Бачыць прыгажосць вакол сябе

— Часам мы не заўважаем прыгажосці, сярод якой жывём, — гаворыць педагог дадатковай адукацыі В.А.Грыб з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца. — Жывапіс нагадвае нам пра гэта. Кожны мастак-пейзажыст, адлюстроўваючы ў карціне ўласныя адносіны да прыроды, запрашае гледачоў больш уважліва прыгледзецца да яе і атрымаць ад гэтага эстэтычную асалоду. Прыгожыя пейзажы заварожваюць і напаўняюць душу захапленнем і радасцю.

Нядаўна ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца адбылося чарговае пасяджэнне школы маладога педагога дадатковай адукацыі, у рамках якога В.А.Грыб правяла майстар-клас па маляванні на тэму “Родныя прасторы”.

— Пейзаж выконваўся ў змешанай тэхніцы малявання, — расказвае В.А.Грыб. — Задача майстар-класа — сфарміраваць навыкі работы з акварэллю, выкарыстоўваючы розныя мастацкія прыёмы, развіваць творчыя здольнасці і ўменне бачыць прыгажосць роднай прыроды, вучыць складаць гарманічную колеравую кампазіцыю. Майстар-клас наведалі не толькі маладыя педагогі дадатковай адукацыі, але і больш вопытныя калегі.

Усе малюнкі педагогі выконвалі самастойна. У сваіх работах яны адлюстроўвалі розныя эмоцыі, вучыліся захапляцца прыгажосцю родных краявідаў. Трэба адзначыць, што малюнкі атрымаліся даволі цікавымі і арыгінальнымі нават у тых, у каго няма асаблівага мастакоўскага таленту.

— Выкарыстанне розных метадаў, прыёмаў і тэхналогій павышае эфектыўнасць вучэбных заняткаў, узровень ведаў і навыкаў дзяцей, — адзначае В.А.Грыб. — Мастацкія работы, створаныя пад кіраўніцтвам педагогаў, могуць стаць цудоўным падарункам родным і блізкім, выкарыстоўвацца для афармлення інтэр’ера памяшкання ці ўпрыгожыць любую выставу. Хочацца спадзявацца, што майстар-клас дапаможа педагогам па-новаму зірнуць на прыгажосць навакольнага свету і далучыць да яе сваіх выхаванцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.