“Батлейка” запрасіла на прэм’еру…

- 16:35Культура

Ці ведаеце вы, што такое батлейка? З такім пытаннем звярнулася да вучняў настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска Вольга Уладзіміраўна Урбан. На жаль, правільных адказаў было няшмат.

“Вельмі шкада, што страчана такая адметная культурная традыцыя нашага народа, як батлеечны тэатр, — разважала настаўніца ў час падрыхтоўкі да раённага этапу Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. — Мы павінны ведаць і шанаваць традыцыі нашых продкаў, якія ўмелі не толькі працаваць, але і адпачы­ваць — ад смутку і нуды іх ратаваў батлеечны тэатр”. Таму для ўдзелу ў гэтым конкурсе была абрана намінацыя “Захаванне традыцый: беларуская батлейка”.

І праца закіпела… Удзел у стварэнні батлеечнага тэатра прымалі не толькі вучні Вольгі Уладзіміраўны — чацвёрта­класнікі, але і іх бацькі. Працавалі разам і дзеці, і дарослыя. Змайстравалі скрыню для батлейкі, зрабілі лялек, напісалі тэкст дзеі. А каб дзецям было зразумела, што яны робяць, настаўніца шмат расказвала ім пра гісторыю батлейкі, дэманстравала відэазапісы батлеечных выступленняў. І як жа мяняліся твары вучняў, калі яны бралі ў рукі лялечных персанажаў, рухалі імі ў скрыні і агучвалі сваіх герояў!

Дзея, якую рыхтавалі да паказу, была названа “Як Чорт хацеў у беларусаў мову скрасці”. Гэтая п’еса, як і прэм’ера “Батлейкі”, была прымеркавана да Дня роднай мовы. Дэбютнае выступленне лялечнага тэатра праходзіла ў фае школы, дзе сабралася шмат гледачоў, каб не толькі пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі, але і даведацца, як некалі забаўляліся нашы продкі.

Вучні 4 “Б” класа пачалі расказ­ваць пра батлейку, яе аздабленне, а затым адчынілі скрыню, дзе пачалася дзея. Пад прыгожую беларускую мелодыю з’явіліся анёлы, затым Мова, Беларусы — як сімвалы дабрыні. Але ж, як і традыцыйныя батлеечныя сюжэты, не абышлася п’еса без злых сіл. З’явіўся Чорт, які не толькі хацеў забраць сабе беларускую мову, але і пасмяшыў гледачоў.

Галоўная ж ідэя гэтага сюжэта — данесці да гледачоў думку, што беларуская мова — гэта сімвал краіны, твар народа, нацыянальная годнасць кожнага беларуса.

Прэм’ера батлейкі адбылася, глядацкія апладысменты захапілі батлеечнікаў, таму мы спадзяёмся, што гэта толькі пачатак і нараджэнне новай школьнай традыцыі.

Алена СЛЯМНЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска.