкладае тэорыю і методыку фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму пры БДУФК. Педагог актыўна дзеліцца сваім эфектыўным вопытам падчас лекцый, практычных заняткаў і майстар-класаў, праз персанальны сайт, а зараз яшчэ і праз уласны YouTube-канал.

У аўтарскім відэаблогу Наталля Эдуардаўна Уласенка размяшчае відэаматэрыялы фізкультурных мерапрыемстваў, якія праводзіць з дзецьмі ад 2 да 7 гадоў: заняткі фізкультурай і дзіцячым фітнесам, самыя розныя комплексы практыкаванняў з дашкольнікамі ўсіх узростаў, арганізаваныя святы і цікавы адпачынак.

“Я заўсёды супрацоўнічала з бацькамі выхаванцаў, пастаянна запрашала іх на фізкультурныя заняткі і спартыўныя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў садзе, — расказала Наталля Эдуардаўна. — Але аднойчы зразумела, што гэтага недастаткова, каб прадэманстраваць бацькам увесь аб’ём таго, чаму вучацца іх дзеці. У мяне з’явілася ідэя здымаць відэасюжэты, якія не проста з’яўляліся б справаздачай аб рабоце кіраўніка фізвыхавання, але і падказалі бацькам, як лепш арганізаваць вольны час дзяцей з карысцю для здароўя. Напрыклад, навучыць малых хадзіць на лыжах, гуляць у хакей. Разумела, што відэафрагменты з удзелам дзяцей патрэбны і спецыялістам у сферы фізвыхавання дашкольнікаў, выхавальнікам і метадыстам дашкольнай адукацыі. У відэасюжэтах яны ўбачаць усю спецыфіку фізкультурнай работы ў садзе — нюансы, пра якія немагчыма прачытаць у кнігах”.

Сёння ў відэаскарбонцы Наталлі Эдуардаўны 28 ролікаў з удзелам выхаванцаў ясляў, другой малодшай, сярэдняй і старшай груп. У раздзеле відэаблога “Фізкультура летам” можна пазнаёміцца з сюжэтамі “Паласа перашкод для дзяцей 4—5 гадоў”, “Танцавальныя гульні з дзецьмі 3—5 і 5—7 гадоў”, “Катаемся на двухколавых веласіпедах. Для дзяцей 4—6 гадоў”, “Гульні і практыкаванні з самакатамі для дзяцей 4—6 гадоў”.

Педагог дае карысныя парады па прафілактыцы парушэння паставы ў выхаванцаў 5—7 гадоў, у прыватнасці, рэкамендуе практыкаванні з гімнастычным кіем. Для фарміравання правільнай паставы Наталля Эдуардаўна прапануе таксама праводзіць з дашкольнікамі 4—5 гадоў гімнастыку з набіўным мяшэчкам. А з мэтай прафілактыкі плоскаступнёвасці ў малышоў 2—3 гадоў кіраўнік фізвыхавання рэкамендуе заняткі “Здаровыя ножкі”, якія таксама можна ўбачыць у аўтарскім відэаблогу педагога. Ёсць там і танцавальныя гульні, конкурсы і спаборніцтвы да Дня абароны дзяцей, спартыўнае свята да 23 лютага з удзелам татаў, зімовыя забавы на вуліцы з дзецьмі сярэдняй групы, тэматычныя заняткі “Рознакаляровыя колцы”, “Дружныя пары”, “Хакеісты”, “Вандроўка ў лес”. Педагог вучыць дзяцей скачкам з разбегу, як правільна круціць абруч. Вялікую ўвагу Наталля Эдуардаўна ўдзяляе дзіцячаму фітнесу: відэаролікі “Планета фітнес”, “Юныя ратавальнікі”, “Заняткі з фітболамі, дзіцячы фітнес, фітбол-гімнастыка “Паскакунчыкі”. Фітнес як від фізічных нагрузак уваходзіць у пералік дадатковых адукацыйных паслуг, прапанаваных Міністэрствам адукацыі. Для спецыялістаў у рамках павышэння кваліфікацыі Наталля Эдуардаўна праводзіць аўтарскія курсы па дзіцячым фітнесе.

Сёння ў дашкольнікаў папулярныя гімнастыка і аэробіка: “Стэп-аэробіка і сілавыя практыкаванні на стэпах”, “Аэробіка і практыкаванні на трапнасць з мячом”, “Аэробіка і практыкаванні ў раўнавазе на кубах”, “Вясёлая гімнастыка” для дзяцей 2—3 гадоў, “Практыкаванні з гімнастычным ролікам” (з выкарыстаннем трэнажора “Ролер”).

Змест відэасюжэтаў адпавядае праграме дашкольнай адукацыі, тэорыі і методыцы фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту.

“У арганізацыі здымак мне дапамагаюць педагогі ясляў-сада № 273 Мінска, — расказала Наталля Эдуардаўна. — У тым ліку і дачка Дар’я Уласенка, малады спецыяліст, якая працуе ў садзе выхавальнікам. Яна адказвае за тэхнічны бок справы: здымае, робіць мантаж, музычнае афармленне, спецэфекты і г.д. Здымкі вядуцца непасрэдна падчас фізкультурных заняткаў, якія доўжацца 25—30 хвілін. Але максімальная працягласць ролікаў 4—7 хвілін (для дэманстрацыі асобных комплексаў практыкаванняў і гульняў) і 10 хвілін, каб паказаць адны тэматычныя заняткі.

Адно з правіл YouTube: пры здымках відэаролікаў не павінны парушацца правы дзяцей, іх удзел у гэтым працэсе толькі на добраахвотнай аснове і са згоды бацькоў. А яны поўнасцю падтрымалі і натхнілі сваіх дзяцей на ўдзел у відэасюжэтах. У малышоў загараюцца вочы, як толькі на іх наводзяць камеру, яны вельмі старанна выконваюць усе практыкаванні, быццам бы адчуваюць сябе галоўнымі героямі прыгодніцкага фільма. Для таго каб YouTube-канал працаваў эфектыўна, каб пашыралася яго аўдыторыя, аўтару неабходна пастаянна дадаваць у плэйліст новыя відэа. Аптымальным, на мой погляд, з’яўляецца выпуск аднаго роліка ў тыдзень. У канала ўжо ёсць рэйтынг і свае гледачы, якія рэкамендуюць яго іншым людзям. Адзін з самых важных паказчыкаў — колькасць падпісчыкаў, якіх на сёння ў канала амаль 600 — гэта бацькі выхаванцаў і педагогі з Беларусі, Расіі, Украіны і нават далёкага замежжа”.

Са сваім YouTube-відэаблогам “Фізкультура для дашкольнікаў” Наталля Эдуардаўна знаёміць калег на курсах павышэння кваліфікацыі, рэкламуе яго праз сацыяльныя сеткі і персанальны сайт. Напрыканцы кожнага відэароліка даецца спасылка на матэрыялы сайта, дзе размешчана метадычнае суправаджэнне відэаканала, у тым ліку канспекты заняткаў да кожнага відэа. Адзін клік — і ўсе неабходныя матэрыялы будуць у педагогаў.

У наступным годзе Наталля Эдуардаўна плануе правесці маніторынг выніковасці свайго відэаканала, каб даведацца, наколькі размешчаныя там матэрыялы дапамагаюць калегам пры падрыхтоўцы да заняткаў, а бацькам — у арганізацыі адпачынку дзяцей. Наталля Эдуардаўна збіраецца выдаць метадычны дапаможнік да аўтарскага відэаблога і аформіць творчы праект.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *