Барысаўскі “МультыФокус”

- 12:10Культура

Не сакрэт, што анімацыя — адзін з найбольш любімых жанраў у дзяцей. Таму, калі бацькі прапаноўваюць ім пазаймацца ў мультыплікацыйнай студыі, яны з радасцю пагаджаюцца. Кожнаму хочацца не толькі даведацца, як ствараецца мульцік, але і самому паспрабаваць зняць яго. Калі да дзяцей прыходзіць разуменне, што гэта не такая простая справа, як здаецца на першы погляд, некаторыя з іх кідаюць такія гурткі. Але гэтага нельга сказаць пра выхаванцаў дзіцячай студыі анімацыі “МультыФокус” Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Барысава, бо яе кіраўнік Вікторыя Юр’еўна МІРОЧНІК дакладна ведае, як захапіць кожнае дзіця анімацыйнай справай.

Спачатку была тэатральная дзейнасць

Вельмі часта, калі ў дзяцінстве чалавек актыўна займаецца творчай дзейнасцю, то і, стаўшы дарослым, не пакідае яе. Так адбылося і з Вікторыяй Мірочнік. Пакуль вучылася ў сярэдняй школе № 24 Барысава з эстэтычным ухілам, займалася ў тэатральнай студыі пад кіраўніцтвам педагога Людмілы Сцяпанаўны Крыніцкай, удзельнічала ў школьных пастаноўках, прычым даволі паспяхова. Так, за ролю Кацярынкі ў спектаклі “На другi Дзень Сёмухi” яна атрымала дыплом за лепшую жаночую ролю. “Заняткі ў школьнай тэатральнай студыі былі настолькі яркімі, захапляючымі, цікавымі і важнымі для мяне, што нават паўплывалі на мой далейшы выбары прафесіі. З удзячнасцю прыгадваю ўрокі па акцёрскім майстэрстве і рэпетыцыі спектакляў”, — расказала Вікторыя Юр’еўна.

Пасля заканчэння школы ў 1995 годзе пытання, куды паступаць, не стаяла, бо В.Мірочнік дакладна ведала, што хоча выступаць на сцэне. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Акцёр драматычнага тэатра і кіно”, дзе займалася ў выдатных рэжысёраў — педагогаў Рыгора Іванавіча Баравіка і Мадэста Мадэставіча Абрамава. Яна добра паказала сябе ў дыпломных спектаклях “Бяда ад далікатнага сэрца” паводле У.Салагуба (роля Мар’і Пятроўны Баяркінай), “Васа Жалязнова” па М.Горкім (роля дачкі Васы — Людмілы Жалязновай), і ў 2000 годзе яе запрасілі ў Мінскі абласны драматычны тэатр, што ў Маладзечне. Там яна паспяхова выступала як у дарослых, так і ў дзіцячых спектаклях.

Але праз некаторы час па сямейных абставінах прыйшлося пераехаць у Барысаў. “Пасля завяршэння работы ў прафесійным тэатры хацелася працягнуць займацца любімай справай, аднак адсутнасць у горадзе прафесійнага тэатра адыграла значную, але станоўчую ролю ў маім далейшым жыцці. І сёння я рада, што ўжо больш за 15 гадоў працую педагогам і пагружана ў творчы свет дзіцячых фантазій і прыгод”, — адзначыла кіраўнік “МультыФокуса”.

Праўда, з тэатральнай дзейнасцю наша гераіня не рассталася. З 2005 па 2012 год была кіраўніком, рэжысёрам і педагогам тэатральнага калектыву “Страказа” ў роднай 24-й школе. За 7 гадоў разам са сваімі выхаванцамі яна паставіла шмат спектакляў, некаторыя з якіх станавіліся дыпламантамі і прызёрамі розных тэатральных конкурсаў і фестываляў. Так, у 2006 годзе на гарадскім фестывалі “Званочкі Мельпамены” спектакль “Проста Мяфа” быў адзначаны дыпломам “За лепшую сцэнаграфію”, у 2009 годзе на тэатральным фестывалі “Тэатральны марафон” “Страказа” атрымала грамату за творчы эксперымент у стварэнні мюзікла “Што такое Кукарамба?” па творы Астрыд Ліндгрэн “Пэпі Доўгаяпанчоха” і інш. У 2010—2012 гадах калектыў актыўна выступаў на сцэнічных пляцоўках Барысава.

