У чацвер у сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” стартаваў адукацыйны праект “Школа прадпрымальніцтва для моладзі. Вучэбная бізнес-кампанія”. Ініцыятарамі пілотнага праекта па выяўленні прадпрымальнай моладзі і стварэнні ва ўстановах адукацыі школьных бізнес-кампаній выступіла адміністрацыя Цэнтральнага раёна горада сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У форуме прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДУ, а таксама бізнесу.
Як расказала куратар праекта начальнік Цэнтра развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва БДУ Любоў Шумская, сваіх навучэнцаў — школьнікаў Цэнтральнага раёна і педагогаў, якія будуць куратарамі вучэбных бізнес-кампаній, — школа прадпрымальніцтва будзе вучыць на базе эканамічнага факультэта БДУ. З кастрычніка па красавік слухачы будуць асвойваць азы прадпрымальніцтва, а ў канцы курса ў фармаце стартапаў будуць абараняць свае праекты, каб затым арганізоўваць у сваіх школах фірмы па ўсіх правілах бізнесу. Новы адукацыйны праект “Школа прадпрымальніцтва для моладзі. Вучэбная бізнес-кампанія” фактычна стаў пашырэннем сферы дзейнасці Цэнтра развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва пры эканамічным факультэце БДУ.
Як падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі, праект разлічаны пакуль што на год, але накіраваны на перспектыву: “Фарміруюцца новыя падыходы ў стратэгіі эканамічнага развіцця, сацыяльнай палітыкі. Для гэтага неабходны не толькі веды, трэба валодаць пэўнымі псіхалагічнымі якасцямі, пачатковымі навыкамі, імкненнем да самаразвіцця — усё гэта закладваецца яшчэ ў школе. Таму для нас праект важны ў плане развіцця эканомікі раёна, горада, краіны ў цэлым. Гэта доўгатэрміновая перспектыва, задача на развіццё не толькі эканомікі, але і жыцця грамадства”.
На форуме быў падпісаны пратакол, згодна з якім на базе эканамічнага факультэта БДУ і буйных сталічных фірм будуць праводзіцца заняткі па прадпрымальніцтве для груп навучэнцаў і педагогаў Цэнтральнага раёна. У межах школы прадпрымальніцтва таксама будуць арганізоўвацца выставы дзіцячых стартапаў і адсочвацца іх рэалізацыя.
У рамках форуму былі прадстаўлены лепшыя ідэі і праекты школьнага бізнесу ў стадыі распрацоўкі і рэалізацыі. Дзяўчынкі прадэманстравалі прадукцыю сваіх творчых майстэрняў: мяккія цацкі, букеты з цукерак, дамашні тэкстыль, вырабы з саломы, керамікі, лямцу, экасумкі, жаночыя аксесуары. Хлопчыкі ж больш засяродзіліся на мабільных распрацоўках. Навучэнцы гімназіі № 36 стварылі інтэрактыўны гід па мінскім парку Перамогі на некалькіх мовах, а сярэдняя школа № 95 прадставіла мабільны дадатак для турыстаў “Беларусь-365” — адукацыйную платформу, прысвечаную гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі.
Былі прадстаўлены і аўтарскія вынаходкі, якія ўжо прымяняюцца на практыцы. Навучэнцы сярэдняй школы № 35 імя Героя Савецкага Саюза Д.Азізава яшчэ тры гады назад стварылі і за гэты час удасканалілі аўтамат падачы званкоў, які ў 6 разоў таннейшы, чым заводскі аналаг, і пры гэтым больш функцыянальны. Прыбор выкарыстоўваецца ў трох школах Мінска.
Міхаіл Жырко, шасцікласнік гімназіі № 29, прадставіў свой вымяральнік тэмпературы і вільготнасці. Зручнасць гэтай вынаходкі ў тым, што датчык можа знаходзіцца на вуліцы, а кораб з платай і LCD-экранам, на які выводзяцца паказанні, — перад карыстальнікам у памяшканні.
Мэта гімназіі № 16 — палепшыць здароўе сваіх навучэнцаў. Так, чацвёртакласніца Насця Высоцкая разам са сваёй мамай прапанавала здаровыя перакусы на перапынках. У межах праекта ў гімназічнай сталовай хутка заменяць бутэрброды, булачкі і шакаладныя батончыкі на снэкі з насення льну з дабаўкамі — яблыкам і карыцай, чырвонымі парэчкамі, какосам, таматамі. Навукова-даследчая праца Насці заняла 1-е месца на гарадскім конкурсе па здаровым ладзе жыцця. Цяпер застанецца палепшыць здароўе гімназістаў на практыцы, тым больш што гэта будзе вельмі танна для іх кашалькоў. Кілаграм льнянога насення кашту екрыху больш за 1 беларускі рубель, расійскі аналаг вагой 150 грам — больш за 6 рублёў. Ды і аналагам яго складана назваць: і па смаку, і па выглядзе ён значна ўступае гімназічным снэкам.
Удзельнікі форуму — педагогі і навучэнцы — разлічваюць на тое, што школа прадпрымальніцтва дапаможа ім навучыцца эканамічна правільна будаваць бізнес, сфармулюе практычныя навыкі, прафесійныя і асобасныя якасці і кампетэнцыі. Асноўным вынікам праекта павінна стаць і створаная нарматыўна-прававая база для школьнага бізнесу.
“Адна з задач праекта — распрацаваць базу дакументаў, якія рэгламентуюць дадзеную дзейнасць, — адзначыў Ігар Бузоўскі. — Мы спадзяёмся, што педагогі — удзельнікі праекта змогуць згенерыраваць ідэі і прапанаваць, як іх рэалізаваць, бо, калі ініцыятыва ідзе з месцаў, непасрэдна ад зацікаўленых, гэта прыносіць больш карысці”.
Гаворачы пра патэнцыял школьнага бізнесу, Ігар Іванавіч адзначыў: “У першую чаргу гэта сфера паслуг, пачынаючы ад выпечкі і прафесійных напрацовак па кераміцы, арыгамі і інш. да інтэлектуальнай творчасці. За крэатыўны падыход па піяр-суправаджэнні той ці іншай ідэі кампаніі плацяць каласальныя сумы, а тут у школьнікаў такія ідэі, якія нам, дарослым, могуць і ў галаву не прыйсці. Калі раскруцім іх, дадзім школьнікам магчымасць самарэалізавацца і прапанаваць свае крэатыўныя паслугі на рынку не толькі на ўзроўні школьнага бізнес-інкубатара, але і на ўзроўні бізнесу — гэта мае сур’ёзныя перспектывы”.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, выступаючы на форуме перад аўдыторыяй, адзначыў не столькі практычныя складнікі, колькі іншую, на яго погляд, больш важную задачу праекта — развіваць прадпрымальнасць. “Гэта не толькі здольнасць рэалізоўваць ідэю. Гэта яшчэ і здольнасць яе генерыраваць, афармляць. Прадпрымальнасць як лад жыцця, мыслення неабавязкова рэалізоўваецца ў выглядзе канкрэтных бізнес-праектаў. Яна рухае чалавекам у яго развіцці, стымулюючы развіццё ўсяго грамадства. Эканоміка — гэта перш за ўсё чалавек. А паспяховая эканоміка — гэта паспяховы чалавек. Таму я сёння галасую за гэты праект і за паспяховых і прадпрымальных беларусаў”, — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.