Бадзёрыя старты

- 11:04Спартыўныя падзеі

28 студзеня на стадыёне сярэдняй школы № 86 Мінска адбыўся раённы спартыўны фестываль “Старт чыстых сэрцаў”. У ім прынялі ўдзел навучэнцы 9 школ, гімназій Партызанскага раёна сталіцы і Ліцэя МУС.

А дкрыццё дзіцячых стартаў было дапоўнена відовішчнымі выступленнямі факіра, клоўнаў. З віншаваннямі і пажаданнямі ўдалых стартаў і бадзёрага зімовага настрою да моладзі звярнуліся прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Партызанскага раёна, дырэктар місіі “Чыстыя сэрцы” ксёндз Юрый Іосіфавіч Санько, знакамітыя спартсмены — беларуская гімнастка чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Наркевіч, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Рыме па веславанні на каноэ заслужаны трэнер БССР Сяргей Лаўрэнцьевіч Макаранка.

Спартыўныя старты — гэта трывалая раённая традыцыя, якая доўжыцца не адзін год. Зімовы фестываль, які раней праводзіўся пад назвай “Зімушка-зіма”, на працягу ўжо 10 гадоў збірае навучэнцаў школ. Два гады назад дзякуючы ініцыятыве дырэктара маладзёжнай дабрачыннай місіі “Чыстае сэрца” ксяндза Юрыя Санько свята ператварылася ў “Старты чыстых сэрцаў”.

— Усё пачыналася з простай лыжнай гонкі, якую праводзілі з мэтай арганізаваць вольны час цяжкім падлеткам. Мерапрыемства перарасло ў вялікае свята, дзе мы ўжо не раздзяляем дзяцей — яны ўсе для нас важныя. Хочам аднаго: каб школьнікі адчулі неабходнасць і карысць заняткаў спортам на свежым паветры. Гэтага не хапае сучасным дзецям, — адзначыў Юрый Іосіфавіч.

Сёлетнія спаборніцтвы прайшлі ў фармаце асобных першынстваў. Хлопцы і дзяўчаты спаборнічалі ў перацягванні каната, бегалі на лыжах, прабівалі мячом пенальці і спрабавалі забіць шайбу ў вароты, паказвалі парнае катанне на санках, вызначалі самага меткага падчас гульні ў дартс. Конкурсы падбіраюцца з улікам узросту школьнікаў: эстафеты на санках — для навучэнцаў 5—6 класа, лыжныя гонкі — для 7—8-класнікаў, старшакласнікі перацягвалі канат.

Пераможцы ў асобных першынствах атрымалі 31 камплект медалёў. У камандным заліку 1-е месца заняла зборная гімназіі № 7, 2-е — навучэнцы 182-й школы, на трэцяй прыступцы апынуліся гаспадары спаборніцтва — зборная 86-й школы. Каманды атрымалі ганаровыя кубкі і граматы.

Дарэчы, спорт спортам, а пачастункі ніхто не адмяняў: для гасцей і актыўных удзельнікаў стартаў кухары школьнай сталовай згатавалі сытны абед. За духмянай ячнай кашай з мясам і гарачым чаем са свежай выпечкай у лічаныя хвіліны выстраілася доўгая чарга.

— Штогод праводзім гэтае мерапрыемства на базе школы № 86, таму што вялікі стадыён установы і гасціннасць адміністрацыі падыходзяць да гэтага ідэальна. Заўсёды стараемся, каб гэта былі не толькі спартыўныя спаборніцтвы, але і вялікае свята для ўдзельнікаў і гасцей, — расказала начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Партызанскага раёна Людміла Філіповіч. — Мы падключылі да арганізацыі свята і нашы раённыя цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Арганізатарам спартыўнай часткі мерапрыемства традыцыйна выступае фізкультурны цэнтр дзяцей і моладзі. “Чыстыя сэрцы” на чале з Юрыем Іосіфавічам Санько прадастаўляюць фестывальныя прызы і медалі. Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” бярэ на сябе арганізацыю відовішчных пляцовак. Напрыклад, у гэтым годзе для гледачоў працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі аб’яднанняў па інтарэсах “Вольныя стралкі”, тэатральная студыя “Варгін”, вулічны тэатр “Майстэрня ўражанняў”, дзе можна пастраляць з сапраўднага лука, размаляваць і ўпрыгожыць снегавіка, пагуляць у разнастайныя зімовыя забавы і інш. Яркія выступленні на адкрыцці і закрыцці мерапрыемства — таксама заслуга цэнтра. Агульнымі намаганнямі атрымліваецца вельмі відовішчнае спартыўнае свята для дзяцей. А дзецям падабаецца і сябе паказаць, і пагутарыць адно з адным, пазнаёміцца з аднагодкамі. Таму тут, у здаровай атмасферы спорту, часта ўзнікаюць новыя сяброўствы.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.