Асноўны напрамак дзейнасці мультстудыі — стварэнне кароткаметражных мультфільмаў метадам пакадравай здымкі з прымяненнем лічбавых тэхналогій у розных тэхніках.

Навучыўся сам — навучы іншых

Праз некаторы час Вікторыя Юр’еўна захапілася мультыплікацыяй разам са сваёй дачкой Настассяй, якая здымала свае першыя мультфільмы дома на самаробным ручным мультыплікацыйным станку. Дарэчы, некаторыя з іх сталі прызёрамі абласных конкурсаў, а адзін мультфільм — нават прызёрам міжнароднага фестывалю ў “Артэку”, і Насця была ўзнагароджана пуцёўкай у МДЦ “Артэк”. Сёння дзяўчына з’яўляецца студэнткай 1-га курса Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута кіно і тэлебачання. “Мультыплікацыя вельмі захапіла ўсю нашу сям’ю, і мы пачалі тварыць. А творчым людзям звычайна да ўсяго ёсць справа і ўсё хочацца паспрабаваць. Вось так і ўзнікла думка: навучыўся сам — навучы іншых!” — расказала педагог.

У 2016 годзе В.Мірочнік стала выхавальнікам дашкольнай адукацыі і кіраўніком дзіцячай студыі анімацыі “МультыФокус” у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава. “Назва студыі адлюстроўвае нашу анімацыйную творчасць, у выніку якой нібыта адбываецца мультыплікацыйны фокус. Калі, здавалася б, з простых малюнкаў і нескладанай гісторыі раптам атрымліваюцца чараўніцтва, фокус і на экране ажываюць анімацыйныя героі, якія пачынаюць размаўляць, рухацца і жыць сваім мультыплікацыйным жыццём. Вось такой захапляючай, цікавай, але вельмі няпростай справе — стварэнню анімацыйнага фільма — і вучацца нашы выхаванцы”, — патлумачыла кіраўнік студыі.

У студыі “МультыФокус” займаюцца выхаванцы сярэдніх, старшых груп цэнтра і вучні 1-х класаў гімназіі № 3 Барысава. “Работа з дзецьмі дашкольнага ўзросту вельмі разнастайная, бо, ствараючы свой уласны або калектыўны мультфільм, дзіця пагружаецца ў свет бязмежнай фантазіі, дзе становіцца аўтарам і сцэнарыстам усяго таго, што адбываецца на экране, і аніматарам, які ажыўляе герояў у кадры, і нават акцёрам, агучваючы персанажаў і надзяляючы іх характарам. Дзіця — і мастак, і аператар у творчым працэсе стварэння нават невялікага мультфільма, што дае яму магчымасць максімальна раскрыць свае здольнасці і пазнаёміцца з рознымі творчымі прафесіямі, — адзначыла Вікторыя Юр’еўна. — Самае выдатнае, што дзіця можа ўбачыць завершаны мультфільм, а значыць, увасабленне сваіх фантазій на экране, а таксама ацаніць свой ці калектыўны анімацыйны твор, адчуць радасць і задавальненне ад праведзенай работы”.

Працэс стварэння мультфільма з дашкольнікамі даволі складаны і працаёмкі, але вельмі займальны як для дзяцей, так і для педагога. “Гісторыі для сваіх мультфільмаў часта бяром з падгледжанага і падслуханага насычанага, непасрэднага, шчырага дзіцячага жыцця. Таксама чытаем казкі, прытчы, невялікія апавяданні, у якіх ёсць і героі, і падзея, і павучальны сэнс”, — падкрэсліла Вікторыя Юр’еўна.

Алгарытм стварэння анімацыйнага фільма выглядае так: спачатку прыдумляецца гісторыя, пішацца сцэнарый, затым выбіраецца лакацыя, дзе будзе адбывацца дзеянне, ствараюцца неабходныя сюжэтныя фоны і анімацыйныя героі, пасля адбываюцца здымкі і мантаж мультфільма, яго агучванне і накладанне музычнага афармлення і ў канцы — дэманстрацыя гатовай стужкі. У рабоце над стварэннем мультфільма В.Мірочнік выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі, здымаючы свае стужкі ў мультыплікацыйнай студыі, якая абсталявана спецыяльнымі камерай, святлом для здымак, мікрафонам для аўдыязапісаў, камп’ютарнымі праграмамі для мантажу, што дазваляюць ствараць мультыплікацыю.

“Пакуль працуем з выхаванцамі ў даступнай для іх узросту тэхніцы анімацыі — маляванай (плоскаснай) перакладцы, але спрабуем у гэтым годзе і аб’ёмную анімацыю. Здымаем свае мультфільмы пакадрава. Зараз у нас у рабоце некалькі анімацыйных праектаў: “Мультфільм пра Нязнайку” ў аб’ёмнай пластылінавай анімацыі і “Кніга прытч” у маляванай перакладцы. Навагоднія святы — самыя любімыя і доўгачаканыя для ўсіх дзетак, і нашы юныя мультыплікатары рыхтуюць навагоднюю мультыпаштоўку з ажыўшымі снегавічкамі і сімвалам надыходзячага года — Быком, праўда, у нас гэта будзе Кароўка Мурка”, — з усмешкай дадала педагог.

Перакладная анімацыя — найстарэйшы від анімацыі, сутнасць якога ў тым, што намаляваны на кардоне або паперы персанаж або аб’ект разразаецца на асобныя кавалачкі (напрыклад, галава, рукі, ногі, тулава), якія пасля перасоўваюцца (перакладаюцца) ад кадра да кадра, дзякуючы чаму мастак-аніматар можа ажывіць персанаж. Адсюль і назва — перакладка. Дарэчы, адным з самых яркіх прыкладаў перакладной анімацыі можна смела назваць мультфільм “Вожык у тумане” рэжысёра Юрыя Нарштэйна.

Варта адзначыць, што работы выхаванцаў студыі “МультыФокус” пастаянна становяцца прызёрамі розных творчых спаборніцтваў. Толькі ў 2020 годзе яны паказалі сябе на 11 форумах і сталі пераможцамі на Міжнародным дзіцячым фестывалі кінапрытч “Мы самі здымаем кіно” (Масква), занялі 1-я месцы на Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай маладзёжнай творчасці “Кубак Беларусі” (Мінск), Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай маладзёжнай творчасці і педагагічных інавацый “Кубак Расіі” (Масква) і Дзіцячым мультыплікацыйным фестывалі-конкурсе “Сюрпрыз” (Луганск), а на Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” (Магілёў) атрымалі дыплом “Самаму юнаму стваральніку анімацыйнага фільма” і г.д.

Хоць анімацыйныя фільмы дзіцячай студыі пакарылі многія міжнародныя фестывалі і конкурсы, аднак, па словах яе кіраўніка, хацелася б прадставіць іх на міжнародных дзіцячых форумах Еўропы і Азіі. “Там вельмі адметны фармат правядзення такіх фестываляў і конкурсаў, — адзначыла В.Мірочнік. — Думаю, што дэманстрацыя нашых дзіцячых мультфільмаў на іх магла б стаць штуршком для творчага развіцця студыі”.

Мультыплікацыя і самарэалізацыя

У Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава быў рэалізаваны педагагічны праект “Развіццё творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай мультыплікацыі”. З 2018 па 2020 год юныя мультыплікатары знялі такія фільмы, як “Прыліпчывы Тэлевізар”, “Пажар” па матывах С.Маршака, “Краўчыха”, і даследча-анімацыйную работу “Трохвуголка Напалеона”.

“Самая дарагая ўзнагарода для мяне як кіраўніка студыі — гэта шчаслівыя, радасныя, натхнёныя вочы маіх выхаванцаў пасля ўдалай работы. І канечне, матывацыяй, стымулам для нашага далейшага творчага развіцця з’яляюцца ўзнагароды, якія пацвярджаюць, што мы рухаемся ў правільным кірунку і што наша дзейнасць прыносіць задавальненне не толькі нам, — прызналася В.Мірочнік. — Увогуле нашы творчыя планы самыя грандыёзныя і амбіцыйныя. Канечне, хацелася б завяршыць распачатыя ў гэтым годзе анімацыйныя працы, магчыма, адкрыць для сябе і выхаванцаў новыя тэхнікі анімацыі і стварыць цікавы, зняты дзецьмі, поўнаметражны мультфільм”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва В.Ю.Мірочнік.